Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея апускае рубель скачком


Цэнтральны Банк Расеі ўстанавіў новую мяжу гэтак званага тэхнічнага валютнага калідору для расейскага рубля, падвысіўшы яе на 10 адсоткаў. Інакш кажучы, расейскі ўрад дапусьціў магчымасьць далейшай дэвальвацыі рубля -- да мяжы 36 рублёў за адзін даляр. Сёньняшні афіцыйны курс абмену ў Маскве — 32,89 рубля за адзін даляр.

Абменны курс расейскага рубля прывязаны да дзьвюхвалютнага кошыка (0,55 даляра і 0,45 эўра). Аб’яўляючы далейшую дэвальвацыю рубля, старшыня Цэнтральнага Банку Сяргей Ігнацьеў сказаў, што верхняя мяжа тэхнічнага калідору дзьвюхвалютнага кошыка павышаецца да 41 рубля. Беручы пад увагу сёньняшнія абменны курс даляра да эўра ды згаданы кошык, атрымаем якраз, што расейскі ўрад дазволіў рублю апусьціцца да ўзроўню 36 рублёў за адзін даляр.

Узьнікае пытаньне: а што будзе далей, калі ўжо рубель абясцэніцца да гэтага ўзроўню? І як доўга прыйдзецца чакаць гэтага моманту?

Паводле Ігнацьева, "гутарка ідзе не пра дні, не пра тыдні, а менавіта пра месяцы". Кажучы прасьцей, урад спадзяецца, што цяпер, нягледзячы на сусьветны фінансавы крызіс, рубель можа стабілізавацца на больш працяглы час.

Паводле эканамічнага аглядальніка Расейскай службы Радыё Свабода Сяргея Сянінскага, абясцэньваньне расейскага рубля адбываецца пад ціскам двух асноўных чыньнікаў:

Сянінскі: "З аднаго боку, даходы ад экспарту нафты зьяўляюцца адной з галоўных крыніцаў даходаў Расеі. Калі гэтыя цэны падаюць, натуральна, што валюта павінна рэагаваць нейкім чынам. З другога боку, пачынаючы са жніўня мінулага году, пасьля ваенных дзеяньняў у Грузіі, з Расеі зь вялізарнай хуткасьцю пачаў выцякаць капітал. Замежныя інвестары пачалі яго вывозіць. Таму дэвальвацыя крок за крокам была спробай Цэнтральнага Банку Расеі паўстрымаць вельмі вострае падзеньне рубля, якое было б немінучым".

Сусьветныя цэны на нафту ўпалі з узроўню 140 даляраў за барэль у чэрвені летась да 40 даляраў за барэль сёньня. Ацэньваецца таксама, што летась з Расеі было вывезена 130 мільярдаў даляраў замежнага капіталу.

Каб падтрымаць курс рубля, цягам некалькіх апошніх месяцаў расейскі ўрад выдаткаваў больш за 100 мільярдаў даляраў зь міжнародных рэзэрваў краіны, скараціўшы іх на чвэрць.

Нагадаем, што пачынаючы зь сярэдзіны лістападу Цэнтральны Банк праводзіў плаўную дэвальвацыю расейскага рубля — за гэты час адбылося каля дзьвюх дзясяткаў "міні-дэвальвацый". Рубель абясцэніўся на 24 адсоткі. А цяпер адбыўся даволі рэзкі скачок — рублю афіцыйна дазволілі ўпасьці на 10 адсоткаў.

Паводле Сянінскага, заяўляючы, што гэтая дэвальвацыя будзе апошняй на "некалькі месяцаў", Цэнтральны Банк Расеі стараецца прадухіліць спэкуляцыі валютай:

Сянінскі: "Праграмаваная дэвальвацыя стварала выдатныя ўмовы для валютных спэкуляцый. Экспэрты даўно падлічылі, што даходнасьць ад укладаньняў у валютны рынак у рублях на пачатак лістапада, у параўнаньні з тым, што можна было атрымаць у пачатку студзеня, склала 150 адсоткаў на год”.

Галоўны эканамічны дараднік прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева Аркадзій Дварковіч спадзяецца, што расейская валюта стабілізуецца на ўзроўні 35 рублёў за адзін даляр. Але Крэмль, відаць, ня надта давярае гэтаму прадказаньню, бо ўсё-ткі ня хоча адпусьціць рубель у "свабоднае плаваньне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG