У гарадзенскім ААТ “Крыштальтранс” адчулі ўплыў крызісу яшчэ ў сьнежні мінулага года. Кажа адзін з дырэктараў прадпрыемства Ігар Прамохін:
“У нас зьменшыліся аб’ёмы перавозак на 40% у кірунку Заходняй і Ўсходняй Эўропы”.
Карэспандэнт: “У новым годзе мінуў ужо амаль месяц — ці адчуваеце вы нейкія зрухі з нарошчваньнем аб’ёмаў перавозак?”
Прамохін: “Не, пакуль толькі размовы”.
Спадар Прамохін дадае, што рабочых пакуль не скарачалі, але заробкі ў людзей зьнізіліся.
Галоўны інжынэр дзяржаўнага транспартнага прадпрыемства “Аўтатранс № 9”, якое займаецца як міжнароднымі, так і ўнутранымі перавозкамі, Віктар Адаменя сьцьвярджае, што прадпрыемства працуе, не зважаючы на крызіс:
“Як працавалі, так і працуем. Тое, што ў нас прагназаваліся зьніжэньні аб’ёмаў перавозак на зімовы пэрыяд, так і адбылося, але ў астатнім мы працуем у сваёй сыстэме й крызісу пакуль не адчуваем”.
Дырэктар лідзкай фірмы “Залатыя шалі”, якая таксама займаецца міжнароднымі й унутранымі грузавымі перавозкамі, спадар Міхал — у адчаі:
“Зусім упалі перавозкі. За сьнежань мы зрабілі адзін рэйс, а ў студзені яшчэ ніводнага”.
Фірма “Залатыя шалі” ў асноўным займалася перавозкамі прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у Расею й расейскіх — у Беларусь. Зараз, са слоў спадара Міхала, фрахты ўпалі ў цане адсоткаў на 40, і перавозкі сталі стратнымі.
У гэтай сытуацыі, кажа спадар Міхал, перавозчыкі засталіся сам-насам з праблемамі крызісу і ніякай падтрымкі ад дзяржавы не адчуваюць:
“Сытуацыя складаецца так, што і прадаць нічога ня можаш, каб заплаціць за крэдыты, бо тэхніку, якую набываў раней па адным кошце, цяпер магу прадаць толькі за палову гэтага кошту”.
Спадар Міхал лічыць, што пакуль у Расеі не запрацуюць прадпрыемствы, беларускія перавозчыкі таксама будуць стаяць:
“Нейкія грошы ўліваюцца, але аддачы ніякай няма. Усе нашы прадпрыемствы стаяць, бо няма заказаў з Расеі. У расейцаў крэдытных рэсурсаў няма, грошы да нас ня йдуць, вось таму мы й стаім”.