Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя, схаваная пад пагонамі


У паведамленьнях пра выкрытых карупцыянэраў усё часьцей фігуруюць супрацоўнікі праваахоўных ведамстваў, якія самі мусілі змагацца з гэтым сацыяльным злом. Чаму расьце карупцыя сярод міліцыянтаў, пракурораў, судзьдзяў і супрацоўнікаў КДБ?

Супроць былога камандзіра палка патрульна-паставой службы гомельскай абласной міліцыі завялі крымінальную справу паводле артыкула аб перавышэньні ўлады ў карысьлівых мэтах. Прозьвішча міліцыянта ў гомельскай міліцыі не паведамляюць — спасылаюцца на тое, што яшчэ не было суду.

Зь іншых крыніц у міліцыі стала вядома, што летась гомельскім палком патрульна-паставой службы камандаваў палкоўнік міліцыі Сяргей Бялько. Паводле зьвестак, абвінавачаны міліцыянт нібыта прысабечыў 15 мільёнаў рублёў прэмій, якія атрымлівалі ягоныя падначаленыя цягам некалькіх гадоў. Пытаюся ў начальніка сьледчага аддзелу Гомельскай пракуратуры Віктара Сафронава, ці сапраўды супраць гэтага міліцыянта заведзеная крымінальная справа і як той ставіцца да абвінавачаньняў — прызнае ці не прызнае? І зноў амаль суцэльная сакрэтнасьць:

“Пакуль пра абставіны справы казаць рана, тым больш тыя падрабязнасьці, якія вы хочаце пачуць”.

Ва ўсім сьвеце выкарыстаньне службовага становішча дзеля ўласнага ўзбагачэньня ці проста ва ўласных інтарэсах называецца карупцыяй. За гэта садзяць за краты, сама меней — гоняць са службы. Боязь назваць прозьвішча чалавека, якога падазраюць у карупцыі — гэта абарона ягоных правоў ці абарона гонару мундзіра? Былы сьледчы пракуратуры, цяпер праваабаронца Алег Волчак мяркуе:

Алег Волчак
“У справаводзтве ёсьць такое, што на падсьледнага заводзіцца картка, дзе паведамляецца, у чым ён падазраецца. Таму яны павінны не хаваць гэтыя зьвесткі, а паведаміць прозьвішча. Разумею, калі справа закрытая — а тут… Проста гэтак робіцца таму, што гэта ганьба, калі міліцэйскі начальнік рабуе сваіх падначаленых. Людзі ж скажуць: навошта такая міліцыя? Гэта ж дыскрэдытуе ўсе праваахоўныя структуры”.

Наколькі б паменела карупцыі сярод міліцэйскага кіраўніцтва раённага і абласнога ўзроўняў, каб начальства ў Менску дэманстравала ўзоры сумленнасьці і павагі да закону?

Летась у лістападзе Аляксандар Лукашэнка загадаў звольніць са службы болей за 10 адказных супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў, якія атрымалі зямельныя ўчасткі і пабудавалі катэджы на тэрыторыі былога дзіцячага садка пад Менскам, на беразе вадасховішча, у прыродаахоўнай зоне. Міністар Навумаў загад Лукашэнкі выканаў, хаця звальняць давялося ня проста падначаленых: сярод іх апынуліся былыя намесьнікі самога міністра Шчурко і Філістовіч. Вось што спадар Навумаў распавядаў журналістам на прэсавай канфэрэнцыі 15 студзеня:

“Гэтыя супрацоўнікі будуць звольненыя, маёмасьць аддадуць дзяржаве. Ступень маёй віны вызначыў прэзыдэнт у той вымове, якую я атрымаў некалькі дзён таму”.

Карэспандэнт “Народнай волі”: “А вам не падаецца, што гэта вельмі лёгкае пакараньне?”

Навумаў: “Я ня з тых, хто просіць: “Пакарайце мяне больш жорстка!”

Карэспандэнт “Свабоды”: “А сумленьне нічога не падказвае?”

Навумаў: “Не, нічога”.

Марына Коктыш, фота baj.by
За карупцыю сярод падначаленых міністар Навумаў атрымаў ад Лукашэнкі вымову. Журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш запытала ў міністра, ці не замалое гэтае пакараньне. Вось як журналістка патлумачыла сваю цікаўнасьць да гэтай тэмы:

“У нашу газэту, асабіста да мяне патрапілі дакумэнты, зь якіх вынікала, што менавіта міністар, генэрал-лейтэнант міліцыі Ўладзімер Навумаў хадайнічаў аб выдзяленьні гэтых земляў пад катэджы. Гэта ён напісаў ліст на імя чыноўніка Кузьняцова, які наклаў адпаведную рэзалюцыю. Мяркую, у той сытуацыі Навумаў, як афіцэр і мужчына, мусіў узяць на сябе адказнасьць і альбо абараніць гэтых людзей, альбо падаць у адстаўку. Бо ён кіраўнік, ён адказвае за тое, што робяць ягоныя намесьнікі”.

Праваабаронцы кажуць, што найлепшы змагар з карупцыяй — празрыстасьць і грамадзкі кантроль. У цывільных ведамствах — безумоўна. Але ці магчыма гэтага дасягнуць у працы міліцыі, пракуратуры, тым больш КДБ, якія без сакрэтнасьці проста ня могуць існаваць?

Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка тлумачыць, што адно другому не замінае:

Галоснасьць і празрыстасьць — гэта тое, што гарантавана Канстытуцыяй.
“Спэцслужбы працуюць, выяўляюць карупцыю праз сваіх агентаў. Хай тыя працуюць, іх жа ніхто не закранае. А галоснасьць і празрыстасьць — гэта тое, што гарантавана Канстытуцыяй. Калі кожны грамадзянін можа запатрабаваць інфармацыю, якая яго непасрэдна тычыцца. Прыкладам, куды ідуць тыя ці іншыя грошы зь бюджэту? А гэтага ў нас няма, усё схаванае”.

Валер Костка мяркуе, што барацьба з карупцыяй, у тым ліку сярод сілавікоў, не дае вынікаў, паколькі змагаюцца з асобнымі праявамі, але не мяняюць умоваў, у якіх карупцыя квітнее. Сярод такіх умоваў Валер Костка называе аўтарытарны палітычны лад, які склаўся ў Беларусі.

Праваабаронца Алег Волчак таксама зьвяртае ўвагу на палітычныя прычыны:

“Усё таму, што няма парлямэнцкага кантролю над праваахоўнымі органамі. Згадайце сытуацыю 15-ці гадоў таму, калі паводле Канстытуцыі парлямэнт прызначаў генэральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў. Якія ішлі дыскусіі падчас прызначэньня! Парлямэнт мог і зьняць, калі было за што. Была адмысловая камісія па карупцыі, якая расьсьледавала справы. А хто зараз расьсьледуе? Усё замыкаецца на Аляксандру Лукашэнку. Але немагчыма да кожнага міліцыянта прыставіць кантралёра. Таму з гэтай барацьбой з карупцыяй ён пакуль не спраўляецца і, мяркую, без грамадзтва ня справіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG