Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўмяшаўся ў справу аб забойстве


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

6 лютага пракуратура Гомельскай вобласьці змяніла меру стрыманьня тром жыхарам вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну, якія абвінавачваюцца ў забойстве аднавяскоўца-падпальшчыка.


Мужчыны адпушчаныя зь СІЗА і ў суправаджэньні міліцыі цяпер дастаўленыя ў родную вёску. Да суду яны будуць знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Забойства адбылося 31 сьнежня 2008 году. У дачыненьні да забітага 1965 году нараджэньня раней была распачата крымінальная справа — ён падазраваўся ва ўчыненьні трох падпалаў у роднай вёсцы ў лістападзе—сьнежні 2008 году.

Мужчына быў шэсьць разоў судзімы. Сын (1972 году нараджэньня) адной з жанчын, маёмасць якой была пашкоджана пры падпале, і два яго знаёмыя 1974 і 1980 гадоў нараджэньня вырашылі адпомсціць падпальшчыку — забілі яго, а труп спрабавалі спаліць. Цела знайшлі 6 студзеня. Праз чатыры дні падазраваныя былі затрыманы. У дачыненьні да іх распачата справа па ч.1 арт. 139 Крымінальнага кодэксу (забойства).

Крымінальная справа атрымала грамадзкі рэзананс, жыхары вёскі Пухавічы заступіліся за абвінавачваных і накіравалі ў розныя дзяржустановы шэраг скаргаў.

6 лютага на нарадзе ў пытаннях удасканаленьня крымінальнага заканадаўства Аляксандр Лукашэнка зьвярнуўся да міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава са словамі: "Калі ласка, заўтра вы іх адвязіце ў вёску, я вас прашу, няхай яны жывуць у вёсцы, а вы вядзіце сваю крымінальную справу. Адвязіце людзей у вёску, і няхай працуюць там, знаходзяцца ў сваіх сем'ях, а вы іх запрашайце і дапытвайце, гэта для іх будзе лепш, чым сядзець у сьледчым ізалятары". У той жа дзень абвінавачваныя былі дастаўлены з гомельскага СІЗА ў Пухавічы. У ізалятары яны прабылі 27 дзён.

А.Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы, сказаў: "Я папрасіў бы, каб вы ляяльна вялі гэтую крымінальную справу. І вельмі вас прашу, пастаўцеся як да сваіх родных людзей. Ну нягоднік ён, людзей тэрарызаваў, цэлую вёску. Калі ўжо мужыкі на гэта пайшлі, напэўна, яны сапраўды абураныя былі, і ўсё ж простыя людзі на іх баку. Я не кажу, што гэта трэба заахвочваць. Не заахвочваючы, разумець гэтых людзей, якія пайшлі на гэтую крайнюю меру. Калі трэба прыняць рашэньне ў рамках заканадаўства, я гатовы прыняць, але мне падаецца, вы без мяне там прымеце рашэньне. Гэтых людзей трэба адпусціць, весьці следства, няхай гэта сьледзтва ідзе. І нават прашу публічна, не саромеючыся, суд, каб вы вельмі ўважліва паставіліся, і калі ёсць магчымасць, падтрымалі гэтых людзей. Нельга іх саджаць! Што гэта — вялікі чалавек загінуў? Па турмах туляўся, прыйшоў і яшчэ тэрарызуе цэлую вёску".

Адзін з абвінавачаных, Андрэй Петручэня, паведаміў БелаПАН, што ў вёсцы яго вызваленьне ўспрынялі станоўча, суседзі і блізкія сустрэлі іх добра. Паводле яго словаў, забіты пагражаў яго маці, паліў стагі сена. А.Петручэня зазначыў, што яны не збіраліся забіваць, проста хацелі правучыць падпальшчыка.

Яго суўдзельнік, 37-гадовы Ігар Макарэвіч, удакладніў у інтэрвію БелаПАН, што пра змяненьне меры стрыманьня яны даведаліся, толькі калі селі ў мікрааўтобус і іх павезьлі ў РАУС Жыткавічаў, а адтуль — дадому. Паводле яго словаў, да суду яны павінны знаходзіцца дома, не выходзіць за межы двара, ні зь кім не сустракацца. Гаворачы пра забітага, І.Макарэвіч зазначыў, што яго сям'і той шкоды не зрабіў: "Да гэтага справа не дайшла, але мы былі на чарзе".

Гэта не першы выпадак самасуду ў вёсках беларускага Палесься. У лістападзе 2008 году ў Лоеўскім раёне міліцыянты знайшлі труп мясцовага жыхара, раней судзімага. Пры правядзеньні апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі затрыманы падазраваныя ў забойстве — 22—24-гадовыя жыхары Гомелю. Як высьветлілася ў ходзе сьледзтва, у вёсцы Іванькоў жыла бабуля падазраваных, у якой хтосьці, паводле яе словаў, скраў грошы. У гэтым западозрылі мясцовага беспрацоўнага, раней судзімага. Унукі расправіліся з ім, забілі, спрабавалі закапаць у лясным масіве, спрабавалі спаліць труп. Былі затрыманыя, зьмешчаныя ў СІЗА, вядзецца сьледзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG