27 студзеня прайшлі саракавіны па Ніне Мацяш – паэтцы, перакладчыцы, старшыні Берасьцейскага адзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Яе памяці прысьвячаецца гутарка “за круглым сталом”, у якой узялі ўдзел крытык і эсэістка Ала Сямёнава, паэтка і перакладчыца Галіна Дубянецкая, паэт Васіль Жуковіч.
Міхась Скобла: “Да Ніны Мацяш гарнуліся творчыя людзі, бо вакол яе была жывая прастора ўсясьветнай культуры. Ёй дасылалі свае творы пісьменьнікі з усёй Берасьцейшчыны, бо яна рэдагавала адзіны ў рэгіёне літаратурны альманах “Жырандоля”. Яе ведалі ў Кракаве, у Парыжы і Бэрліне – з гэтых культурных сталіцаў Эўропы ў Белаазёрск пошта прыносіла бандэролі з кнігамі – на пераклад. З адыходам Ніны Мацяш шмат што папросту спынілася. Яе сёньня не хапае многім. Што для вас асабіста азначае гэтая страта?”
Ала Сямёнава: “Акурат у мінулую нядзелю я езьдзіла ў Белаазёрск на саракавіны па Ніне, завезла ружы, пакланілася сьвежай магілцы на новых гарадзкіх могілках. На мяне асабіста Ніна Мацяш мела вялікі ўплыў, але ня толькі на мяне, але і на нашу літаратуру, на ўсю Беларусь. Ніна Мацяш – чалавек эўрапейскага кшталту, яна з тых абраньнікаў Божых, якія жывуць у рытме гэтага абраньніцтва. Пан Бог даў ёй, здаецца, усе таленты, якія можна даць: паэтка, перакладчыца, мастак – у самым шырокім сэнсе гэтага слова, яна займалася флярыстыкай і пёркаграфіяй (зь пёркаў птушак вырабляла розныя кампазыцыі). Адчуваньне хараства дадзенае ёй было на генным, прыродным узроўні.
У Ніне Мацяш спалучаліся творца, мастак і – чароўная дама, каралева. Калі гаворка заходзіла пра яе, ад многіх я чула – сьвятая. Яна вельмі высокая ў сваім слове, і ў тым, што даецца звыш, і ў тым, што вымаўляецца ўсё жыцьцё. “Аддавайся жыцьцю сьветланосна,” – у гэтых яе словах чар гармоніі, і накрэсьленыя яны не атрамантам, у іх – “сок натхненьня, залаты нэктар белай лілеі”, як заўважыў у свой час Фэдэрыка Гарсія Лорка. Для яе паэзія была – і лёс, і наканаваньне, і выяўленьне духу, сакральная трансфармацыя. І кожны чалавек, які сустракаўся зь Нінай, гэта адчуваў. Духоўную і сяброўскую повязь зь ёю мелі Янка Брыль, Уладзімер Калесьнік, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Васілевіч, Алесь Разанаў. Ніна Мацяш умела мысьліць сэнсамі, ісьцінамі”.
Скобла: “Ніна Мацяш пакінула гэты сьвет 19 сьнежня. А яшчэ 17 сьнежня ў Белаазёрскім электрамэханічным каледжы ладзілася літаратурная вечарына, у якой брала ўдзел і паэтка. Спадар Васіль, вы таксама былі ў той дзень зь Нінай Мацяш. Як яна сябе адчувала?”
Васіль Жуковіч: “Ніна была, як заўсёды, дасьціпнай, усьміхалася. Як і ўсе сустрэчы з удзелам Мацяш, і тая вечарына праходзіла цёпла, у вельмі шчырай атмасфэры. Нічога не прадказвала бяды. Ніна доўга чытала вершы і пераклады, дзялілася найбліжэйшымі плянамі. Навучэнцы каледжу, відаць, не маглі паверыць, што яна дасканала валодае некалькімі эўрапейскімі мовамі, і папрасілі паэтку сказаць што-небудзь па-француску. “Et que voulez-vous entendre chers amis?”– запыталася Ніна. (“А што вы хочаце пачуць, мілыя сябры?”) З залі – спачатку разгубленае маўчаньне, а потым – воплескі. Мацяш сваёй духоўнасьцю, сваім інтэлектам, сваёй далікатнасьцю выхавала публіку ў Белаазёрску”.
Скобла: “І праўда, у Белаазёрску любілі паэзію, як ні ў адным другім горадзе Беларусі”.
Жуковіч: “Гэта цалкам заслуга Ніначкі. Доўжылася тая сустрэча ў электрамэханічным каледжы больш за дзьве гадзіны, і хоць бы хто падняўся і выйшаў! Усе былі зачараваныя беларускім словам, беларускай песьняй, а найбольш – прысутнасьцю Ніны Мацяш”.
Скобла: “Калі б спатрэбілася схарактарызаваць вершы Ніны Мацяш вельмі коратка, літаральна двума словамі, я б назваў іх дакладнымі і далікатнымі. Гэта якраз той выпадак, пра які сказана ў Алеся Разанава: “Усе словы дарэчы, усе ўчынкі да месца, усе стрэлы ляцяць у цэль”. А чым вам блізкая паэзія Мацяш, Галіна?”
Галіна Дубянецкая: “Перш за ўсё сваёй сапраўднасьцю, аўтэнтычнасьцю. Я даўно вылучыла для сябе паэзію Ніны Мацяш, як нешта тое, у што ўслухоўваесься, як нешта неабходнае, як незаменны пажытак для душы. Ну, і таксама вельмі каштоўны досьвед слова. “Я, нібы голачка на вадзе, трымалася на любові,” – у гэтых словах уся Ніна Мацяш”.
Скобла: “Выясьніваўся дзень, і ноч растаць хацела… О, як твая сьляза ў маю сьлязу глядзела!..” Звычайна, чалавек замыкаецца ў сваім болі, у сваіх пакутах. Як жа так сталася, што цягам трыццаці гадоў Ніна Мацяш была духоўным апірышчам для другіх, хоць сама не ўставала зь інваліднага вазка?”
Сямёнава: “Ніна Мацяш – чалавек фэнамэнальнага духу. У сваіх вершах яна гаварыла ня толькі пра свае радасьць ці жаль, яна заўсёды адчувала стан душы ў іншых людзях: “Я голас іх радасьці й скрухі”. У ёй было незвычайнае спалучэньне вялікага таленту і спагадлівасьці да людзей. Кожны яе ліст да мяне пачынаўся: “Дарагая Алечка!” І яна да ўсіх так адносілася. У кожнага, хто яе ведаў, была свая Ніна Мацяш. Ва ўкраінскага філёзафа Рыгора Скаварады ёсьць такое выказваньне: “Любіць чалавецтва прасьцей, чым зрабіць дабро суседу”. Дык вось, Ніна Мацяш умела любіць і чалавецтва, і радзіму, і літаратуру, і – кожнага чалавека. Яна ўмела трымаць вышыню сумоўя, яна ўсіх імкнулася ўзьняць да тае вышыні, на якой існавала сама”.
Скобла: “Вы згадалі Скавараду, і я ўспомніў, што Ніна Мацяш за пераклады з украінскай мовы была ўганараваная Міжнароднай прэміяй Рыгора Скаварады, і да яе ў Белаазёрск уручаць тую прэмію езьдзіў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы… Аднойчы мне давялося быць сьведкам невыпадковага здарэньня. У 1999 годзе здымачная група Беларускага тэлебачаньня прыехала ў Белаазёрск здымаць перадачу пра Ніну Мацяш для праграмы “Тэлебачаньне – школе”. Пакуль рыхтаваліся здымкі, паэтка села на фоне бел-чырвона-белага сьцягу і мяняць фон катэгарычна адмовілася. Так і здымалі, так і ў эфір пайшло. У чым Ніна Мацяш магла пайсьці на кампраміс, а ў чым – не?”
Жуковіч: “Ніна Мацяш – сапраўдная арыстакратка духу, хоць яна і сялянскага паходжаньня. З аднаго боку, Ніначка была выключна далікатнай, а з другога – вельмі прынцыповай. Яна спалучала ў сабе далікатнасьць і максымалізм. Там, дзе было неабходна, яна стаяла да канца. Мяне ўсхваляваў той факт, пра які вы, Міхась, згадалі. У адным інтэрвію ў Ніны Мацяш карэспандэнтка спытала: “Вы прыхільніца сапраўднай беларускай сымболікі – Пагоні і бел-чырвона-белага сьцягу. А як пераканаць нашача чытача ў тым, што гэта – наша, гістарычнае?” І Ніна тлумачыла і пра нацыянальны арнамэнт, і пра сямісотгадовую гісторыю Пагоні. І спакойна дадала: “А цяперашняя сымболіка – гэта сымболіка часовага ўраду”.
Калі Ніна Мацяш узначаліла Берасьцейскае аддзяленьне нашага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, яна сутыкнулася з наступным абуральным фактам. Берасьцейскія ўлады спрабавалі прыватызаваць імя Ўладзімера Калесьніка. Якім чынам? Заснавалі прэмію яго імя, але толькі для сяброў прыўладнага чаргінцоўскага саюзу. І Ніна Мацяш напісала рашучы ліст чыноўніку высокага рангу:
“Старшыні Берасьцейскага абласнога выканаўчага камітэту К. А. Сумару.
27 ліпеня г.г. Берасьцейскім аблвыканкамам было прынятае рашэньне аб усталяваньні літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка. Можна было б толькі з удзячнасьцю парадавацца такой пашанлівым чынам выказанай павазе да гэтага багата ўталентаванага чалавека, які звыш сарака гадоў жыцьця аддаў пэдагагічна-асьветніцкай і выхавальна-культурніцкай ды творчай літаратурнай дзейнасьці на зямлі берасьцейскай. Аднак, пры азнаямленьні з вышэй памянёным дакумэнтам у сукупнасьці з далучанай да яго "Инструкцией о порядке присуждения премии Брестского областного исполнительного комитета имени В. А. Колесника", узнікае шэраг сур’ёзных пытаньняў, на якія хочацца атрымаць адказ.
1. Чаму, згодна з пунктам 7 гэтай інструкцыі, пры вылучэнні літаратурных твораў "учитывается обязательное членство кандидата в Брестском областном отделении общественной организации "Союз писателей Беларуси"?
2. Чаму літаратары, якія складаюць афіцыйна зарэгістраванае Берасьцейскае абласное аддзяленьне Грамадзкага аб’яднаньня "Саюз беларускіх пісьменьнікау" пазбаўленыя права браць удзел у творчым конкурсе?
3. На якой падставе прэфэрэнцыі аддаюцца аддзяленьню СПБ?
Дазвольце нагадаць, што да сьнежня 2005 году абласная пісьменьніцкая арганізацыя была адзінай і менавалася аддзяленьнем Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Паміж сябрамі гэтай арганізацыі ніколі не існавала ніякіх палітычных спрэчак альбо прынцыповых разыходжаньняў у пытаньнях творчасьці, што выключала падставы для самараспадзелу. Раскалолі нас па нейчым злым намысьле, па-жывому, гвалтоўна, не параіўшыся з намі, наогул, не цікавячыся нашай думкай. Гэта маральна?
Мы, сябры абласнога аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, ганарымся, што ў свой час мелі такога Настаўніка, Кіраўніка і Сябра, як Уладзімір Калесьнік. I мы рашуча пратэстуем, каб яго слыннае імя, якое магло б і павінна было стаць сымбалем адзінства і згоды ў грамадзтве, па нейчай неабачлівасьці ці злой волі скарыстоўвалася дзеля пашырэньня і паглыбленьня расколіны між дзьвюма творчымі асяродкамі ды ва ўсёй грамадзе берасьцейскай інтэлігенцыі.
З павагай – Ніна Мацяш, старшыня Берасьцейскага аддзяленьня ГА "Саюз беларускіх пісьменьнікаў". 12 верасьня 2007 году”.
І ліст Мацяш падзейнічаў, яна дасягнула перамогі! Берасьцейскіх пісьменьнікаў тамтэйшая ўлада перастала дзяліць на сваіх і чужых. І сёньня Літаратурная прэмія імя Ўладзімера Калесьніка працуе на ўсю беларускую літаратуру, на сапраўдныя таленты”.
Скобла: “Давайце пагаворым пра перакладчыцкі плён Ніны Мацяш. Яна перакладала многа, і перакладала гучныя імёны – Сэнт-Экзюпэры, Віславу Шымборску, паэтаў францускай Плеяды. Ці не засланялі пераклады ўласную творчасьць паэткі?”
Дубянецкая: “Тое, што характэрнае для арыгінальнай паэзіі Ніны Мацяш, тое характэрнае і для яе перакладаў. Чым адметная паэзія Мацяш, тым адметныя і яе пераклады. Усё гэта ішло ў адзінай плыні творчасьці. Хацелася б зьвярнуць увагу на мову Мацяш, яна вельмі адметная. Паэтка ўмела так павярнуць слова, так перайначыць ягонае звыклае гучаньне, што яно грала, гучала па-новаму, кранала. Напрыклад: “Над квецівам сьнегу – белай сьняжніцаю вішня”. Тое самае – і ў перакладах. Вось як сама Ніна Мацяш кажа пра гэта ў прадмове да зборніка сваіх перакладаў “Багаславі сустэчу мне”:
“Паэты Плеяды, адраджаючы ў 16 стагодзьдзі францускую мову, мелі гэткія аргумэнты: наша мова бедная, бо продкі вызнавалі прынцып – больш добра дзеяць, чым добра гаманіць. Але яна не настолькі прымітыўная, каб на ёй нельга было выкласьці самыя размаітыя ідэі і пачуцьці, раз на францускую мову мажліва перакладаць іншамоўныя творы. Каб нашыя вучоныя і паэты стараліся карыстацца роднай мовай, яна таксама пабагацела б. А спраўдзіць гэта магчыма і шырэй выкарыстоўваючы тое, што ёсьць, і ўводзячы дыялектызмы, і аднаўляючы забытыя словы, і на грунце старых прыдумляючы новыя”.
Вось усё гэта рабіла і Ніна Мацяш. Слова ў слова. Я рэдагавала яе пераклад паэмы “Вясна” бэльгійскага паэта Франсуа Жакмэна, калі ён друкаваўся ў часопісе “Крыніца”. Вось толькі некалькі выпісак адтуль: “Напачатку кожнай вясны я забываюся імя кізілу: ягонае квецьце застае мяне зьнечаку”, “нібы гімн, складзены ўпохват”, “калісьці я прысягну быць нястомным яго перайманцам”, “з таго часу ён не прамінае спавяшчаць пра маю ерась”.
Скобла: “Зь якіх моваў перакладала Ніна Мацяш?”
Жуковіч: “З францускай, зь нямецкай, з польскай, з украінскай – іх яна ведала дасканала. Я хацеў бы дадаць, што яе перакладчыцкая дзейнасьць спрыяла арыгінальнай творчасьці. Таму што Ніна мела перад сабой шэдэўры эўрапейскай літаратуры і – не магла сягаць ніжэй, яна трымала планку ўласнай творчасьці вельмі высока. А тое, што яна перакладала вельмі шмат і добра, спрыяла яе вядомасьці за мяжой. Я нядаўна атрымаў ліст ад украінскага паэта Пятра Маха, ён піша: “Больш за трыццаць гадоў Ніна Мацяш яднала нас – паэтаў Берасьцейшчыны і Валыні. Гэтак рана адышоўшы ў лепшы сьвет, яна пакінула нам сваю веру ў росквіт-адраджэньне Беларусі і Ўкраіны. Яна была, ёсьць і назаўсёды застанецца расквітнелай галінкай Божага дрэва Жыцьця, Любові і Паэзіі”.
Скобла: “Нярэдка здараецца, што прызнаньне да пісьменьніка прыходзіць спозьнена, пасьля ягонай сьмерці. “І як знайшоў я сябра ў пакаленьні, так чытача знайду ў нашчадках я”, – пісаў Яўген Баратынскі. Ці быў свой чытацкі асяродак у Ніны Мацяш?”
Сямёнава: “Безумоўна, быў. Але рэч у тым, што многія мастацкія зьявы сёньня ў Беларусі штучна замоўчваюцца і памяншаюцца. Вось я гляджу на зборнік “Хвіля” Віславы Шымборскай у перакладзе Ніны Мацяш, наклад – 490 асобнікаў. Сябрам і знаёмым! Наклад зборніка францускіх паэтаў “Багаславі сустрэчу мне” ўвогуле не пазначаны, кніга выдадзеная ў Берасьці з дапамогай добрых людзей. Але, нягледзячы на ўсё гэта, чытачоў і зычліўцаў у Ніны было нямала. Памятаю, тэлефаную ёй, а яна кажа: “Толькі што ад мяне пайшлі школьнікі”. Яна прыцягвала людзей, вакол яе дзеіла поле нейкага прыцягненьня. І я зноў паўтару – сёньня ў нас прастора беларускай літаратуры штучна завужаецца. Як у свой час у Беларусі доўга замоўчвалі Натальлю Арсеньневу. Дарэчы, яны зь Нінай Мацяш нарадзіліся ў адзін дзень – 20 верасьня. І ў гэтым мне таксама бачыцца знак вечнасьці.
Кніга выбраных твораў Ніны Мацяш “Паміж усьмешкай і сьлязой” выходзіла даўно, ажно ў 1993 годзе. Безумоўна, насьпела патрэба выдаць добрым накладам яе трохтомавік (як мінімум): паэзію, пераклады, эпісталярную спадчыну і эстэтычную прозу. Апошні жанр у яе – на ўзроўні Барыса Пастарнака ды Іосіфа Бродзкага”.
Скобла: “Памятаецца, як гадоў восем таму прозьвішча Ніны Мацяш было выкрасьленае са сьпісу на атрыманьне Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Як рэагавала на гэта паэтка?”
Сямёнава: “Яна мне неаднойчы пісала, што знакі дзяржаўнай увагі, афіцыйнае прызнаньне яе асабіста не цікавяць. А вось з думкай пэўных людзей яна лічылася”.
Жуковіч: “Наколькі мне вядома, Ніна не хацела атрымліваць Дзяржаўную прэмію. Яна была неабыякавая да таго, з чыіх рук атрымае гэтую прэмію. Для яе гэта было вельмі істотным. Вось і ўсё. Паўтаруся: гэтае нежаданьне ішло ад яе пратэсту, ад яе нязгоды з той антыбеларускай палітыкай, якая чыніцца і заахвочваецца ў Беларусі вярхоўнай уладай”.
Скобла: “Белаазёрск, дзе жыла Ніна Мацяш, – самы малады горад Беларусі, там жыве шмат прыежджых. Ці разумелі яе ў Белаазёрску, ці ўсьведамлялі, які творца жыве на вуліцы Леніна, у доме 48а, у кватэры 94?”
Жуковіч: “Безумоўна, разумелі. Белаазёрцы ўвесь час былі побач зь Нінай. У яе столькі паэтычных прысьвячэньняў! Згадаю тут белаазёрскую настаўніцу Галіну Скарыну, бібліятэкарку Тамару Кузьняцову, выкладчыцаў электрамэханічнага каледжа Галіну Пыж’янаву і Марыю Барычэўскую, якія заўсёды дапамагалі і спрыялі Ніне. І такіх імёнаў можна называць шмат. Мацяш вельмі шанавала сваіх землякоў. І людзі не маглі не шанаваць яе. Я ўжо згадваў, што Ніна Мацяш выхавала ў Белаазёрску ў многіх людзях літаратурны густ, пры ёй была іншая культура зносінаў”.
Сямёнава: “Вельмі хацелася б, каб у яе кватэры быў заснаваны літаратурны музэй Берасьцейшчыны, музэй Ніны Мацяш. Я хачу вярнуцца да яе раптоўнага адыходу: яшчэ 17 сьнежня – літаратурны выступ, а 19 студзеня – адыход”. Відаць, нездарма адбылося тое, пра што гаварыў Авідый: “Я хачу, каб сьмерць засьпела мяне за працай”.
Скобла: “Памятаю, мы гаварылі зь Янкам Брылём пра беларускіх паэтак – пра Натальлю Арсеньневу, Ларысу Геніюш і Ніну Мацяш. І на першае месца Іван Антонавіч паставіў у гэтым ужо клясычным шэрагу менавіта Мацяш. Прычым катэгарычна. Літаратура – ня бег навыперадкі, і парадкавыя нумары тут не да месца. І ўсё ж, якімі вам бачацца месца і роля Ніны Мацяш у беларускай літаратуры?”
Жуковіч: “Ніна Мацяш мне бачыцца ў кагорце, у сузор’і такіх постацяў, як Цётка, Максім Багдановіч, Ларыса Геніюш, Натальля Арсеньнева”.
Дубянецкая: “Зорка-белаазёрка” – сказаў пра Ніну Мацяш Анатоль Вярцінскі. І яна насамрэч – зорка. Некалі над Бэтлеемам зазьзяла зорка на ўвесь сьвет. І над Белаазёрскам можа засьвяціць зорка на ўвесь сьвет. Памятаю, калі мы працавалі зь Нінай над Франсуа Жакмэнам, я прысьвяціла ёй радкі: “Верасень. Абрус мільёнасьвечны. / Ніна ў сукні зорнага сяйва. / Ёй да ручак прыпадаюць гжэчных / прынцы – Антуан ды Франсуа”.
Сямёнава: “Ніна Мацяш – Эўфрасіньня нашых дзён, я б так сказала. Янка Брыль меў права на такую катэгарычнасьць, гаворачы пра Геніюш, Арсеньневу і Мацяш. Кожная зь іх у вечнасьці зойме сваё пашанотнае месца. Усе яны па-свойму пакутніцы, усе – з высокім талентам. Хоць, калі меркаваць па тым, што кожнай удалося зьдзейсьніць, то Ніне Мацяш, мне здаецца, удалося рэалізаваць свой талент найпаўней”.