Паводле аналітыкаў, пагаршэньне эканамічнай і фінансавай каньюнктуры ў сьвеце прывяло да ўскладненьня ўмоваў гандлю зь іншымі краінамі. На тле памяншэньня экспартнага попыту з боку галоўных партнэраў відавочны рост дэфіцыту паступленьняў па бягучых апэрацыях. У той час як міжнародныя рэзэрвы пачалі скарачацца, доступ Беларусі да рынкаў капіталу практычна зьведзены да нуля. Чым пагражае нацыянальнай эканоміцы адкат у аўтсайдэры крэдытнага рэйтынгу?
Перажыць сусьветны фінансавы крызіс кіраўніцтва Беларусі спадзяецца з дапамогай міжнародных крэдытаў. Пры канцы мінулага году згоду на крэдытаваньне беларускай эканомікі далі Міжнародны валютны фонд і Расейская Фэдэрацыя — пазыкі памерам 2,5 і 2 мільярды даляраў адпаведна. Першыя траншы крэдытаў ужо атрыманыя. У апошнія дні 2008 году паўмільярда даляраў адшкадавала братняй Беларусі Вэнэсуэла — пад мінімальныя працэнты і тэрмінам на 7 гадоў. Урадоўцы казалі, што на этапе вырашэньня — чарговы расейскі крэдыт на суму 100 мільярдаў расейскіх рублёў. Аднак у Міністэрстве фінансаў Расеі магчымасьць крэдытаваньня адмовілі — у сувязі са складанай сытуацыяй у самой Расеі.
Падобна, што ў пэрспэктыве атрымаць замежныя крэдыты будзе ня надта проста. Міжнародная рэйтынгавая кампанія “Standard&Poor's” у сваёй справаздачы канстатавала: у Беларусі існуе мноства праблемаў, зьвязаных з пагаршэньнем зьнешняй ліквіднасьці краіны. Паводле фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, у пэрспэктыве такая выснова можа наўпрост паўплываць на рэйтынг крэдытнага даверу Беларусі:
Рэйтынг можа быць паніжаны на прыступку ці дзьве ...
“Нэгатыўны прагноз сьведчыць пра тое, што рэйтынг яшчэ пакуль не пастаўлены на перагляд, але цалкам магчыма, што пры працягу несуцяшальных тэндэнцый рэйтынг можа быць паніжаны. То бок пакуль ён застаецца тым жа, як і быў — “двайны Бі”. Але нэгатыўны прагноз азначае, што пасьля гэтага ідзе працэдура ўдакладненьня. Прыкладам, калі пастаўлены рэйтынг на перагляд, то пасьля гэтага, цягам некалькіх месяцаў, ён можа быць паніжаны на прыступку ці дзьве”.
Ці апраўданае эканамічна жаданьне беларускіх уладаў “перачакаць” крызіс, набраўшы як найбольш пазыкаў? І зь якіх крыніцаў урэшце плянуецца вяртаць грошы крэдыторам? Як лічыць Сяргей Чалы, бальшыню крэдытаў Беларусь аддаваць якраз і не плянуе, бо расейскія ці вэнэсуэльскія грошы маюць выразнае палітычнае адценьне:
Аддаваць давядзецца толькі адзін крэдыт — МВФ. Астатнія, у тым ліку расейскі, вэнэсуэльскі — палітычныя ...
“Па-сапраўднаму аддаваць давядзецца толькі адзін крэдыт — МВФ. Астатнія, у тым ліку расейскі, вэнэсуэльскі — палітычныя. Асабліва нават Расея не разьлічвае, што калі-небудзь з нас штосьці спагоніць. Што да таго, каб “перачакаць”, то вы маеце рацыю. Яшчэ ня так даўно гучэлі ацэнкі: маўляў, крызіс можа скончыцца ледзьве ня ў першай палове году. І натуральнае жаданьне — нічога не зьмяняць, не рабіць таго, ад чаго пацыенту будзе балюча; проста перачакаць. Але насамрэч крызіс дастаткова працяглы. Тое, што ён будзе даўжэйшы за год — дакладна, у гэтым і асаблівых сумневаў няма. Плюс да ўсяго, ён агульнасусьветны. Калі, скажам, крызіс 1998 году быў “добры” тым, што працягвала расьці астатняя сусьветная эканоміка і коштам гэтага мы хутка вылезьлі, то цяпер такой магчымасьці няма. Таму чым хутчэй прыйдзе асэнсаваньне таго, што проста “перачакаць” не атрымаецца, тым, вядома, лепей”.
У справаздачы “Standard&Poor's” адзначаецца, што ўрад Беларусі — прыхільнік дасягненьня збалянсаванага бюджэту ў 2009 годзе. Гэта запатрабуе істотнага скарачэньня выдаткаў. У выніку неабходных карэктаваньняў у эканоміцы і слабога экспартнага попыту эканамічны рост у краіне будзе блізкі да нуля. Дзеля параўнаньня аналітыкі прыводзяць дынаміку папярэдніх гадоў: сярэдні рост цягам 2004—2008 гадоў склаў 10%. У той жа час будзе істотна скарачацца і ўнутраны попыт. Такім чынам, прагноз “нэгатыўны” адлюстроўвае праблемы, зьвязаныя зь неабходнасьцю зьменаў у эканоміцы. На перакананьне як замежных, так і беларускіх аналітыкаў, беларуская мадэль шмат у чым засталася савецкай, што ніяк не спрыяе хуткай адаптацыі ў рынкавых умовах.