Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве зносяць рынак. Людзі пратэстуюць


Сёньня ў магілёўскім мікрараёне “Саломінка” будаўнікі дэмантавалі гандлёвыя павільёны мясцовага рынку “Крыніца”. Першыя восем павільёнаў перавезьлі на новую рынкавую пляцоўку яшчэ пазаўчора. Цягам году прадпрымальнікі й жыхары мікрараёну дамагаліся ад улады, каб тая не пераносіла рынку. Чыноўнікі, аднак пастанавілі іначай. На месцы рынку пабудуюць спарткомплекс.

Улада апраўдвае ўзьвядзеньне спарткомплексу неабходнасьцю разьвіваць у мікрараёне сацыяльную інфраструктуру. Прадпрымальнікі ня супраць гэтага, аднак ня могуць зразумець, чаму пад спарткомплекс выбралі якраз тую пляцоўку, дзе рынак. Новая пляцоўка гандляроў не задавальняе, бо знаходзіцца ўбаку ад людных вуліц, а пераезд будзе вымагаць багата сродкаў, якія ім ніхто не кампэнсуе.

Першыя павільёны на новым месцы рынку зьявіліся пазаўчора. Улада абяцае, што рынак пачне працаваць да 1 лютага. Прастой прадпрымальнікам ніхто не абяцаў кампэнсаваць.

Каб рынак застаўся на ранейшым месцы, прадпрымальнікі ўвесну сабралі шэсьць тысяч подпісаў жыхароў мікрараёну. Пазыцыю ўлады гэта, аднак, не зьмяніла. Шостага студзеня на загад гарвыканкаму будаўнікі пачалі дэмантаж павільёнаў рынку.

“Адзінае меркаваньне, якое ў мяне засталося ад нашага супрацьстаяньня: „У іх уся ўлада, і ў каго ёсьць грошы, той і правіць баль“. Дэмакратыі ў нашай краіне я ня бачу. Яны адзінае, што паабяцалі, — што да першага лютага мы будзем працаваць. Аднак, гледзячы на тое, як яны тут намагаюцца разабраць, і яшчэ з той пляцоўкай ня ўсё гатова, і калі падключаць, нічога не вядома… Колькі мы яшчэ прастаім — месяц, два тры…” — разважае адзін з прадпрымальнікаў.

Тэхніка для дэмантажу павільёнаў на месцы

Сёньняшнія спробы будаўнікоў зрушыць павільёны зь месца да абеду не далі плёну. Павільёны, як высьветлілася, умерзьлі й не паддаваліся крану.

На рынку “Крыніца” пад’ёмныя краны ня могуць адарваць ад зямлі ўмерзлыя павільёны.

Нягледзячы на неспрыяльныя абставіны, некаторыя з гандляроў працягвалі сваю працу. Па звычцы сюды ішлі людзі. Набыўшы неабходнае, яны дзівіліся на тое, як будаўнікі змагаліся зь непадатлівымі павільёнамі.

Апошнія дні гандлю на рынку.


Хоць рынак ужо пачалі дэмантаваць, прадпрымальнікі не перастануць змагацца за яго. Як паведамляла “Свабода”, Ленінскі суд Магілёва прыняў да разгляду пазоў жыхара мікрараёну Саломінка, былога кандыдата на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Ігара Каваленкі супраць гарвыканкаму. Нагодай для суду сталася тое, што выканаўчая ўлада адмовілася рэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму.

Старшынём ініцыятыўнай групы 27 прадпрымальнікаў абралі Ігара Каваленку.

“Нягледзячы на тое, што ідзе дэмантаж кіёскаў, мы будзем дамагацца праз суд ад гарвыканкаму, каб ён зарэгістраваў ініцыятыўную групу. Сваёй адмовай ён парушыў нашы грамадзянскія правы. Гэта ня толькі маё рашэньне, гэта рашэньне яшчэ й прадпрымальнікаў і жыхароў”, — заяўляе Ігар Каваленка.

На рынку “Крыніца” гандлююць паўтары сотні прадпрымальнікаў. Гандлёвыя павільёны зьявіліся тут гадоў дзесяць таму. Цяпер іх блізу пяцідзесяці. Гаспадары кажуць, што кожны павільён абышоўся прыблізна ў дзесяць тысяч даляраў. У мікрараёне Саломінка пражывае больш за пятнаццаць тысяч чалавек. Тут дзьве школы й чатыры садкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG