Расейскі “Газпром” абвінаваціў Украіну ў крадзяжы газу, які ідзе на экспарт далей у Эўропу. Украіна адхіліла гэтыя абвінавачваньні, але прызнала, што “забірала газ для тэхнічных мэтаў, каб забясьпечыць надзейнасьць транзыту расейскага газу”.
Прэсавы прадстаўнік “Нафтагазу Украіны” Валянцін Зямлянскі сёньня у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што Украіна не адбірае расейскі газ і фактычна пачала выкарыстоўваць паліва з уласных сховішчаў.
“Газпром” таксама абвінаваціў “Нафтагаз Украіны” у тым, што кампанія “самаадхілілася” ад перамоваў аб пастаўках газу на 2009 год. Пастаўкі газу ва Украіну спыненыя ад 1 студзеня. Бакі ня могуць дамовіцца наконт цаны газу.
Украіна заявіла, што гатовая плаціць за газ 201 даляр за тысячу кубамэтраў. Масква спачатку патрабавала 418 даляраў за тысячу кубамэтраў, потым пагадзілася на 250. Летась цана газу для Ўкраіны складала 179,5 даляраў.
Расейскі бок таксама цьвердзіць, што Украіна не цалкам выплаціла запазычанасьць за газ за мінулы год. У Кіеве заявілі, што даўгоў няма.
“Газпром” павялічыў пастаўкі газу ў Эўропу у абыход Украіны – у прыватнасьці, павялічаны транзыт газу празь Беларусь на 20 млн. кубамэтраў за суткі. Паводле прэсавага сакратара “Газпрому” Сяргея Купрыянава, гэта не зьвязана са спыненьнем паставак газу ва Ўкраіну.
Раней “Нафтагаз Украіны” заяўляў, што гарантуе транзыт газу ў Эўропу, але не можа гарантаваць сынхроннай працы газатранспартных сыстэм Украіны, Расеі і краінаў Эўразьвязу.
Ва Ўкраіне пачалі выкарыстоўваць рэзэрвовыя запасы газу з падземных сховішчаў.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1