Спачатку інфармацыя пра меркаваную пазыку ад Расеі зьявілася ў СМІ. Тады прэсавы сакратар прэзыдэнта, Ірына Віньнікава, заявіла, што Юшчанка не зацьвярджаў ніякіх дырэктываў адносна крэдытных перамоваў з Масквою. Яна дадала, што прэзыдэнт лічыць недапушчальнай сытуацыю, у якой стратэгічна важныя пытаньні для краіны вырашаюцца кулюарна.
Будучы на канфэрэнцыі бясьпекі ў Мюнхэне пад канец мінулага тыдня, Цімашэнка прызналася журналістам, што падчас згаданых кансультацый Масква паставілася станоўча да ўкраінскай просьбы аб крэдыце. Адначасна Цімашэнка паведаміла, што яна напісала лісты ў Эўразьвяз, ЗША, Японію і Кітай, таксама просячы аб крэдытах на пакрыцьцё дэфіцыту сёлетняга бюджэту.
Усясьветны фінансавы крызыс закрануў Украіну вельмі моцна. Значна скараціўся экспарт сталі і мінэральных угнаеньняў — найважнейшых экспартных тавараў Украіны. Украінская грыўня абвалілася амаль на траціну; эканамісты прагназуюць, што валавы прадукт ва Ўкраіне сёлета зьменшыцца на 5 адсоткаў. Каб зьмякчыць наступствы крызысу, Міжнародны валютны фонд у лістападзе зацьвердзіў для Ўкраіны стабілізацыйны крэдыт на 16,4 мільярда даляраў ды ў тым самым месяцы выдаткаваў першы транш — 4,5 мільярда.
На днях Украіна спадзявалася атрымаць другі транш, — 1,9 мільярда даляраў, — але місія МВФ, якая нядаўна пабывала ў Кіеве, выказала сваю незадаволенасьць (між іншым таму, што бюджэт Украіны на 2009 год прадугледжвае 3-адсоткавы дэфіцыт) і прыпыніла другі транш.
Адной з умоваў атрыманьня крэдыту МВФ быў бездэфіцытны бюджэт, але ўраду Цімашэнкі не ўдалося гэтага зрабіць. У Кіеве не спадзяваліся, што цана расейскага газу, якая была на ўзроўні 180 даляраў за 1000 кубамэтраў летась, сёлета падскочыць удвая. А рэзаць сацыяльныя выплаты Цімашэнка не наважылася — у пачатку 2010 году ва Ўкраіне адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, і скарачэньне сацыяльных праграмаў моцна панізіла б яе рэйтынг перад гэтымі выбарамі.
Пакуль што Цімашэнка не паведамляе, на якіх умовах Масква можа даць крэдыт Кіеву. У прэсе зьявіліся здагадкі, што цаной за атрыманьне крэдыту мае быць падпісаньне Ўкраінай гэтак званага „нулявога варыянту” — Расея бярэ на сябе ўсе даўгі Савецкага Саюзу, а Ўкраіна адмаўляецца ад права на колішнюю савецкую ўласнасьць за мяжою.
Сёньняшняе выданьне "Wall Street Journal" прагназуе, што калі МВФ прыпыніць крэдытаваньне Ўкраіны, урад Цімашэнкі пачне ўсур’ёз шукаць дапамогі ў Маскве, а супрацьстаяньне паміж Цімашэнкай і Юшчанкам пяройдзе ў непрыхаваную варожасьць.
А амэрыканскі аналітычны цэнтар "Stratfor" перасьцерагае, што калі Захад цяпер не дапаможа Ўкраіне ў яе фінансавай нявыкрутцы, краіна можа цалкам сасьлізнуць у расейскую зону ўплыву.