Цыганкоў: “Ці здолеюць улады выканаць сваё абяцаньне не дапусьціць масавых звальненьняў? Пакуль здаецца, што гэта ня так і складана – можна ж звольніць толькі 10 працэнтаў, альбо зьнізіць заробак, альбо адпусьціць у адпачынак...”
Старыкевіч: “Я мяркую, што да Новага году масавых звальненьняў ня будзе. Што будзе пасьля – не адкажа ані сам Лукашэнка, ані незалежныя эканамісты, ані наагул хто-небудзь. Бо эканамічнае становішча да такой ступені зачыненае, што ацаніць яго аб’ектыўна вельмі цяжка.
Але гледзячы па некаторых захадах улады – імклівых спробаў знайсьці новыя замежныя крэдыты, і наадварот, забарона выдаваць крэдыты насельніцтву – сытуацыя вельмі сур’ёзная. Хутчэй за ўсё, пасьля Новага году скарачэньні пад тым ці іншых выглядам пойдуць незалежна ад таго, што абяцаў Лукашэнка”.
Цыганкоў: “Ці паўплывае гэты працэс на рост сацыяльнай напружанасьці? Магчыма, калі побач звальняюць калегаў, людзі будуць больш думаць пра тое, каб застацца самому на працы, а ня думаць пра нейкі пратэст?”
Старыкевіч: “Натуральна, улады могуць зьмякчыць сацыяльныя наступствы сваімі дзеяньнямі. Але я зьвярну ўвагу на іншае, на адсутнасьць для большасьці насельніцтва яснай і пераканаўчай альтэрнатывы. Пратэставаць? А што далей? Ня ясны мэханізм рэалізацыі пратэстных патрабаваньняў. Таму сапраўды тыя, хто застаюцца з працай, палічаць за лепшае, што яны засталіся. І ня пойдуць на плошчу змагацца за чужыя правы”.
Цыганкоў: “Ці стварае сытуацыя з крызісам глебу для росту аўтарытэту незалежных прафсаюзаў?”
Старыкевіч: “У прынцыпе стварае. Але рэч у тым, як гэтым атрымаецца скарыстацца. Бо незалежныя прафсаюзы сёньня існуюць далёка не на ўсіх прадпрыемствах. Таму ім вельмі складана арганізаваць нейкі масавы пратэст”.