Мікалай Груша паведаміў: дакумэнты на будаўніцтва беларускай АЭС ужо накіраваныя ў расейскую дзяржаўную карпарацыю “Росатом”. Зь ёй трэба падпісаць рамачны кантракт. Спадар Груша спадзяецца, што гэта адбудзецца ўжо ў першым квартале наступнага году. Потым будзе вызначана канкрэтная расейская кампанія, якая пачне будаўніцтва АЭС у Беларусі.
Ці не атрымліваецца ў гэтым выпадку так, што тэндэр на будаўніцтва АЭС не адбыўся, спыталіся журналісты ў Мікалая Грушы:
“У нас проста няма выбару. Замежныя кампаніі, да якіх мы зьвярталіся, альбо не далі канкрэтнага адказу, альбо ня могуць у вызначаныя тэрміны выканаць гэтую працу. Таму, натуральна, будаўніцтва першага і другога блёкаў станцыі застаецца, найхутчэй, за Расейскай Фэдэрацыяй”.
Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч кажа, што ён і не сумняваўся, што для АЭС выберуць будаўнікоў з Расеі:
“Я так і думаў адразу — ніякага тэндэру ня будзе і менавіта вось так усё вырашыцца. Хоць там калі-нікалі чыноўнікі і казалі, што мы маем прапановы адтуль, адтуль і адтуль. Але ж насамрэч ніадкуль прапаноў не было.
У сьвеце ёсьць тры кампаніі: амэрыкана-японская, француска-нямецкая і расейская. Толькі яны будуюць атамныя станцыі. Іншых проста няма. Выбар небагаты. І тыя дзьве кампаніі ў тэндэры па-сапраўднаму ня ўдзельнічалі. Думаю, таму, што яны разумелі — усё роўна аддадуць Расеі будаваць”.
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць: пры вызначэньні коштаў расейскага газу для Беларусі на наступны год улічвалася і абавязаньне афіцыйнага Менску аддаць будаўніцтва АЭС менавіта расейскай кампаніі:
“Гэта, канечне, мае свой палітычны, геастратэгічны аспэкт. Беларусь нібыта імкнецца “адвязацца” ад Расеі ў энэргетычным пляне. Але насамрэч атрымліваецца, што прывязваецца да яе яшчэ мацней. І, канечне, гэта яшчэ адна зачэпка, яшчэ адны лейцы, якія будуць дапамагаць Расеі праводзіць тут сваю палітыку”.
У мінулую пятніцу было прынята рашэньне, што атамная электрастанцыя ў Беларусі будзе збудавана ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці, непадалёк ад Вільні.