Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў вачох іншых народаў


Вячаслаў Ракіцкі, Прага (Эфір 24 лютага 2005 г.) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае філёзаф Валянцін Акудовіч

(Ракіцкі: ) “Што асобны чалавек, што нацыя фармуюць свой вобраз знутры сябе. Натуральна, гэты вобраз значна розьніцца ад таго, якімі мы выяўляемся іншым. Тое, што ў нас вызначаюць знадворку, можа нам не падабацца і нават лічыцца за аблуду, але не павінна ня ўлічвацца намі. Бо ў сучаснай цывілізацыі, дзе ўсе ўшчыльную павязаныя з усімі, ад таго, як цябе ўспрымаюць у сьвеце, залежыць вельмі шмат. Будзеш мець адметны і станоўчы вобраз – да цябе прыгарнуцца і з далёкага замежжа, а прыдбаеш адмоўны – адвернуцца і суседзі… Але што ўплывае на фармаваньне іміджу пэўнай нацыі ці пэўнага народу?”

(Акудовіч: ) “Найперш, гэта актыўны ўдзел у значных гістарычных падзеях. Але паколькі ў кожнай гістарычнай падзеі сутыкаюцца сілы дабра і зла, дык тут істотна апынуцца на тым баку, які супрацьстаіць злу. Беларусы не займелі нічога дадатнага да свайго іміджу ад хаўрусу зь “імпэрыяй зла” (як некалі назваў Савецкі Саюз Рональд Рэйган). А вось удзел беларусаў у змаганьні з фашызмам шмат дадаў да фармаваньня станоўчага вобразу нацыі.”

(Ракіцкі: ) “Ці можна казаць пра нейкі ўстойлівы імідж беларусаў сярод іншых народаў?”

(Акудовіч: ) “Наш гістарычны лёс складваўся такім чынам, што ў розныя эпохі мы выступалі пад рознымі найменьнямі – крывічы, ліцьвіны, беларусы… З гэтага атрымлівалася, што мы раз-пораз як бы зьнікалі ў нікуды і пасьля кожнага такога зьнікненьня нам трэба было наноў даводзіць міжнароднай супольнасьці, што мы ёсьць насамрэч. Адсюль і паходзіць асноўная праблема з нашай пазнавальнасьцю. Далучым сюды і тое, што семдзесят гадоў за камуністамі беларусы былі схаваныя ў такую абстракцыю, як “савецкі народ”.”

(Ракіцкі: ) “Тады давайце пакуль абмяжуем прастору нашай гаворкі блізкай гісторыяй, вынікі якой разьвіваюць ці пераадольваюць сучасныя беларусы. СССР, 20-е стагодзьдзе. У сьвеце, на жаль, беларусаў ведалі як людзей савецкіх ці як рускіх. Рускімі называлі нават грузінаў ці казахаў. Але ў межах СССР беларусаў адрозьнівалі ня толькі ад казахаў ці кіргізаў, але і ад рускіх, украінцаў, літоўцаў, латышоў. Дык як успрымалі беларусаў іншыя народы былога СССР?”

(Акудовіч: ) “Тады, калі існавала камуністычная імпэрыя, беларусы мелі свой устойлівы імідж. І гэта быў досыць станоўчы імідж. Амаль ва ўсім Савецкім Саюзе беларусы ўспрымаліся як спакойныя, працавітыя, памяркоўныя і разам з тым даволі адказныя людзі. Не выпадкова ў савецкім войску яны лічыліся сярод лепшых і бязь іх не абыходзілася ні адна збройная авантура камуністычных уладаў. Праўда, мянушка ў беларусаў была ня вельмі паважнай – “бульбашы”. Але зьніжанасьць, іронія, скептыцызм – гэта, так бы мовіць, родавая прыкмета хоць якой мянушкі. Гэткім чынам, праз прыніжэньне другога, кожны народ спрабуе давесьці сваю вершнасьць над іншымі. Таму калі пасьля Другой усясьветнай вайны беларусы прыдбалі сабе яшчэ адну, ужо гераічную мянушку – “партызаны”, дык і яна звычайна вымаўлялася з прысьмехам.”

(Ракіцкі: ) “У чым была прычына даволі прыязнага вобразу беларусаў у Савецкім Саюзе? Наколькі ён адпавядаў сапраўднасьці? А можа, гэты станоўчы імідж быў зманіпуляваны маскоўскімі ідэолягамі ў кампэнсацыю за нашу прыхільнасьць да русіфікацыі і камунізацыі? Так бы мовіць, у прыклад іншым: ідзіце сьлядамі беларусаў, і вас усе будуць паважаць...”

(Акудовіч: ) “У нейкай ступені нешта такое магло быць. Але карэнны вобраз народу праз піяр-тэхналёгіі не зманіпулюеш. Ідэалягічныя высілкі ў гэтым напрамку мелі хутчэй адваротны вынік. З асабістага досьведу ведаю, што прыбалты досыць нэгатыўна ацэньвалі беларусаў як нацыю менавіта за нашу схільнасьць да русыфікацыі. Як і заходнія ўкраінцы. У васьмідзесятыя гады (ужо прамінулага стагодзьдзя) я ладзіў шмат вандровак у Карпаты і, пачуўшы нашу расейскую гамонку, жыхары горных вёсак літаральна ашчэрваліся. Праўда, даведаўшыся, што мы не з Расеі, а зь Беларусі, іхнія твары лагоднелі, але стоеная варожасьць да нашай расейскасьці і нашай савецкасьці заставалася.”

(Ракіцкі: ) “Зрэшты, было б нават і дзіўна, каб у вялізнай імпэрыі з мноствам розных нацыяў, народаў і народнасьцяў хоць да каго б там ні было ўсе ставіліся аднолькава. Але тое, што ў Савецкім Саюзе Беларусь і беларусаў добра ведалі і вылучалі сярод іншых – дык гэта напэўна.”

(Акудовіч: ) “Бачыце, беларусы, калі заўгодна, былі адной з галоўных нацыяў імпэрыі, на што ўскосна паказвала і пэрсанальнае сяброўства ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Да таго ж, мы лічыліся хоць і малодшым, але родным братам валадара гэтай імпэрыі – расейскага чалавека. І ў адрозьненьні ад сярэдняга брата, украінца, мы былі любімым братам, бо ня мелі ні вялікіх амбіцыяў, ні прэтэнзіяў да Расеі. Але рэч, зразумела, ня толькі ў гэтым. Беларусь сталася самай індустрыялізаванай часткай імпэрыі. Нашы аўтамабілі, лядоўні, тэлевізары і шмат чаго яшчэ можна было сустрэць паўсюдна – ад Брэста да Камчаткі, а трактар “Беларус” працаваў ці ня ў кожным калгасе неабсяжнай дзяржавы. З усяго гэтага нас у Саюзе ведалі, бадай, лепей, чым мы самі ведалі сябе ды й думалі пра нас, як мне падаецца, лепей, чым мы самі думалі пра сябе.”

(Ракіцкі: ) “Але ў 1991 годзе камуністычны саюз раструшчыўся ўшчэнт, і беларусы засталіся сам-насам з усім тым вялікім сьветам, які пра іх, замураваных у імпэрыі, раней нічога ня ведаў. Бо дагэтуль, як ужо казалася, для вялікага сьвету ўсе беларускія навукоўцы, спартоўцы, майстры культуры і палітычныя дзеячы былі “рускімі” ці “савецкімі”. А тут аднекуль зьнянацку зьявіліся нейкія беларусы… Дык давайце далей пагаворым, як сёньня беларусаў успрымаюць там, дзе раней іх ніколі не было.”

(Акудовіч: ) “У 1991 годзе незалежная Беларусь нагадвала мне чалавека, які ня мае свайго ценю. Усё ў яго быццам як у людзей, але ценю няма, і яму ад гэтага ніякавата. Тут пад ценем я маю на ўвазе нацыянальны міт, празь які мы перадусім і адрозьніваем для сябе той ці іншы народ. Зрэшты, у гэтым сэнсе сытуацыя і сёньня ня лішне зьмянілася. Таму для бальшыні людзтва беларусаў па-ранейшаму няма – няма нават там, дзе з намі сустракаюцца наўпрост. Рэч тут вось у чым… Гэта суцэльная аблуда, быццам па асобным чалавеку вызнаюць народ ці краіну. За камуністамі, калі чалавека выпраўлялі ў замежжа, дык адпаведныя органы абавязкова нагадвалі: глядзі, трымайся годна, па табе будуць меркаваць аб усім савецкім народзе… Глупства. Усё адбываецца цалкам наадварот. Праз нацыянальную міталёгію мы ўжо наперад ведаем, якімі мусяць быць, скажам, італьянцы ці французы. Вось чаму вельмі часта можна пачуць зьдзіўленае: дык ён зусім не падобны да ангельца, гішпанца ці каго там яшчэ. Гэта значыць, той замежнік не адпавядае нашаму ўяўленьню пра ягоны народ…”

(Ракіцкі: ) “Вашую тэзу я зразумеў. Дык, зыходзячы з гэткай тэзы, якім будзе ваш адказ на ўжо пастаўленае мною пытаньне: як беларусаў сёньня ўспрымаюць у сьвеце?”

(Акудовіч: ) “Мой адказ будзе кораткім і катэгарычным – аніяк. І якраз таму, што чалавека нельга ўспрымаць беларусам, пакуль беларусы не прыдбаюць сабе больш-менш выразны нацыянальны міт, які будзе хоць трохі вядомы ў сьвеце.”

(Ракіцкі: ) “Гэта значыць, што за мяжой беларусаў пакуль пераважна ўспрымаюць не як беларусаў, а як проста людзей, якія жывуць у нейкай загадкавай краіне пад назвай Беларусь. Так?”

(Акудовіч: ) “Менавіта так. І таму кожны раз гэта іншая ацэнка, якая залежыць ад канкрэтных грамадзянаў Беларусі, што сутыкаюцца з замежнікамі – як і ад самой сытуацыі, у якой адбываецца гэтае сутыкненьне. Вось толькі адзін прыклад. На пачатку дзевяностых, калі былым савецкім грамадзянам дазволілі масава выяжджаць за мяжу, у Польшчы атабарылася ладная сьціжма бандыцкіх груповак зь Беларусі, якія займаліся рэкетам паяжджанаў у Эўропу. Тады ў палякаў склалася трывалае ўражаньне, што беларусы – гэта спрэс агрэсіўныя і бязьлітасныя рабаўнікі. Шчыра кажучы, калі я ўпершыню пачуў гэткае меркаваньне, то, хіба, і міжволі, але нават як бы ўзрадаваўся, бо так апрыкла ацэнка беларусаў, як нягеглых гаротнікаў, ня здатных да хоць якіх рашучых учынкаў… Але зь цягам часу польскія ўлады справіліся з тымі бандамі, і палякі пакрысе забыліся на беларусаў, як на адважных злодзеяў. Цяпер яны нас ужо зноў шкадуюць – няшчасных ахвяраў палітычнага гвалту. Дарэчы, цяпер нас шкадуюць ня толькі ў Польшчы, а ўсюды, дзе хоць трохі ведаюць пра Лукашэнку і зацугляны ягонай прагай улады беларускі народ.”

(Ракіцкі: ) “Разам з тым, шмат хто лічыць, што якраз дзякуючы палітыцы Лукашэнкі, якая не характэрная для сучаснай Эўропы, Беларусь сталася досыць вядомай у сьвеце, прынамсі – эўрапейскім...”

(Акудовіч: ) “Натуральна, усім нам хацелася б, каб вядомасьць беларусаў шырылася праз розныя станоўчыя “брэнды”, а не праз адмоўныя. Асабіста мне непрыемна, што куды б беларусы ў замежжы не прыяжджалі, усюды іх шкадуюць, як ахвяраў “апошняй дыктатуры Эўропы”. Няма гонару ў тваёй вядомасьці, калі празь яе цябе не паважаюць, а шкадуюць…”

(Ракіцкі: ) “Станаўленьне нацыянальнага міту ўсё ж залежыць ад самога народу. Міт, напэўна, распачнецца тады, калі беларусы нарэшце схамянуцца, узрушацца… Глядзіце, як “аранжавая рэвалюцыя” ва Ўкраіне палепшыла імідж украінцаў і пашырыла іхнюю вядомасьць у сьвеце”.

(Акудовіч: ) “Хацелася б верыць, што нешта падобнае некалі здарыцца і ў Беларусі. Аднак, на маё разуменьне фармаваньне нацыянальнага міту адбываецца незалежна ад нашых жаданьняў. Ніколі наперад нельга ведаць, якога кшталту падзея ці палітычная фігура будзе прэзэнтаваць твой народ перад усім людзтвам. Хто б з сучасьнікаў мог сабе ўявіць, што князь Дракула (насамрэч -- Улад Цепэш), адзін з найвялікшых садыстаў сьвету, які пасадзіў на кол тысячы няшчасных – некалі станецца загалоўным чыньнікам румынскага нацыянальнага міту.

А возьмем міт нямецкай нацыі. Ён жорсткі і нават страхалюдны, але гэта вялікі міт... Ня трэба блытаць нацыянальны міт з каляднай казкай для дарослых. Міт зусім не абавязкова мусіць падабацца тым, каго ён прэзэнтуе. Істотна тут толькі тое, каб ён быў, і быў менавіта як міт, а не як анэкдот. А пакуль яго няма, мы застаёмся падобнымі да чалавека без уласнага ценю.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG