Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скарацілі, але ня выгналі


Многія прадпрыемствы, якія яшчэ нядаўна былі галоўнай крыніцай папаўненьня дзяржаўнага бюджэту, вымушаны скарачаць вытворчасьць, зьніжаць заробкі сваім работнікам. Пра гэта — паведамленьні зь месцаў ад карэспандэнтаў “Свабоды”.


МАГІЛЁЎ


Кіраўніцтва акцыянэрнага таварыства “Магілёўхімвалакно” прызнае, што працяглы час прадпрыемства працуе на склад. Ці не прымусіць гэта зьменшыць колькасьць работнікаў?

“Магілёўхімвалакно” — найбуйнейшае прадпрыемства ў Магілёве. На ім працуе дзесяць тысяч чалавек.

“Скарачэньня ня будзе, будзе прывядзеньне ў адпаведнасьць з патрэбнай колькасьцю. Дзесяць тысяч для такога прадпрыемства — гэта крыху зашмат. Летась мы на васямсот чалавек скарацілі. Пры гэтым ніводзін чалавек ня быў выгнаны за тэрыторыю. Усе былі забясьпечаныя працай”, — запэўнівае генэральны дырэктар “Магілёўхімвалакна” Сяргей Пузевіч.

Спыніліся спажыўцы прадукцыі аб’яднаньня “Магілёўхімвалакно”

Заявы пра цяжкасьці на прадпрыемстве зьявіліся неўзабаве пасьля наведваньня “Хімвалакна” прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім.

“Семдзесят працэнтаў — гэта экспарт, а з экспарту блізу 60—65 працэнтаў — гэта рэалізацыя на Расею. Ну вось, зараз, у сувязі з тым, што дужа рэзка спыніліся спажыўцы нашай прадукцыі ў Расеі, асабліва зь лёгкай прамысловасьці, аўтамабільнай прамысловасьці, — таму мы вымушаныя пераразьмяркоўваць адгрузкі”, — кажа Сяргей Пузевіч.

Міхась Залескі
Эканаміст Міхаіл Залескі лічыць, што такія прадпрыемствы, як “Магілёўхімвалакно”, закладаліся як частка агульнасавецкага прамысловага комплексу. Адсюль і праблемы. Сусьветны крызіс толькі іх абвастрыў.

“Яны зь якімі прадпрыемствамі былі заплянаваныя супрацоўнічаць, з тымі пераважна й супрацоўнічаюць. Новыя рынкі знайсьці цяжка. Мы ня маем такога ўнутранага попыту. Мы ня маем багатых немцаў ці мільярда кітайцаў, якім ёсьць куды расьці на ўнутраным рынку”, — зазначае эканаміст.

ВАЎКАВЫСК

У Ваўкавыску працаўнікі тутэйшага ўчастку Беларускай чыгункі скардзяцца, што ім ужо ня плацяць штомесячную прэмію.

Са слоў супрацоўнікаў участку, якія адмовіліся называць свае прозьвішчы, прэмія ў кожнага розная, але гэта адчувальны дадатак да заробку.

Людзі абяцанкам ужо ня вераць

Першы спадар: “Я атрымліваў заробак 660 тысяч, а ў гэтым месяцы — 470 тысяч. Недаплацілі прэміі рабочага, так у мяне ў разьліковым лістку яна запісвалася”.

Другі спадар: “Зьменшыўся заробак нашмат. Ну, колькі я недаатрымаў? Выходзіць, 250 тысяч”.

Рабочыя выказваюць незадаволенасьць, хаця начальства абяцае, што зь цягам часу недаатрыманыя грошы будуць даплочаныя, і спасылаецца на сусьветны крызіс. Тым ня менш, людзі ў абяцанкі ня вераць.

Спадар: “Цяпер атрымліваецца, што звычайны рабочы ў нас атрымлівае больш за інжынэра. Я раней працаваў сьлесарам 6 разраду, а калі перайшоў на пасаду інжынэра, заробак па 12 разрадзе быў такі самы. А цяпер, як прыбралі гэтую прэмію, я атрымліваю як рабочы 4 разраду”.

Я зьвярнуўся ў Баранавіцкае аддзяленьне БЧ, каб высьветліць, чаму ІТРаўцам недаплацілі прэміі. Начальнік аддзелу працы й заробкаў Ала Гаева адмовілася мне камэнтаваць сытуацыю, але заявіла, што загаду на зьняцьцё прэміі рабочага ў іх нібыта не існуе.

Гаева: “Па-першае, штомесячны заробак у нас бывае абсалютна розны, і памер прэмій — таксама. У адным месяцы можа быць 10%, а ў другім — 40%. Усё залежыць ад выкананьня паказчыкаў, ад фінансавай дзейнасьці Беларускай чыгункі”.

СЛУЦАК

На прадпрыемстве “Слуцак-модуль” цяпер працуе толькі ліквідацыйная камісія. Падлічваюцца страты завода-банкрута, які раней вырабляў прыборы для дыягностыкі пускавых ракетных комплексаў, а пасьля — піўныя сталы і лаўкі для нямецкіх бюргераў. Пра становішча працаўнікоў паведаміў жыхар Слуцку Алесь Смоляк:

“Скарачаюць людзей паўсюдна, вядуць да бунту”

“Нехта разьлічвае, калі прадпрыемства ліквідуецца, застацца да апошняга дня. У гэтым выпадку спадзяваньні, каб звольнілі па адпаведным артыкуле аб банкруцтве, і ў такім выпадку можна будзе атрымаць грашовую кампэнсацыю. Некаторыя ж не чакаюць гэтага і звальняюцца, самастойна шукаюць свайго шчасьця”.

Паводле зьвестак цэнтру занятасьці насельніцтва Слуцкага гарвыканкаму, у горадзе апошнім часам павялічваецца беспрацоўе. Збанкрутавала трыкатажная фабрыка. Спыніўся піўзавод. Пагоршылася сытуацыя на заводзе вырабу воцату. Гаворыць Ірына Гузіч, якая ў свае 53 гады апынулася бяз працы:

“Вой, ведаеце — гэта толькі пачатак. Будзе яшчэ нашмат горш. Скарачаюць людзей паўсюдна. Вядуць да бунту. Недарэмна ж цяпер войскі ўнутраныя павялічваюць. Я прачытала ў адной з крыніцаў, што нелюдзі ва ўладзе. Так яно і ёсьць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG