Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 13-20 сьнежня


Практычна штодня павялічваецца колькасьць беларускіх прадпрыемстваў, якія вымушаныя падпарадкоўваць вытворчы працэс хадзе сусьветнага фінансавага крызісу.

Істотна зьніжаны аб’ём вырабу прадукцыі, прыпыненыя паступленьні ад экспарту. Пашыраная зьява – выпраўленьне працаўнікоў у вымушаныя адпачынкі найменей да сярэдзіны студзеня. Наступным крокам, засьцерагаюцца людзі, могуць стаць скарачэньні заробкаў ці ўвогуле звальненьні.

Чым бліжэй калядна-навагоднія сьвяты, тым меней у беларусаў нагоды для аптымізму: фінансавы крызіс у Беларусі набывае ўсё больш жорсткія формы.

На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка наведаў Беразіно Менскай вобласьці і зрабіў шэраг заяваў адносна становішча Беларусі ва ўмовах крызісу. У гутарцы з гараджанамі Лукашэнка адзначыў: ня толькі наступны, але і 2010 год будзе няпростым для Беларусі. Але як мог суцешыў: з крызісу моцныя выйдуць яшчэ мацнейшымі. “Слабыя” прадпрыемствы Лукашэнка паабяцаў падтрымаць. І хоць кіраўнік Беларусі запатрабаваў ад свайго ўрадавага атачэньня не дапусьціць масавага скарачэньня працоўных, факты сьведчаць, што захаваць статыстыку занятасьці наўрад ці ўдасца.

***


Бальшыня работнікаў вядомага яшчэ ад савецкіх часоў крычаўскага заводу гумовых вырабаў ужо ў вымушаным адпачынку. Празь нястачу сыравіны спыненая вытворчасьць -- яе завод ня можа набыць, бо няма сродкаў. Ад канца сьнежня, распавядаюць работнікі, завод спыніцца цалкам:

“У прынцыпе, няма за што купляць тое, з чаго робім прадукцыю. Стаім ужо больш за месяц, я дома сяджу другі тыдзень”, — зазначыла адна з работніц.

Заробкі на заводзе не перавышаюць трохсот тысяч рублёў. Паводле яшчэ адной работніцы, заводзкія склады загружаныя гатовай прадукцыяй:

“Наш цэх працуе патыднёва. Тыдзень зьмена адна, другі тыдзень — другая, тыдзень — трэцяя. Да таго ж, ад 25 сьнежня да 19 студзеня будзе цалкам завод стаяць. А там можа і болей будзем стаяць”.

Спыняе вытворчасьць і самае вялікае прадпрыемства Крычава — цэмэнтна-шыфэрны завод. Працаўнікоў адпраўляюць у вымушаны адпачынак да 5 студзеня. Сярод прычынаў спыненьня называюць эканомію газу і электраэнэргіі. На заводзе працуе каля паўтары тысячы чалавек.

***

Газ ёсьць, апаратаў – няма

З 24 сьнежня прыпыняецца вытворчасьць на заводзе газавай апаратуры ў Наваградку. Пра гэта расказаў загадчык вытворчасьці прадпрыемства Вячаслаў Шахаў:

“Ад пакупнікоў мы атрымалі паведамленьні, што яны ня могуць набываць нашу прадукцыю з-за адсутнасьці сродкаў. Затаварылі склады, як маглі, і думаем пайсьці ў доўгатэрміновы адпачынак — да сярэдзіны студзеня. Склады, вядома, у нас працаваць будуць, але вытворчасьць вымушаны ўсё ж спыніць”.

Крызіс закрануў партнэраў прадпрыемства ў Расеі і ва Ўзбэкістане. Рабочых скарачаць пакуль не плянуецца, аднак плата за вымушаны прастой будзе складаць толькі дзьве траціны заробку.

***

“Гомельшкло” эканоміць на інжынэрах

Акцыянэрнае таварыства “Гомельшкло” з 26 сьнежня адпраўляе ў вымушаны адпачынак шэраг інжынэрна-тэхнічных работнікаў. Іх лёс будзе залежаць ад эканамічнай сытуацыі, але ня выключана, што яны патрапяць пад скарачэньне. “Гомельшкло” — адзіны вытворца ў Беларусі загартаванага й паліраванага флат-шкла. Каля 70% прадукцыі экспартуецца ў 25 краінаў сьвету. Тут працуе звыш 3 тысяч чалавек.

Намесьніца старшыні прафсаюзнага камітэту “Гомельшкла” Тацьцяна Каралёва гаворыць, што з прычыны скарачэньня заказаў звыш 300 рабочых цэху прамысловай перапрацоўкі шкла пачаргова ходзяць у адпачынак:

“У нас цэх прамысловай перапрацоўкі шкла паўгода ўжо ходзіць пазьменна ў адпачынак з захаваньнем дзьвюх трацін заробку. Іншага выйсьця няма, бо няма працы”.

***

Штомесяц мінус 80 тысяч даляраў

Гарадзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў штомесяц недалічваецца ў сваіх прыбытках дзясяткі тысяч даляраў. У камэнтары для Радыё Свабода намесьнік дырэктара прадпрыемства Аляксандар Шухно адзначыў:

“Экспарт зьнізіўся. Нашы партнэры, Расея й Украіна, маюць праблемы з набыцьцём прадукцыі. У іх прыпынілася фінансаваньне будоўляў, і гэта адбіваецца на нашым прадпрыемстве. Пачынаючы зь верасьня, мы страчваем штомесяц прыкладна каля 80 тысяч даляраў”.

Яшчэ летам, каб набыць будаўнічыя блёкі заводу будматэрыялаў, гарадзенцы запісваліся ў чаргу. Чакаць даводзілася больш за год, бо ў першую чаргу прадукцыя накіроўвалася ў Расею. Але з надыходам крызісу праблема чэргаў зьнікла сама сабой.

***

Як уплывае крызіс на людзей у розных рэгіёнах Беларусі? Апытаньне мінакоў на вуліцах Магілёву:

Спадарыня: “Ну канечне, жыцьцё такое складанае пайшло. Квартплата падаражэла. Прадукты дужа падаражэлі. Даводзіцца эканоміць. Даводзіцца на нешта паглядзець на смачнае і адмовіць сабе”.

Спадар: “Пакуль ён, канечне, не закрануў. Але я думаю, што закране. У любым разе закране. Найперш, канечне, працоўныя месцы будуць скарачацца. Гэта адназначна. Аднак гэта самае галоўнае. З гэтага выцякае ўсё астатняе — і пражытковы мінімум, і наагул платаздольнасьць”.

Спадарыня: “Так, закрануў. Я цяпер беспрацоўная. Дапамогу плацяць. Сваякі дапамагаюць”.

Спадар: “Цяпер ужо ня так, а раней, тыдні два-тры таму, было дрэнна. Расейскі рубель упаў, эўра, даляр. Цяпер нібыта падымаецца. Цяпер лягчэй”.

Спадарыня: “Пакуль яшчэ не адчуваем. Але як за кватэру падымуць, тады напэўна мы адчуем. Па тэлевізары перадаюць жа, што павінны падняць ад адзінаццаці да дваццаці працэнтаў”.

Спадар: “Усё даражэе. Вось у чым справа. Вось я хадзіў стрыгчыся, цану бутэлькі гарэлкі аддаў за стрыжку. Гэта ж такога па жыцьці не было, каб за стрыжку аддавалі цану бутэлькі гарэлкі. Ну ніколі ж такога не было”.

***

На “Шкловалакне” людзям грошай няма

Прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно” прыпыніла выплату сацыяльнай дапамогі работнікам, хоць падтрымка прадугледжана калектыўнай дамовай. Паводле старшыні суполкі Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава, работнікі пра гэта даведаліся з заводзкай газэты “Трудовая смена”:

“У газэце напісалі, што цяпер працаўнікі ня будуць атрымліваць матэрыяльную дапамогу да сваіх юбілейных угодкаў, ня будзе давацца дапамога пэнсіянэрам, а таксама сацыяльная дапамога пры нараджэньні дзіцяці — а гэта было 175 тысяч рублёў. Таксама ня будуць выплочваць сярэдні заробак удзельнікам мастацкай самадзейнасьці, спартоўцам. Людзі кажуць, што, маўляў, тут нічога ня зьменіш, бо крызіс”.

Адміністрацыя прадпрыемства патлумачыла, што сацыяльныя выплаты давялося прыпыніць, бо ў лістападзе былі “адмоўныя прыбыткі”. Прафсаюзныя актывісты кажуць, што выдаткі “Полацак-Шкловалакно” нясе яшчэ й праз адмену прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам — з-за гэтага, паводле падлікаў, прадпрыемства губляе каля мільёна даляраў штомесяц.

***


Футбалістаў разагналі з-за крызісу

Часам крызіс набывае і нечаканыя павароты. На Віцебшчыне расфармаваная футбольная каманда першай лігі “ПМЦ-Паставы”. Уладальнікам клюбу прадпрыемства “Мэблевы вытворчы цэнтар”. Але ад прадукцыі -- драўляных вокнаў і дзьвярэй, адмаўляюцца ў Расеі, Латвіі, Літве, Італіі. Расказвае футбольны заўзятар Сяргей Верас:

“Каманды “МПЦ-Паставы” ня будзе. Яна ўжо распушчаная. Бо няма грошай на яе ўтрыманьне. Крызіс фінансавы ўдарыў. Невядома, што будзе далей і з прадпрыемствам. Там жа 800 чалавек працавалі”.

З-за фінансавага крызісу прадпрыемства абвясьціла аб пераходзе на скарочаны працоўны тыдзень. А заадно скінула “футбольны баляст”.

***


На гэтым тыдні Нацыянальны статыстычны камітэт надрукаваў справаздачу згодна зь якой запасы гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў значна выйшлі за нарматыўныя межы. Па дадзеных на 1 сьнежня, складаваная прадукцыя ў прамысловасьці Беларусі перавысіла 63% сярэднемесяцовага аб’ёму вытворчасьці, а ў Міністэрстве прамысловасьці суадносіны запасаў да штомесяцовага аб’ёму склалі за студзень-лістапад 93% пры заданьні на год 78%. Гаворыць эканаміст Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў
“Не сакрэт, што ў лёгкай прамысловасьці, у вытворчасьці бытавой тэхнікі, тых жа пральных машынаў і раней была тэндэнцыя, што вельмі вялікая доля іх прадукавалася на склад. Але куды больш трывожна для нас тое, што адбываецца з прадукцыяй машынабудаваньня. Істотна падвышаюцца паказьнікі менавіта па гэтых галінах. Гэтаксама адчувальны складзкі прырост ў вытворцаў будаўнічых матэрыялаў. Але гэта ўвогуле тое, што і чакалася”.

17 сьнежня Нацыянальны банк Беларусі павялічыў стаўку рэфінансаваньня з 11% да 12% гадавых. Гэтае падвышэньне ўжо пятае і самае значнае у 2008 годзе. Да гэтага Нацбанк кожны раз падвышаў стаўку на 0,25%. Стаўка рэфінансаваньня на канец 2008 года прагназавалася ў межах 7-9% гадавых пры ўмове інфляцыі 6-8%. За 11 месяцаў інфляцыя ў Беларусі склала 12%. Стаўка рэфінансаваньня бярэцца банкамі за аснову пры вызначэньні працэнтаў, пад якія выдаюцца крэдыты.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG