Значная частка лістоў у нашай пошце апошніх тыдняў — на тэму эканамічных праблемаў, зь якімі даводзіцца сутыкацца ўсё большай колькасьці людзей у Беларусі. Шмат у каго зьніжаюцца заробкі, некаторыя прадпрыемствы перайшлі на скарочаны працоўны тыдзень альбо ўвогуле спыніліся. Людзей выпраўляюць у вымушаныя неаплачаныя адпачынкі, папярэджваюць пра магчымае звальненьне. Усё гэта выразна адбіваецца на агульнай грамадзкай атмасфэры ў сёньняшняй Беларусі.
Пачну размову зь ліста на гэтую тэму, які даслаў нам Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну. Ён піша:
“Нашы людзі здольныя прызвычаіцца да ўсяго. Страшней не было крызісу, чым тыя семдзесят гадоў, калі па нашай зямлі блукала здань камунізму. Колькі было загублена душ — адзін Бог ведае.
Цяперашні крызіс — гэта хвароба эканомікі, ад якой эканамісты пакуль не прыдумалі прышчэпкі. Адначасова гэта — добрая праверка для ўлады. Менавіта падчас крызісаў часта адбываюцца перавароты, зьмена ўлады. І Аляксандар Рыгоравіч у свой час узьнёсься на вяршыню менавіта падчас крызісу. Можа, падчас крызісу і сыдзе? Турмы вучаць, голад — вучыць, і крызіс, лічу, таксама вучыць.
Вось цяпер усе гавораць пра гучныя адстаўкі генэралаў, кіраўнікоў пракуратуры, судзьдзяў... А гэта ж — толькі вяршыня айсбэрга. Усе пра гэта ведаюць. Карупцыя страшна разбэсьціла ўсю ўладу. Яна, як іржа, неўзабаве яе цалкам разбурыць. Адметна, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады менавіта як барацьбіт з карупцыяй. І чаго дамогся? Карупцыя яго нарадзіла, яна ж яго і загубіць... Відаць, няма ў яго сёньня веры ніводнаму чыноўніку. А гэта ж самае страшнае — быць у адзіноце”,— гэтак лічыць Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну.
У свой час чыноўнікі ў Беларусі атрымалі вялізную ўладу. І адначасова яны пасьлядоўна пазбаўляліся ад грамадзкага кантролю за сваёй дзейнасьцю. У людзей адабралі права выбіраць кіраўнікоў рэгіёнаў, потым былі ператвораны ў фарс выбары дэпутатаў усіх узроўняў. Спакваля была вынішчана незалежная прэса. Вярнулася так званае “тэлефоннае права” ў суды. Пра тое, як яно дзейнічае, вельмі красамоўна расказаў сам прэзыдэнт Лукашэнка, калі (спасылаючыся, відавочна, на зьвесткі спэцслужбаў) апісаў, як менская судзьдзя Ільіна ўзгадняла свае дзеяньні з кіраўніком пракуратуры Сьнегіром дзеля судовага афармленьня кватэрных махінацыяў. Цяпер Сьнягір ужо арыштаваны, дае тлумачэньні пра тое, дзе здабыў мільёны даляраў на будаўніцтва палаца пад Менскам. Але людзі бачаць, што гэтаксама жывуць амаль усе высокапастаўленыя намэнклятурныя начальнікі. І прычына тут, відавочна, не ў асабістых якасьцях аднаго Сьнегіра, а ў сыстэме кіраваньня і кантролю, якая спрыяе махлярам, хабарнікам і прайдзісьветам.
Наступны ліст прыйшоў на “Свабоду” з пасёлку Гарадзея Нясьвіскага раёну. Яго аўтар, настаўнік Бернард Пакульніцкі, разважае пра небясьпеку, якую нясе Беларусі намер улады збудаваць у краіне атамную электрастанцыю. Слухач піша:
“Калі пачаліся размовы пра будоўлю ў Беларусі АЭС і пайшлі прапановы будаўнічых пляцовак, з жахам убачыў сярод іх адну — Астравецкую. Сэрца адчувала, што выбар спыніцца менавіта на ёй, бо яна знаходзіцца блізка ад Літвы. На мой погляд, у гэтым выбары ёсьць вельмі глыбокі палітычны намер, а тое сьцьвярджэньне, што зручна будзе прадаваць электраэнэргію за мяжу, — для адводу вачэй. Пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС многія краіны перагледзелі свае пляны разьвіцьця атамнай энэргетыкі, а ўлады Беларусі да гэтай пары ня могуць асэнсаваць, наколькі рэальная пагроза ў выпадку будаўніцтва АЭС у краіне. Нельга зразумець: як можна дадумацца будаваць ядзернага монстра ў густанаселеным, маляўнічым, унікальным раёне Беларусі?
І як зразумець мясцовае чынавенства, якое пераконвае людзей у бясьпецы гэтага праекту? Няўжо ня думае пра будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў? Ня чыстае паветра, ваду і квітнеючую зямлю жадаюць пакінуць у спадчыну, а хваробы і радыеактыўны бруд. Чаму людзі так мала задумваюцца пра шчасьце і квітнеючае жыцьцё сваіх нашчадкаў? Напэўна, верх бярэ варты жалю эгаізм, які падштурхоўвае да таго, каб толькі ўласнае жыцьцё ўладкаваць як мага больш камфортна”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Бернард Пакульніцкі з пасёлку Гарадзея Нясьвіскага раёну.
Да вашых, спадар Пакульніцкі, зусім слушных развагаў дадам адно істотнае (на маю думку) удакладненьне. Нягледзячы на шматлікія рашучыя заявы беларускага кіраўніцтва, адказ на пытаньне пра тое, ці зьявіцца ўвогуле атамная электрастанцыя ў Беларусі на працягу бліжэйшага дзесяцігодзьдзя, на сёньняшні дзень выглядае зусім не такім пэўным, як яшчэ паўгода таму. Уласных грошай на гэта ў беларускай дзяржавы няма, а знайсьці інвэстараў, якія пагадзіліся б у сёньняшніх умовах выкласьці дзясяткі мільярдаў даляраў, будзе надзвычай складана.
Аўтар наступнага ліста, настаўнік гісторыі з Воршы Руслан Серада, разважае пра тое, як у Беларусі захоўваецца памяць пра драматычныя старонкі нацыянальнай гісторыі — у прыватнасьці, пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Слухач піша:
“У вялікай сэрыі кніг “Памяць”, якія выходзілі на працягу многіх гадоў, распавядаецца пра гісторыю ўсіх раёнаў Беларусі. Але, я лічу, многае ў іх не асьветлена альбо асьветлена вельмі фрагмэнтарна. Напрыклад, практычна не закранута тэма кулацкай высылкі. Ёсьць выпіскі з дакумэнтаў, ёсьць зь дзясятак сьпісаў сем’яў і некалькі ўспамінаў ацалелых кулацкіх дзяцей — і на гэтым усё...
У ізраільскім музэі Яд-Вашэм сьпісы закатаваных фашыстамі габрэяў папаўняюцца няспынна. Там шануюць гісторыю свайго народа. Мы ж, як і ў савецкі час, абмежаваліся лічбамі рэпрэсаваных ды адпіскамі: маўляў, у мясцовых архівах сьпісы раскулачаных не захаваліся.
Яшчэ ў школьныя гады я пачаў зьбіраць апавяданьні-ўспаміны тых людзей, якія дзецьмі ў 29—33-м гадах былі высланы разам з бацькамі як кулацкія сем’і на Ўсход. Спэцперасяленцы накіроўваліся ў Комі-Пярмяцкую акругу і ў Табарынскі раён Сьвярдлоўскай вобласьці. Час мінуў, іх ужо няма з намі. Засталіся адны запісы на паперы. Успамінаў у мяне каля дваццаці. Хацелася б напісаць невялікі твор, складзены з гэтых успамінаў. Няўжо ў беларусаў горшая памяць, чым у іншых народаў?” — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” настаўнік Руслан Серада з Воршы.
Тое, як улада ставіцца да праблемы дасьледаваньня таго пэрыяду гісторыі і ўшанаваньня памяці нявінных ахвяраў сталіншчыны, выразна відаць на прыкладзе Курапатаў. Мясьціна, якая стала сымбалем нацыянальнай трагедыі і жалобы, за дваццаць год належным чынам не ўладкавана, не ахоўваецца. Клапоцяцца пра яе толькі неабыякавыя актыўныя людзі, якіх хвалюе гэтая праблема.
А пагартайце школьныя падручнікі гісторыі. Пра мільёны нявінных ахвяраў, закатаваных бальшавіцкім рэжымам, там — мімаходзь, некалькімі радкамі, як пра нешта нязначнае і другараднае.
Наступны ліст — ад Аляксандра Паўловіча з Горадні. Аўтар расказвае ў ім пра тое, як зацікавіўся праблемай нацыянальнай гісторыі і мовы. Слухач піша:
“Слухаю “Свабоду” больш як дваццаць год. Гэта стала для мяне такім жа неабходным, як сьвежае паветра. Так прыемна слухаць родную мову, асабліва з вуснаў пісьменных, таленавітых людзей...
Маю 79 гадоў. Калісьці скончыў беларускую сямігодку. Але потым жыцьцё кідала мяне па ўсёй былой вялікай краіне, і стаў я зусім расейскамоўным. Тады я нічога ня ведаў аб гісторыі маёй радзімы — кім былі нашы продкі, як яны жылі. Але ў глыбіні душы ніколі не зьнікала любоў да ўсяго свайго, роднага.
Толькі цяпер, на схіле жыцьця, я адкрыў для сябе, якую нэгатыўную ролю адыгралі імпэрскія амбіцыі Расеі ў лёсе беларускага народу. Каб уладарыць на беларускай зямлі, захопнікі зьнішчалі і мову беларусаў, і гістарычную памяць. Тое ж самае робіцца і цяпер, толькі ў больш вытанчанай форме. На жаль, 95 працэнтаў беларусаў гэтага не ўсьведамляюць.
І ўсё ж Беларусь на працягу некалькіх стагодзьдзяў вытрымала сьмяротныя абдымкі так званага “старэйшага брата”. Можа, беларусы калі-небудзь зразумеюць, што бяз роднай мовы няма народу, нацыі. А такіх людзей, якія выракліся сваёй мовы, ніхто паважаць ня будзе”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Паўловіч з Горадні.
На працягу апошніх пятнаццаці гадоў беларусаў спрабуюць пераканаць, што нацыянальную дзяржаву можна пабудаваць і бяз роднай мовы, і бяз многіх іншых нацыянальных каштоўнасьцяў. Для многіх іншых нацыяў такі экспэрымэнт выглядаў бы абсурдам і кашчунствам, А ў Беларусі ён магчымы. На тое ёсьць шмат аб’ектыўных гістарычных прычынаў, пра якія ўсе добра ведаюць. Але, каб кардынальна зьмяніць сытуацыю, аднаго веданьня мала, як і нараканьняў на ўладу. Відавочна, патрэбны воля, жаданьне пераменаў у большасьці самога беларускага грамадзтва.
Адразу некалькі водгукаў на свае праграмы атрымалі мы ад нашага даўняга слухача і аўтара Ігара Сьцябулі зь Менску. Ён піша:
“Вельмі падабаецца ваша перадача “Падарожжы Свабоды”. Надзвычай цікавыя гэтыя вандраваньні вашых карэспандэнтаў з жывой размовай зь мясцовымі жыхарамі, з маляўнічымі апісаньнямі, з расповедамі пра гісторыю краю.
Таксама запомнілася адна з праграмаў “Дом літаратара”, у якой выступаў пісьменьнік Васіль Зуёнак. Выдатныя ў яго і вершы, што прагучалі па “Свабодзе” — злабадзённыя, актуальныя, запамінальныя. Усё вельмі праўдзіва.
А яшчэ вельмі цікавыя штонядзельныя аналітычныя праграмы Радыё Свабода. Здаецца, слухаў бы і слухаў, не адыходзячы ад прымача”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ігар Сьцябуля зь Менску.
Нагадаю, Ігар, што ўсе гэтыя ды іншыя перадачы Свабоды можна чытаць і слухаць і ў інтэрнэце. Многія зь іх суправаджаюцца фотаілюстрацыямі і відэасюжэтамі. Гэта тычыцца, у прыватнасьці, праграмы “Падарожжы Свабоды”, якая вам так падабаецца. Так што герояў яе вы можаце ня толькі пачуць, але і ўбачыць.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by