Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці просіць Лукашэнку памілаваць сына


Анастасія Фёдарава
Анастасія Фёдарава

Маці асуджанага шклоўскага актывіста партыі БНФ Аляксандра Фёдарава пісьмова зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі й генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча з просьбай перагледзець крымінальную справу супраць яе сына й вызваліць яго.


Сямідзесяцісямігадовая Анастасія Фёдарава лічыць вырак сыну несправядлівым і прыводзіць прыклады мякчэйшых прысудаў за цяжэйшыя злачынствы, зьдзейсьненыя кіраўнікамі буйных дзяржаўных і камэрцыйных арганізацыяў. У зваротах яна згадвае выракі былому дырэктару “Белнафтахіму” Аляксандру Бароўскаму й былому дырэктару гандлёвага дома “Ждановічы” Яўгену Шыгалаву.

“Мне як маці балюча глядзець на несправядлівасьць судовых уладаў у адносінах да майго сына. Я хачу пабачыць яго ў свае немаладыя гады на свабодзе”, — піша ў звароце Анастасія Фёдарава.

Аляксандар Фёдараў
Кіраўніка шклоўскай суполкі партыі БНФ Аляксандра Фёдарава асудзілі на пяць гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Шклоўскі суд прызнаў Фёдарава вінаватым у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, парушэньні парадку выплаты заробкаў ды прысабечваньні дзяржаўнай маёмасьці на чатырнаццаць мільёнаў рублёў.

На судзе Фёдараў часткова сваю віну прызнаў, аднак зазначыў, што парушэньні ён рабіў дзеля патрэбаў вытворчасьці. Паводле яго, кацельні, якімі ён кіраваў, былі цэнтральнымі і ацяпляюць важныя дзяржаўныя аб’екты — райвыканкам, пракуратуру, школы. Фінансаваньня гэтых кацельняў недастаткова для таго, каб падтрымліваць іхную працу.

Аляксандар Фёдараў — актыўны ўдзельнік выбарчых кампаніяў. У 2001 годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, яго арыштоўвалі на загад раённага пракурора, але хутка вызвалілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG