Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі досьвед для беларускай ідэнтычнасьці


Выйшла ў сьвет другая кніжка альманаху “Друвіс”. Цэнтар этнакасмалёгіі “Крыўя” прысьвяціў яго Літве — краіне, дзяржаве, народу. Аўтары дасьледуюць тое, што лучыць сучасных беларусаў і літоўцаў: агульныя этнічныя вытокі, традыцыйную культуру, гістарычную мінуўшчыну.

У чым актуальнасьць гэтай праблемы? З такога пытаньня Вячаслаў Ракіцкі пачаў гутарку з укладальнікам нумару, этнакультуролягам Аляксеем Дзермантам.

Дзермант: На мой погляд, у Беларусі дагэтуль ня скончаны пошук самасьці — пошук сябе ў сьвеце паміж палітычнымі і геакультурнымі каардынатамі. І зварот да першапачаткаў актуальны, бо ён стымулюе разьвіцьцё беларускай ідэі, беларускай нацыі.

Ракіцкі: Якія пачаткі вы адшукалі? Якія пачаткі вы лічыце самымі галоўнымі?

Аляксей Дзермант
Дзермант: На наш погляд, літоўцы зьяўляюцца ў этнічным сэнсе для беларусаў найбліжэйшым народам. Яны ня проста суседзі, а сапраўды крэўныя браты, бо балцкі субстрат, які абумоўлівае адметнасьць беларусаў, — гэта тое ж самае, на чым паўставала і літоўская нацыя. Плюс момант гісторыі стварэньня супольнага гаспадарства, якое немагчыма падзяліць паводле нацыянальных прыкметаў, маўляў, той быў літоўцам, а той — беларусам. Гэта было б падгонкай нейкіх сучасных рэаліяў пад даўніну. Мы стараемся ад гэтага адмежавацца, разглядаючы гісторыю як самадастатковую. Мы маем унікальны прыклад стварэньня дзяржавы (прычым, стваралася яна яшчэ ў паганскія часы) — дзяржавы, якая не належала да тагачасных актуальных полюсаў, ні заходняга, ні ўсходняга, а балянсавала (і досыць удала) паміж імі. Мы разглядаем яе як пэўны ўзор і для сёньняшняга дзяржаўнага, палітычнага і эканамічнага існаваньня Беларусі. Мне здаецца, што ў рэаліях балянсу паміж Эўрапейскім Зьвязам і Расеяй гэты досьвед можа быць вельмі карысным.

Вячаслаў Ракіцкі
Ракіцкі: Цягам дзесяцігодзьдзяў вядзецца, калі не адкрытая, дык на навуковым роўні, барацьба паміж суседнімі народамі за гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага — старажытнай беларуска-літоўскай дзяржавы. Ваш цэнтар этнакасмалёгіі “Крыўя” гэты нумар выпусьціў зь літоўскімі калегамі-навукоўцамі. Хто яны, вашы партнэры ў Літоўскай рэспубліцы?

Дзермант: Мы ўжо даўно кантактуем зь літоўскімі калегамі, нашымі сябрамі і аднадумцамі. Прысутнасьць літоўскіх аўтараў была для нас прынцыповай для таго, каб паказаць беларускаму чытачу, што ў Літве працуюць людзі, вельмі прыязныя да Беларусі, якія адчуваюць нас сапраўды сукрэвічамі.

Ракіцкі: У гэтым альманаху ўсё вельмі гладка, ці ўсё ж мы можам там прачытаць канфліктнасьць паміж літоўскім поглядам і беларускім на агульную гісторыю?

Дзермант: Само пытаньне, што такое беларускі погляд, а што такое літоўскі, ужо праблематычнае. Калі казаць пра тыя тэндэнцыі, якія пашыраныя ў беларускай гістарыяграфіі, дык беларускасьць распазнаецца ў гісторыі паводле праваслаўя, русінства, славянства і таму падобнага. Мы ж мяркуем, што такі набор прыкметаў для апазнаваньня беларускасьці, зусім неабавязковы.
Чаму мы ня можам уважаць за сваіх жа продкаў тых, хто яшчэ размаўляў па-балцку, быў каталіком ці паганцам?!
Чаму мы ня можам уважаць за сваіх жа продкаў тых, хто яшчэ размаўляў па-балцку, быў каталіком ці паганцам?! Чаму гэта мы пакідаем літоўцам, аддзяляем ад сваёй ідэнтычнасьці?! Мы мяркуем, што ня варта гэтага рабіць, бо гэта не адпавядае гістарычным рэаліям.

Ракіцкі: Ці змогуць літоўскія чытачы пазнаёміцца з матэрыяламі гэтага альманаху?

Дзермант: Я спадзяюся, што ў найбліжэйшай будучыні зь літоўскімі калегамі, сябрамі мы паспрабуем выдаць з двух нумароў “Друвіса” адзін. Тыя тэксты беларускіх аўтараў, якія, як мы мяркуем, могуць быць цікавымі літоўскаму чытачу, мы хацелі б перакласьці на літоўскую мову.

Ракіцкі: Хто спрыяе вельмі складанай навуковай працы? Вы ж не акадэмічны інстытут…

Дзермант: Зь літоўскага боку — навукоўцы, улучна з акадэмічнымі. Ёсьць проста энтузіясты. Таксама варта згадаць арганізацыйную і маральную падтрымку супрацоўнікаў амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Менску.

Ракіцкі: Дзе ў Беларусі можна набыць гэты нумар альманаху?

Дзермант: Падрабязна пазнаёміцца са зьместам, даведацца, дзе можна набыць і нават пагартаць яго, можна на нашым сайце www.Kryuja.org.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG