Зараз спадар Суорц на пэнсіі, на грамадзкіх пачатках працуе выканаўчым дырэктарам Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў пры Паўднёва-Заходнім каледжы ў Канзасе. Цягам тыдня Дэвід Суорц выкажа сваё бачаньне пэрспэктыў разьвіцьця стасункаў ЗША і Беларусі. Аднак перад тым – ягоны погляд на прынцыпы і канцэпцыю зьнешняй палітыкі новай амэрыканскай адміністрацыі.
– На першым месцы – гэта ўмацаваньне нацыянальнай бясьпекі. Што, канечне, азначае бясьпеку індывідуальна кожнага амэрыканскага грамадзяніна. Аднак тое зусім ня новая лінія новага кіраўніка дзяржавы – гэта працяг палітыкі ягоных папярэднікаў.
Другое: практычна беспрэцэдэнтны фінансава-эканамічны крызіс, які ня толькі ЗША – увесь сьвет мусіць утаймоўваць. Між іншым, уключна зь Беларусьсю. Тут вельмі важны фактар фарміраваньня зьнешняй палітыкі новай адміністрацыі.
Як я разумею, акрамя павелічэньня амэрыканскай бясьпекі яна будзе таксама прасоўваць нашы амэрыканскія інтарэсы і адлюстроўваць нашы каштоўнасьці.
Адміністрацыя Барака Абамы захоча дапамагаць у будаўніцтве міру з большай колькасьцю партнэраў і меншай – праціўнікаў. Больш партнэраў і менш праціўнікаў – такі дэвіз.
Новая зьнешняя палітыка будзе зьліцьцём, саюзам, шлюбам прынцыпаў і прагматызму.
Будзе дамініраваць ня жорсткая, а – гнуткая ідэалёгія.
ЗША мусяць працягнуць руку як сябрам, так і праціўнікам. Як кажуць у новай адміністрацыі – неабходна стварыць новыя альянсы і ўмацаваць ужо існыя.
І, нарэшце, новая адміністрацыя прадугледжвае вядучую ролю дыпляматыі ў ажыцьцяўленьні зьнешнепалітычных мэтаў краіны.
Канечне, як я ўжо казаў, у кантэксьце існуючага фінансава-эканамічнага крызісу. Як у ЗША, так і ў астатняй частцы сьвету.
Усё гэта разам і зьяўляецца, у прынцыпе, канцэпцыяй новай адміністрацыі ў зьнешняй палітыцы.