Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі ўхваляюць кірунак Менску


Пасьля перамоваў „тройкі” Эўразьвязу зь Сяргеем Мартынавым у Брусэлі, Бэніта Фэрэра-Вальднэр, камісар Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавых дачыненьняў і эўрапейскай палітыкі суседзтва, сказала журналістам, што перамовы яе „абнадзеілі”, і дадала:

„Безумоўна, зь Беларусьсю мы знаходзімся, так бы мовіць, на паўдарозе. Але мы бачым, што яны робяць важныя крокі ў правільным накірунку”.

Паводле Фэрэра-Вальднэр, адзін з такіх крокаў — абяцаньне ўраду Беларусі спрасьціць рэгістрацыю СМІ.

Паводле беларускага МЗС, Сяргей Мартынаў сустрэўся зь міністрамі замежных спраў Чэхіі і Швэцыі, высокапастаўленымі прадстаўнікамі Эўракамісіі і генэральнага сакратарыяту Рады Эўразьвязу.

Міністар Мартынаў сказаў журналістам у Брусэлі, што Менск зацікаўлены прапановай Усходняга партнэрства з боку Эўразьвязу:

„Я выказаў наша станоўчае стаўленьне да ідэі і канцэпцыі Ўсходняга партнэрства, нашу пазытыўную ацэнку гэтага дакумэнту, які ёсьць цяпер, і наша спадзяваньне, што калі ён будзе дапрацаваны, ён будзе ўтрымліваць умовы для роўнага шматбаковага ўдзелу краінаў. Усходняе партнэрства павінна быць усеабдымным па вызначэньню. Калі праграма ня будзе ўсеабдымнай, тады яна губляе свой сэнс”.

Ці прыступіць Беларусь да Ўсходняга партнэрства? Назіральнікі ў Брусэлі мяркуюць, што шанцы на гэта вялікія.

Па-першае, шмат сяброў Эўразьвязу бачаць улучэньне Беларусі ў гэтую праграму як свой палітычны прыярытэт.

Па-другое, дыпляматы Эўразьвязу баяцца, што Беларусь можа паддацца на спакусу карыснай дамовы на пастаўкі газу з Расеі і адвярнуцца да Эўропы сьпінаю.

Па-трэцяе, у гэтым годзе ў Эўразьвязе старшынююць Чэхія і Швэцыя — абедзьве краіны вельмі зацікаўленыя ў тым, каб далучыць Беларусь да Ўсходняга партнэрства. Калі ідэя не ажыцьцявіцца сёлета, дык Эўразьвяз, заяўляюць назіральнікі ў Брусэлі, можа страціць шмат са свайго геапалітычнага значэньня і ўплыву.

Паводле дэпутата Эўрапарлямэнту Юстаса Палецкіса, Беларусь зрабіла крокі ў правільным кірунку, і ў Брусэлі іх заўважылі:

“Вядома, чакаецца больш такіх крокаў і шырэйшых крокаў. Але ў прынцыпе цікавасьць да працягу дыялёгу ёсьць. І што Беларусь мае шанцы стаць удзельніцай праграмы Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу. У цэлым у Брусэля ёсьць зацікаўленасьць працягваць кантакты зь Беларусьсю, вядома, пры ўмове, што Беларусь будзе рухацца ў такім кірунку, які прымальны для Эўразьвязу”.

Дэлегацыя ЭЗ таксама высока ацаніла дзеяньні Беларусі ва ўмовах нядаўняга газавага крызысу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG