Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўратуе крэдыт МВФ беларускую эканоміку?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 13-га студзеня.

Выканаўчае бюро МВФ прыняло рашэньне выдзеліць Беларусі стабілізацыйны крэдыт памерам 2,46 мільярда даляраў. Чаму беларускія ўлады зьвярнуліся да МВФ з просьбай аб крэдыце? Чым тлумачыцца рашэньне Міжнароднага валютнага фонду? Што ўяўляе сабой антыкрызісная праграма беларускага ўраду?

Удзельнікі: кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і эканаміст дасьледчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і мэнэджмэнту Зьміцер Крук.

Чаму Беларусь зьвярнулася да МВФ з просьбай аб крэдыце?

Валер Карбалевіч: “Вядома, што ў 1990-я гады беларускія ўлады ня толькі не сябравалі з МВФ, а нават сварыліся. Лукашэнка даводзіў, што ідэя рэформаў, якія прапаноўваў фонд, — гэта падступны плян Захаду, каб зьнішчыць нашу эканоміку. Выступаючы ў расейскай Дзярждуме ў кастрычніку 1999 году, беларускі кіраўнік казаў: “Навошта вы стаіце на каленях перад гэтым жульлём з МВФ?” І вось цяпер Беларусь зьвярнулася да МВФ з просьбай аб крэдыце. Што здарылася, чаму беларускія ўлады памянялі сваю пазыцыю?”

Яраслаў Раманчук:
“Здарыліся сур’ёзныя праблемы ў эканоміцы. Узьнік шок гандлёвага балянсу, плацёжнага балянсу. Упалі цэны на асноўныя экспартныя тавары Беларусі. Узьнік хранічны дэфіцыт валюты. Эканоміка страчвае канкурэнтаздольнасьць.

Патрэбныя крэдыты. Расея выдае крэдыты, але выстаўляе палітычныя ўмовы. Прыватныя структуры даваць крэдыты ня могуць, бо разьвіваецца сусьветны крызіс. Таму ўлады зьвярнуліся да міжнародных фінансавых арганізацый, якія зьяўляюцца крэдыторам апошняй надзеі.

Таму Лукашэнка нават пахваліў МВФ за канструктыўнасьць, таксама пахваліў ЗША, якія спрыялі выдзяленьню крэдыту Міжнароднага валютнага фонду”.

Зьміцер Крук: “Сапраўды, асноўнай праблемай беларускай эканомікі стала праблема дэфіцыту замежнагандлёвага балянсу. Яна ўсур’ёз паўстала перад уладамі Беларусі яшчэ на пачатку 2007 году. Тады беларускія прадпрыемствы, банкі маглі пазычаць сродкі за мяжой. Але з пачаткам сусьветнага крызісу гэта стала цяжка.

У такой сытуацыі дэфіцыт замежнагандлёвага балянсу можна было кампэнсаваць за кошт альбо замежных інвэстыцый, альбо крэдытаў ад замежных дзяржаў. Але ва ўмовах крызісу інвэстыцыі прыцягнуць цяжка. А адзіная дзяржава, якая гатовая крэдытаваць Беларусь, — гэта Расея. Але яна, сапраўды, выстаўляе палітычныя ўмовы.

У такой сытуацыі засталося зьвяртацца да міжнародных фінансавых арганізацый, якія выдаюць крэдыты без палітычных умоваў. Акрамя таго, працэнтныя стаўкі крэдытаў там меншыя, чым у Расеі”.

Чаму МВФ выдзеліў крэдыт Беларусі?

Карбалевіч: “Вось мае суразмоўцы адзначылі, што Расея дае крэдыты, выстаўляючы пэўныя палітычныя ўмовы. Але вядома, што Міжнародны валютны фонд — гэта не дабрачынная арганізацыя. У яе дзейнасьці існуе значны палітычны складнік. Там моцны ўплыў краін Захаду, асабліва ЗША. Дачыненьні Беларусі з Захадам застаюцца складанымі. Тым ня менш крэдыт выдзелены. Чаму МВФ выдзеліў крэдыт?”

Раманчук: “Цяпер на Захадзе зьявілася мода на дыялёг зь Беларусьсю. Там дамінуе думка, што трэба даць шанец Лукашэнку, працягнуць яму руку дапамогі і ўцягнуць у працэсы каапэрацыі ў Эўропе і ў сьвеце.

Акрамя таго, фармальна макраэканамічны стан у Вугоршчыне, Латвіі, Украіне, якія таксама зьвярнуліся з просьбай аб крэдыце, быў горшы, чым у Беларусі. У такой сытуацыі ня даць крэдыт Беларусі было б палітычным рашэньнем.

МВФ выдзяляе крэдыт часткамі, пад пэўныя ўмовы. Гэта тэхнічнае рашэньне. Але яно зьяўляецца вынікам зьмены палітычных настрояў адносна Беларусі ў Вашынгтоне і Брусэлі”.

Крук: “Перамовы, якія ішлі паміж дэлегацыямі МВФ і беларускага ўраду, тычыліся толькі эканамічных пытаньняў. МВФ — толькі эканамічная арганізацыя. Яна ня мае ніякага палітычнага мандату.

У поўнай адпаведнасьці з статутам МВФ Беларусь зьвярнулася да гэтай арганізацыі, прызнала свае праблемы з гандлёвым балянсам. Потым беларускі ўрад пагадзіўся выконваць патрабаваньні МВФ і зьмяняць эканамічную палітыку. Таму фонд ня мае ніякіх падстаў адмовіць Беларусі. Хоць перамовы і былі цяжкімі, але палітычныя чыньнікі адсутнічалі”.

Антыкрызісная праграма беларускага ўраду

Карбалевіч: “Як адзначаюць прадстаўнікі МВФ, фонд ухваліў антыкрызісную праграму беларускага ўраду. Вядома, што яна прадугледжвае скарачэньне дзяржынвэстыцый і мэтавых банкаўскіх крэдытаў, замарожваньне росту заробкаў, дэвальвацыю рубля і інш. Як можна ацаніць гэтую праграму?”

Раманчук: “Гэтая праграма мала адрозьніваецца ад таго, што рабіў беларускі ўрад апошнія пяць гадоў, акрамя замарожваньня заробкаў, дэвальвацыі рубля, зьмяншэньня падаткаў. Там няма ўмовы лібэралізацыі цэнаў. Урад плянуе працягваць выкананьне вялікіх і неэфэктыўных інвэстыцыйных праграм, хоць гэта замарожвае капітал і зацягвае краіну ў даўгавую пятлю.

Вядомыя прыклады, калі МВФ выдаваў краінам крэдыты, а яны былі выкарыстаны неэфэктыўна. Гэта Кіргізія, Малдова, Мэксыка, Турэччына. Там крэдыты не аздаравілі эканоміку, а паглыбілі крызіс”.

Крук: “Праграма МВФ прадугледжвае макраэканамічную стабілізацыю, прычым кароткатэрміновую. Думаць пра доўгатэрміновую пэрспэктыву эканомікі Беларусі — гэта не задача МВФ, гэта задача беларускага ўраду. А для МВФ важна палепшыць сытуацыю з дэфіцытам гандлёвага балянсу і дэфіцытам дзяржбюджэту. Фонд выстаўляе стандартныя ўмовы, як для ўсіх краін.

Пакуль не надрукаваны поўны мэмарандум, падпісаны МВФ і ўрадам Беларусі. На сайце МВФ зьявілася толькі рэзюмэ, дзе адзначаюцца ўсяго некалькі ўмоваў выдзяленьня крэдыту: скарачэньне дзяржаўных выдаткаў, замарожваньне росту заробкаў, дэвальвацыя рубля, лібэралізацыя цэнаў”.

Што ўлады хаваюць ад грамадзтва

Карбалевіч: “Аляксандар Лукашэнка 9 студзеня, выступаючы на цырымоніі прызначэньня кадраў, адзначыў, што МВФ патрабуе толькі замарожваньня росту заробкаў і дэвальвацыі рубля. То бок улады хаваюць ад грамадзтва, што крэдыт МВФ выдзелены пад праграму рынкавых рэформаў. Чаму?”

Раманчук: “Небясьпека для Беларусі хаваецца ў тым, што якраз МВФ выстаўляе да Беларусі стандартныя патрабаваньні. Адна справа, калі яны выстаўляюцца адносна краіны з рынкавай эканомікай, кшталту Вугоршчыны ці Латвіі. І другая справа — Беларусь, краіна зь нярынкавай эканомікай.

Праблема ў тым, што МВФ грошы дае, а ўрад не імкнецца скарачаць дзяржаўныя выдаткі. Крэдыт выдзяляецца пад антыкрызісную праграму, а сама праграма яшчэ не зацьверджана. У праекце, які я бачыў, перапісаныя захады, якія рабіліся і год, і два таму. Там захоўваюцца і праграма будаўніцтва аграгарадкоў, і іншыя неэфэктыўныя праграмы, якія давялі Беларусь да цяперашняга стану”.

Крук: “Ня трэба блытаць мэмарандум, які падпісваюць МВФ і ўрад Беларусі, і антыкрызісную праграму. Гэтую праграму распрацоўвае ўрад для ўнутранага карыстаньня, але на падставе мэмарандуму.

Магчыма, сапраўды ўлады ня надта афішуюць свае захады на падставе патрабаваньняў МВФ. Бо гэта супярэчыць дэкляраванай сацыяльнай скіраванасьці дзяржаўнай палітыкі. Вось парлямэнт прыняў бюджэт з дэфіцытам яшчэ восеньню. Але нядаўна кіраўнік дзяржавы падпісаў новы варыянт бюджэту — без дэфіцыту”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG