Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямён Печанко: “Чаму ў нашым войску служаць хворыя?”


Сямён Печанко
Сямён Печанко

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня — Сямён Печанко. Яму 28 гадоў, скончыў Гарадзенскі аграрны ўнівэрсытэт. Служыў у радыётэхнічным палку ў Наваградку. Тады ж даслаў у “Нашу Ніву” ліст са сваімі ўражаньнямі ад войска.

А напачатку 2005-га пачаў друкаваць у газэце артыкулы, прысьвечаныя сучаснай нацянальнай арміі. З год таму яны ўвайшлі ў кнігу “У беларускім войску: падарунак прызыўніку”. Тады ж ён стаў ляўрэатам прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў “Вольнае слова”. Сёньня Сямён Печанко разважае над тым, чаму ў войску служаць хворыя?

— Гісторыя з апошнім прызывам, калі ў войска патрапілі маладыя апазыцыйныя палітыкі, зьвяртае на сябе ўвагу і тым, што двое з трох маладзёнаў патрапілі ў войска хворымі. Прыклад Хведарука, якога чакае апэрацыя, гаворыць сам за сябе. Адсюль паўстае пытаньне: а ці толькі палітычных бяруць у войска хворымі?

Падзялюся ўласным досьведам.

Разам са мной служылі тры хлопцы. У аднаго было скрыўленьне хрыбетніка, заўважнае няўзброеным вокам. Другі перад войскам пасьпеў патрапіць пад кропельніцу пасьля моцнага перапою, а такія факты міма нарколяга не праходзяць. У войску ён хваравіта сумаваў па сьпіртному. Трэці на першай унутранай камісіі, што адбывалася на трэці дзень нашага знаходжаньня ў войску, моцна напалохаў і мэдыкаў, і камандзіраў — на ягоным целе налічылі больш за сотню раўнюткіх і тонкіх шнараў, зробленых, як выглядала, лязом. Пасьля праверкі ў Навінках яго вярнулі да нас служыць, але пэўны час не давяралі зброю.

Чаму такі кантынгент трапляе служыць, сказаць цяжка. Але можна выказаць здагадку — недабор прызыўнікоў. Неабходнасьць выкананьня пляну штурхае прызыўныя камісіі ісьці на такія крокі. Часьцей за ўсё пад раздачу трапляюць тыя маладыя людзі, чыё паходжаньне і сацыяльны статус дазваляе спадзявацца — яны ня будуць шукаць праўды. Прынамсі ў маім выпадку так было.

Таму, думаю, можна казаць, што выпадкі, калі ў войска трапляюць людзі з праблемамі са здароўем, не адзінкавыя. Прыклад Хведарука і Вячоркі, магчыма, толькі агаліў праблему.

На маю думку, гаворкі пра тое, што хлопцы прыкрываліся сваімі балячкамі, каб не ісьці ў войска, ня слушныя. Ён, гэты вопыт, будзе карысны для простых маладых людзей, якія маюць праблемы са здароўем. Але могуць патрапіць пры гэтым у войска.

Цяпер у іх зьявіўся добры прыклад, як трэба адстойваць свае правы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG