"Мэтазгодна падумаць над афармленьнем адносін і прыступіць да распрацоўкі новай Дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і ЭЗ", - цытуе словы А.Кабякова Інтэрфакс.
Віцэ-прэм'ер таксама падкрэсьліў, што беларускі бок спадзяецца, што “у красавіку 2009 году пытаньне аб візавых абмежаваньнях будзе зьнятае канчаткова".
18 сьнежня было таксама падпісанае Рамачнае пагадненьне паміж урадам Беларусі і Камісіяй Эўрапейскіх супольнасьцяў. Гэты дакумэнт прадугледжвае рэгуляваньне адносін паміж Беларусьсю і Эўразьвязам у сфэры тэхнічнай дапамогі.
Дакумэнт падпісаны зь беларускага боку віцэ-прэм'ерам Андрэем Кабяковым.
Кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі адзначыў, што ў кастрычніку ў Люксембургу была “адзначаная надзея на аднаўленьне паўнавартасных адносін зь Беларусьсю і падкрэсьлена наяўнасьць узаемнай цікавасьці". Па словах Жазэ Мануэля Пінту Тэйшэйра, ЭЗ ініцыяваў шэраг новых кірункаў супрацоўніцтва зь Беларусьсю, у прыватнасьці, правядзеньне кансультацый па пытаньнях харчовай і фінансавай бясьпекі:
“Эўракамісія вывучае магчымасьці далучэньня Беларусі да фінансаваньня па лініях Эўрапейскага інвэстыцыйнага банка і ЭБРР.”
Ён таксама паведаміў, што напачатку 2009 году чакаецца падпісаньне дамовы паміж Беларусьсю і ЭЗ аб супрацоўніцтве ў сфэры энэргетыкі.
Кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі паведаміў, што перад сустрэчай уручыў копіі даверчых лістоў міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву.
У 1995 годзе былі праведзены перамовы па заключэньні двухбаковай Дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і ЭЗ. Аднак гэты дакумэнт так і не ўступіў у сілу. У верасьні 1997 году ў сувязі з пагаршэньнем унутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі, Радай ЭЗ было прынятае рашэньне аб немагчымасьці падпісаньня зь Беларусьсю ні прамежкавага пагадненьня, ні Дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве.