Добруш
У райцэнтры Добруш на Гомельшчыне два месяцы запар не працуе філіял Гомельскага акцыянэрнага таварыства “Малочныя прадукты”. Раней тутэйшыя працаўнікі атрымлівалі дзьве траціны ад заробку, а цяпер масларобы ўвогуле застаюцца бяз працы і грошай.
Гаворыць спадарыня Сьвятлана з Добрушу:
“Я іду пад скарачэньне. Мне працу прапанавалі ў Гомелі. Але справа ў тым, што асабіста мне нерэальна езьдзіць туды. Мне трэба ўставаць штодзённа ўранку а палове на пятую. Дадому я прыяжджаю каля дзясятай гадзіны ўвечары. Фізычна я не вытрымліваю”.
Завод не рамантаваўся, абсталяваньне не абнаўлялася.
“Калі пяць гадоў таму нас далучылі да Гомеля, сродкі на пераабсталяваньне не выдзяляліся. Завод не рамантаваўся, абсталяваньне не абнаўлялася. Усё зношвалася. А тут яшчэ крызіс адыграў сваю ролю. І цяпер чыноўнікі прыйшлі і кажуць, што ваш завод нерэнтабэльны. Цяпер яго дэмантуюць. Ня ведаю дакладна, дзеля чаго, але сказалі, што будуць ставіць абсталяваньне для выпуску ўпакоўкі з гофратары”.
Былы працаўнік заводу Аляксандар дадае:
“У выніку завод дайшоў да такога стану, што далей існаваць яму нельга было. Санслужба проста мусіла спыніць ягоную дзейнасьць”.
Паводле суразмоўцы, кіраўнікі мясцовых сельгаспрадпрыемстваў пагаджаліся супольна ўкласьці грошы і мадэрнізаваць маслазавод, каб мець магчымасьць на месцы перапрацоўваць малако і вырабляць якасную прадукцыю:
“Было б нашмат прасьцей і сельгаспрадпрыемствам, і ўсім нам. Раней тут выраблялі і масла сьметанковае вельмі добрае, і тварог, і сыры адыгейскія. Гэтыя адыгейскія сыры вазілі нават на выставу ў Маскву”.
Смаргонь
Дрэваапрацоўчая галіна на Гарадзеншчыне цярпіць ад дэвальвацыі беларускага рубля.
Намесьнік дырэктара Смаргонскага досьледнага лясгасу Аляксей Глускі кажа, што за апошнія два месяцы прадпрыемству давялося перажыць вельмі цяжкія моманты, зьвязаныя з сусьветным крызісам.
Ад прадукцыі беларускіх лясгасаў адмаўляюцца ў замежжы.
У Смаргонскім лясгасе працуе каля 500 чалавек. Каб не спыняць вытворчасьць, даводзіцца шукаць, куды збываць прадукцыю на ўнутраным рынку. Спадар Глускі кажа, што пакуль аднавіць аб’ёмы паставак не атрымліваецца.
Кіраўнік невялікага прыватнага дрэваперапрацоўчага прадпрыемства ў Смаргоні, на якім працуюць 15 чалавек, спадар Віктар, кажа, што ў іх падобныя праблемы, толькі й на ўнутраным рынку заказчыкаў няшмат.
“Цэны зьнізіліся за мяжой, вось і ўсе праблемы. А на ўнутраным рынку наагул няма ніякага сэнсу пастаўляць прадукцыю, бо ўсе заводы прастойваюць”.
Кіраўнік дрэваапрацоўчага прадпрыемства ў Горадні, на якім працуюць 30 чалавек, спадар Мікалай кажа, што малым прадпрыемствам у гэтай сытуацыі выжываць лягчэй, але яны ўсё роўна цярпяць і абсалютна ня ўпэўненыя ў заўтрашнім дні.
Бабруйск
Прыбытковае раней акцыянэрнае таварыства “Славянка” ў Бабруйску зьмяншае выдаткі на мадэрнізацыю вытворчасьці.
На тэхнічнае абнаўленьне “Славянкі” раней плянавалі выдаткаваць каля аднаго мільярда рублёў. Але цяпер у дырэкцыі заяўляюць, што новае абсталяваньне набудуць, толькі калі патрэба будзе надта вострая.
“Эканоміць змушае крызіс, праявы якога адчулі ў студзені”, — заяўляе супрацоўніца адміністрацыі Любоў Васільеўна:
“У студзені прадукцыі прадалі менш. Атрымліваецца так, што ўсе цяпер лічаць сродкі. Гандаль таксама. І мы пакуль працуем толькі на ўнутраны рынак. І разьлікі вядзем толькі ў беларускіх рублях”.
“Славянка” спадзяецца на замову спэцвопраткі для ўдзельнікаў “Дажынак”.
“Пакуль задзел у нас яшчэ застаецца. Менскія крамы — ЦУМ, ГУМ, „Няміга“, „Беларусь“, якім адгружалі прадукцыю ў сьнежні, пералічваюць зараз грошы”.
Спадзяваньні на лепшае на прадпрыемстве зьвязваюць зь дзяржаўнымі замовамі. У вопратку ад “Славянкі” апраналі ўдзельнікаў усіх фэстываляў-кірмашоў “Дажынкі”. Шыюць у Бабруйску і школьную форму.