Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мірон завітаў на Гарадзеншчыну


Бел-чырвона-белыя сьцягі зьявіліся сёньня ў Лідзе, Наваградку і Горадні.


Пра чарговыя акцыі легендарнага Мірона распавёў Радыё Свабода ягоны зямляк, віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда.

Спадар Хамайда кажа, што пра акцыі яму паведамілі вартыя даверу крыніцы.

У прыватнасьці, яму стала вядома, што сёньня ўраньні бел-чырвона-белы сьцяг лунаў над вуліцай Адама Міцкевіча ў Лідзе. Ён быў вывешаны на электрычных дратах паміж жылымі дамамі № 24 і 26.

Да сьцяга, паводле Барыса Хамайды, была прымацаваная цыдулка такога зьместу: “Мае віншаваньні са сьвятам грамадзянам гораду з прыгожай назвай Ліда! Асабістае прывітаньне рэдактару газэты “Наша слова” Станіславу Судніку, які змагаецца за нашу цудоўную беларускую мову. Жыве Беларусь! Жыве вечна! Мірон”.

Каля паўдня яшчэ адзін бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся ў Наваградку на вуліцы Гарадзенскай. Ён таксама быў прымацаваны да электрычных дратоў і лунаў на самым уезьдзе ў Наваградак з боку Гародні.

Барыс Хамайда кажа, што да сьцяга была прымацаваная цыдулка з калядным віншаваньнем: “Са сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, слаўнага гораду Наваградка віншую ўсіх ліцьвінаў-беларусаў з Калядамі. Наступны 2009 год будзе годам нашых чарговых перамог. Толькі наперад! Мірон”.

Каля 19-й вечара нацыянальны сьцяг зьявіўся і ў Горадні – над пешаходным мостам па вуліцы Гарнавых, недалёка ад гістарычнага цэнтру гораду. Вартыя даверу крыніцы паведамілі Барысу Хамайду, што ў цыдулцы, прымацаванай да сьцяга, напісана:

“Нарэшце я ў цудоўнай Горадні зь яе храмамі і старажытнай гісторыяй. Мае шчырыя віншаваньні са сьвятам грамадзянам Горадні! Давайце разам захаваем гістарычную забудову гораду! Жыве Беларусь! Жыве вечна! Мірон”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG