Ён быў замацаваны на пешаходным мосьце, які злучае два бакі вуліцы. Сьцяг быў добра відзён як мінакам, так і ўдзельнікам транспартнага руху, бо зьвешваўся якраз над праезнай часткай.
Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда паведаміў “Свабодзе”, што да бел-чырвона-белага сьцяга прымацавана цыдулка ад Мірона, які віншуе аршанскага ўраджэнца, знакамітага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча, з днём народзінаў.
Спасылаючыся на вартыя даверу крыніцы, спадар Хамайда працытаваў зьмест цыдулкі: “З народзінамі Вас, дарагі наш Уладзімер Сымонавіч! Ваш любы бел-чырвона-белы сьцяг — у роднай Воршы. Жыве Беларусь! Жыве вечна! Мірон”.
Каб не заўчасная сьмерць, пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу, які нарадзіўся ў Воршы 26 лістапада 1930 году, заўтра споўнілася б 78 гадоў.