Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пра арышт Сьнегіра паведамілі праз 4 дні?


Міхаіл Сьнягір
Міхаіл Сьнягір
Пракуратура Беларусі паведаміла пра арышт былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра, абвінавачанага ў службовых злоўжываньнях. Міхаілу Сьнегіру пагражае 10 гадоў зьняволеньня.

У пракуратуры прызналі, што Міхаіл Сьнягір быў арыштаваны яшчэ 12 сьнежня, але толькі сёньня, 16 сьнежня, інфармацыя была апублікавана. Прычыны затрымкі кіраўнік прэсавай службы Генадзь Вярцінскі не патлумачыў.

“Сёньня, калі прыйшла гэтая інфармацыя, я яе не трымаў, а адразу ж і агучыў”, — сказаў спадар Вярцінскі. Зьвесткі пра тое, што Міхаіла Сьнегіра адразу пасьля арышту нібыта паклалі ў турэмны шпіталь з-за дрэннага стану здароўя, кіраўнік прэсавай службы пракуратуры не пракамэнтаваў.

У пракуратуры ня кажуць, якога дакладна эпізоду тычыцца абвінавачаньне ў службовым злоўжываньні, якое выстаўлена былому пракурору Менскай вобласьці: адносна кватэры ў Менску, загараднага катэджу ці абодвух эпізодаў разам. Былы судзьдзя Гары Паганяйла згадаў, што да прызначэньня пракурорам Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір працаваў намесьнікам генэральнага пракурора, і абодва эпізоды прыпадаюць якраз на той час:

Гары Паганяйла
“У гэтым ведамстве, якое абавязана змагацца з карупцыяй, ёсьць і свая служба, якая павінна наглядаць за супрацоўнікамі. Дык калі карупцыю сярод пракурораў выяўляе ня гэтая служба, а зь іншых ведамстваў, то я задумваюся: наколькі ж карумпаваная ўся праваахоўная сыстэма? Што, рангам ніжэйшыя пракуроры гэтым не займаюцца?”

Гары Паганяйла мяркуе, што кампрамэтацыйныя зьвесткі ёсьць шмат на якіх чыноўнікаў, але да пары гэтых зьвестак не выкарыстоўваюць:

“Відаць, канечне, ведалі, дакладалі, і гэта ляжала, пакуль дазвалялі. Але потым гаспадар ня вытрымаў і аддаў каманду”.

Паводле неафіцыйных зьвестак, справу Сьнегіра — Купрыянава расьсьледуе брыгада ў складзе 32 сьледчых. Яны таксама правяраюць законнасьць зьдзелак вакол загараднага дому, які былы пракурор вобласьці нібыта будаваў на імя падстаўной асобы, даючы ёй грошы. Сьледчыя грунтуюцца на зьвестках, атрыманых супрацоўнікамі КДБ, якія сачылі за Сьнегіром і ягонымі сваякамі. Згодна з гэтымі зьвесткамі, менавіта ён адыграў у справе нэгатыўную ролю.

Нагадаем, 13 лістапада на нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра прэтэнзіі адносна Міхаіла Сьнягіра: што той нібыта незаконна набыў кватэру ў элітным доме па цане, значна ніжэйшай за яе кошт у паўмільёна даляраў. Роля намесьніка генэральнага пракурора Мікалая Купрыянава зьвялася да таго, што ён нібыта ведаў пра справы абласнога пракурора і ўсяляк яму спрыяў.

Між тым Анатоль Зубоўскі, старшыня праўленьня швэдзка-беларускай кампаніі, якая валодала спрэчнай кватэрай, даслаў ліст, у якім сьцьвярджае, што Міхаіл Сьнягір цалкам разьлічыўся зь фірмай і заплаціў за кватэру 250 тысяч даляраў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG