Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка казаў, што мае фонд на чорны дзень"


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 6 лютага, пятніцу.

Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісалі пагадненьне аб стварэньні Беларусьсю і Расеяй адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА). Таксама было прынята рашэньне пра расейскі рубель як рэгіянальную рэзэрвовую валюту. На тэму беларуска-расейскіх дачыненьняў – наступныя выказваньні слухачоў:

Спадар: “Упершыню пры Мядзьведзеву вырашылі пытаньне з нашым саюзам. Гэта вялікая справа. Гэты саюз нам вельмі патрэбны, мы павінны яго абавязкова падтрымліваць, таму што ў яго аснова — падтрымка Беларусі”.

Курневіч:

“Незалежнасьць Асэтыі і Абхазіі падарыла Русь.
Гэтую незалежнасьць толькі Нікарагуа прызнала.
Яна добрыя грошы ад Крамля атрымала.
Покуль яшчэ маўчыць Беларусь.
Упэўнены, парлямэнт кішэнны незалежнасьць Абхазіі і Асэтыі скажа,
Калі Лукашэнка яму прыкажа.
Толькі гэтак, няйначай,
прэзыдэнт парлямэнт сам прызначыў”.

“Некалі Лукашэнка казаў, што мае фонд на чорны дзень і яго ня знойдзе апазыцыя. Чорны дзень тут. Дзе фонд?” — пытаецца ў СМС-лісьце слухач Мiкола. Яшчэ адзін СМС-допіс ад Андруся-патрыёта: “Вытворчасьць аўтобусаў МАЗ скарацілася на 25% у лютым. У сакавіку прагназуецца яшчэ на 5%. На МАЗе трохдзённы расклад працы на тыдзень”.

На эканамічную тэматыку і наступнае тэлефанаваньне:

Спадар: “Калі верыць беларускаму радыё, то сярод краін СНД за мінулы год па аб’ёме ВУП Беларусь заняла другое месца пасьля Азэрбайджану. На трэцім месцы чамусьці аказаўся Таджыкістан, дзе, як вядома, нават электраэнэргію для насельніцтва даюць усяго толькі 5—6 гадзін на суткі. Апошнія месцы займаюць Казахстан і Ўкраіна. А пра Расею на беларускім радыё нават не згадалі. Можа, незалежныя эканамісты дапамогуць разабрацца ў гэтым пытаньні?”

Выказваньне камэнтуе палітык і эканаміст Аляксей Янукевіч:

“Трэба памятаць пра тое, што беларускія дзяржаўныя СМІ не зьяўляюцца надзейнымі крыніцамі інфармацыі, а хутчэй — сродкамі маніпуляцыі. І відавочна, што ідзе маніпуляцыя лічбамі і гэта праводзіцца сьвядома. Што да росту валавога ўнутранага прадукту, то насамрэч ён у Беларусі быў, і не малы. Але ж зразумела коштам чаго: коштам рээкспарту нафтапрадуктаў, з выкарыстаньнем танных расейскіх энэрганосьбітаў. І тое, што Расея не называецца, бо параўнаньне не было б на карысьць уладаў Беларусі, — гэта сьведчыць пра прыхарошваньне сытуацыі ў краіне”.

Далей слухач задае яшчэ адно пытаньне:

Спадар: “Цяпер у краіне ідзе эпідэмія грыпу, зачынены школы і ніхто ня ведае, колькі гэта працягнецца. Хай прыкладна зь месяц. Лічу, што навучальны год — 9 месяцаў. Выкінуць асеньнія вакацыі, зімовыя, веснавыя, дадаць эпідэмію грыпу. Застанецца прыкладна паўгоду. А як за паўгоду можна засвоіць вучням, якія ідуць па скарочанай праграме, двухгадовую праграму? Раней былі такія лёзунгі: “Пяцігодку за адзін год!” Вось новы лёзунг: “Два гады за паўгоду!” Як на гэта глядзяць навукоўцы?”

Адказвае старшыня Таварыства беларускай мовы, выкладчык Алег Трусаў:

“Ламаць 12-гадовую сыстэму адукацыі — гэта абсурд. Тут няма чаго і спрачацца — слухач мае рацыю цалкам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG