Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадзяваньні на дармавое малако


Урад Беларусі пастанавіў зьменшыць у сярэднім на дзесяць працэнтаў закупныя цэны на малако. Так спадзяюцца забясьпечыць яго далейшы экспарт прынамсі ў Расею. Вытворцы кажуць, што ў такіх умовах будуць працаваць задарма.

Пра тое, што закупныя цэны на малако сталі на дзесяць працэнтаў менш, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў Магілёўшчыны яшчэ не паведамлялі.

“Гэта незразумелая й непрымальная для нас пастанова. Мы будзем працаваць толькі на тое, каб напаіць некага малаком і ўсё”, – такой была іх рэакцыя на навіну.

“Калі мы вырабляем круглы год трыццаць тон малака ў суткі, то канечне можна было пагадзіцца. Аднак калі б нас шкадавалі абслугоўваючыя арганізацыі. Запчасткі, паліва змазачныя матэрыялы, рамонты ўсе, тэхабслугоўваньне. Усё дужа дарагое. Нельга сёньня крыўдзіць селяніна”, – зазначае кіраўнік сельгаспрадпрыемства з Гораччыны.

Пра дарагоўлю кажа й старшыня дрыбінскага сельгаспрадпрыемства. Закупныя цэны можна зьнізіць, аднак пры некалькіх умовах, цьвердзіць ён:

“Калі перапрацоўнікі зьменшаць свае цэны на прадукцыю, якая рэалізуецца ў крамах. Няхай зьменшаць цэны на паліва, на запасныя часткі. Тады пытаньняў няма. Але калі цэны застануцца тымі ж на паліва, запасныя часткі й на другія рэчы тады зь любога боку як ні глядзі нам ужо...”

Неспадзяванак пра зьніжэньне для сельскіх гаспадарак цэнаў на паліва й запасныя часткі ад ураду няма.

Новыя цэны на малако ўрад Беларусі ўвёў сваёй пастановай ад дзявятага студзеня. “Што сталася нагодай для гэтага?” – з такім пытаньнем мы зьвярнуліся ў Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня:

“З кан’юнктурай зьнешняга рынку. Абстаноўка зьмянілася – цэны ўпалі экспартныя, таму зьніжаем закупныя”, – тлумачыць супрацоўніца міністэрства.

Паводле яе, апошні раз закупныя цэны ў бок павышэньня мянялі ў жніўні. Цяпер яны паменелі ў сярэднім на дзесяць працэнтаў. Так, цану на малако “Экстра” з 910 рублёў за кіляграм зьнізілі да 820, а вышэйшага гатунку з 725 да 650 рублёў.

Вядома, што ў 2008 годзе экспарт беларускай малочнай прадукцыі ў краіны Эўразьвязу зьменшыўся больш як на трыццаць працэнтаў. У асноўным праз падзеньне паставак сухога малака.

Амаль дзевяноста працэнтаў малочнай прадукцыі ідзе ў Расею. Туды, паводле афіцыйнай інфармацыі, аб’ёмы паставак павялічыліся на пяць працэнтаў. Менавіта каб падтрымаць беларускіх вытворцаў на расейскім рынку ўрад і прыняў сваю пастанову. Чыноўнікі спадзяюцца, што зьніжэньне закупных цэнаў зьменшыць страты перапрацоўчых прадпрыемстваў пры экспарце малочнай прадукцыі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, для беларускіх спажыўцоў цэны на малочную прадукцыю застануцца ранейшымі.

Незалежны эканаміст Пётар Мігурскі зазначае, што сельская гаспадарка даўно ўжо стала ў Беларусі пляцоўкай для правядзеньня сумнеўных экспэрымэнтаў. Эканаміст лічыць:

“Рэгуляваць можна на ўзроўні перапрацоўкі. Калі ўжо ўрад узяўся за рэгуляваньне сьвятога, закупных цэнаў, ды яшчэ ў бок зьмяншэньня, значыць справы ў нашай дзяржаве, мякка кажучы, дужа й дужа беспэрспэктыўныя. Што ў прынцыпе паказвае на жыцьцяздольнасьць беларускай эканамічнай мадэлі на ўзроўні сельскагаспадарчай вытворчасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG