Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра дэвальвацыю, крэдыт і “брудныя ідэі” апазыцыі


Сёньня Аляксандар Лукашэнка наведаў вытворчае аб’яднаньне “Лідсельмаш”. Для візыту выбрана адно з найбольш пасьпяховых прадпрыемстваў галіны: як сьцьвярджаюць афіцыйныя крыніцы, на тле сусьветнага крызісу лідзкае прадпрыемства застаецца рэдкім узорам эканамічнай стабільнасьці: тэмпы росту вытворчасьці там летась склалі ў параўнаньні з папярэднім годам 139%.

У часе наведваньня “Лідсельмашу” Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што сельскагаспадарчае машынабудаваньне застанецца ў прывілеяваным становішчы:

“У вас пэрспэктыва добрая. Таму ні ў якім выпадку нельга, нават пры такім попыце, якасьць зьніжаць. Будзе якасьць — у вас будзе пакупнік. А па коштах мы заўсёды іншых апярэдзім. У нас не такі кошт на энэргарэсурсы, у нас працоўныя рэсурсы нашмат таньнейшыя. Проста балавацца трэба спыніць і шукаць прыбытак за кошт зьніжэньня сабекошту. А фактары ў нас усе ў руках”.

Кіраўнік краіны заявіў, што дзеля падвышэньня экспартнай прывабнасьці шмат каму хацелася б яшчэ працэнтаў на 20 дэвальваваць рубель.
Таксама кіраўнік краіны заявіў, што дзеля падвышэньня экспартнай прывабнасьці шмат каму хацелася б яшчэ працэнтаў на 20 дэвальваваць рубель. Аднак абвалу ня будзе, — запэўніў ён і патлумачыў: “Мы ж народу паабяцалі…”

Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан кажа, што цяпер для ўсіх беларускіх прадпрыемстваў ці не галоўная задача — прадаць ужо вырабленыя тавары. Але праблема ў тым, што беларуская прадукцыя робіцца ўсё менш канкурэнтаздольнай — сыравіну заводы набывалі яшчэ летась па высокіх коштах, а цяпер, ва ўмовах адсутнасьці попыту, даводзіцца дэмпінгаваць і працаваць на страту. Як кажа спадар Лопан, асноўным фактарам выжываньня робіцца добра пралічаная маркетынгавая палітыка:

“Відавочная праблема: ва ўмовах, калі рынкі падаюць і рэсурсы таксама таньнеюць, на пачатку году трэба чакаць яшчэ большага іх патаньненьня. Найперш гэта тычыцца мэталяў і іншых матэрыялаў, бо такая лёгіка крызісу. Прадаваць прадукцыю, вырабленую яшчэ са старых матэрыялаў, набытых па старых, вышэйшых коштах, зразумела, што будзе складана. Таму што цяпер патрабуюцца пэўныя маркетынгавыя ходы, у тым ліку якіясьці акцыі, распродажы, зьніжкі, каб павялічыць абаротнасьць гэтых актываў, каб чымсьці прывабліваць пакупнікоў. Каб на рынках варушылася ўсё хутчэй”.

Дзяржпрадпрыем­ствам дазволена прадаваць прадукцыю ніжэй за сабекошт. Аднак плёну гэта не дае.
У адсутнасьць відавочнага прагрэсу ўрад ідзе на навацыі — у прыватнасьці, дзяржаўным прадпрыемствам дазволена прадаваць прадукцыю нават ніжэй за сабекошт. Аднак вялікага плёну гэтыя захады не прыносяць: прамысловы сэктар у сваім экспарце на 90% завязаны на Расею, дзе фінансавы крызіс перакінуўся на ўсю эканоміку. Партнэры беларускіх вытворцаў у бальшыні сваёй “замарозілі” гандлёвыя стасункі. Да таго ж некаторыя таварныя пазыцыі блякуюцца расейскімі ўладамі — як у выпадку з МАЗамі, якія складаюць непажаданую канкурэнцыю мясцовым вытворцам.

Аднак сёньня ў Лідзе Лукашэнка заявіў, што Расея па-ранейшаму застанецца для Беларусі галоўным палітычным, эканамічным, а пасьля падпісаньня пагадненьня пра адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны — яшчэ і ваенным партнэрам. Праўда, тут жа
Лукашэнка ня траціць спадзяваньняў атрымаць ад Расеі яшчэ адзін стабілізацыйны крэдыт.
ён і пакрытыкаваў саюзьнікаў: з улікам працэнтнай стаўкі гэтым разам расейскі крэдыт атрымаўся ўтрая даражэйшым за крэдыт МВФ. Разам з тым Лукашэнка ня траціць спадзяваньняў атрымаць ад Расеі яшчэ адзін стабілізацыйны крэдыт: “Калі раптам лясьне Беларусь, для Расеі гэта будзе нашмат большая страта, чым даць нам 2 мільярды на падтрымку”, — рэзюмаваў кіраўнік краіны.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка ўпершыню выказаўся адносна дзейнасьці Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта, куды да супрацы запрошаныя прадстаўнікі памяркоўнай апазыцыі. У прыватнасьці, ён заявіў, што не дапусьціць выкарыстаньня рады для прасоўваньня “брудных ідэяў” апазыцыі. Ён зазначыў, што па выніках першага паседжаньня не пачуў з боку апанэнтаў нічога для сябе новага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG