Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна генэральскім палацам


Катэджы пад Менскам
Катэджы пад Менскам
Менскі райвыканкам праз суд намагаецца прызнаць несапраўднай рэгістрацыю зямельных участкаў высокапастаўленых міліцэйскіх начальнікаў, прозьвішчы якіх назваў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй. У справе былога пракурора Міхаіла Сьнегіравядзецца сьледзтва.

Даваць тлумачэньні ў судзе будуць міліцэйскія генэралы і высокапастаўленыя чыноўнікі сілавых ведамстваў Аляксандар Шчурко, Віктар Філістовіч, Леанід Глухоўскі, Уладзімер Карпейчык, Лідзія Іванчыкава, Зьміцер Новік, Уладзімер Бурко, Віктар Коўчур і Віктар Мельнікаў.

Пасьля таго як будзе вынесенае рашэньне ў судовых справах, застанецца няшмат часу, каб катэджы былі зьнесеныя з спрэчных участкаў, набытых высокапастаўленымі чыноўнікамі за сымбалічны кошт на беразе Менскага мора, у водаахоўнай зоне.

У юрыдычным аддзеле Менскага райвыканкаму адмовіліся паведаміць якую-колечы інфармацыю наконт таго, ці прапаноўвалася сілавікам добраахвотна зьнесьці свае катэджы без судовага рашэньня.

Кіраўніца аддзелу Вікторыя Сьвіла паведаміла толькі: “Вы самі чулі, што казаў прэзыдэнт. Большай інфармацыяй мы не валодаем”.

Нешматслоўны быў і намесьнік старшыні райвыканкаму Мікалай Петухоў: “Я гэтых журналістаў усіх называю „пятая калёна“. „Советская Белоруссия“ мяне так працягнула тры разы! Ні за што амаль. Праз тэлефон я вам ніякай інфармацыі даваць ня буду, а з дыктафонам таксама. Я да пятай калёны стаўлюся так сабе”.

Справу былых намесьнікаў генэральнага пракурора Міхаіла Сьнегіра і Мікалая Купрыянава пакуль расьсьледуе пракуратура. Што тычыцца Мікалая Купрыянава, то ягонае прозьвішча называлася кіраўніком дзяржавы толькі ў зьвязку з кватэрай Сьнегіра. Купрыянава абвінавацілі ў тым, што той спрыяў прыняцьцю рашэньня ў судзе на карысьць Сьнегіра.

Нагадаем: 13 лістапада Аляксандар Лукашэнка казаў пра тое, што Сьнягір набыў кватэру ў элітным доме ў цэнтры гораду за 75 000 даляраў — пры тым, што яна каштуе ня менш як паўмільёна.

Што ж тычыцца катэджа Міхаіла Сьнегіра, ацэначны кошт якога 350 мільёнаў рублёў, то пакуль ідзе сьледзтва. Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч на нарадзе казаў, што факт будаўніцтва Сьнегіром катэджа на падстаўную асобу будзе, хутчэй за ўсё, пацьверджаны. Ён выказаў зьдзіўленьне тым, што адпаведныя органы не заўважылі будоўлі катэджа, якая ішла цягам чатырох гадоў.

У Генэральнай пракуратуры пакуль не даюць больш падрабязнай інфармацыі пра крымінальную справу супраць былых намесьнікаў генэральнага пракурора.

Супрацоўніца аддзелу інфармацыі Лілія Дзенісенка апавяла: “Што тычыцца крымінальнай справы, то цяпер вельмі шчыльна ідзе праца, вядзецца сьледзтва”.

Лілія Дзенісенка паведаміла, што, інфармацыю наконт гэтай крымінальнай справы пракуратура можа даць у прэсу, магчыма, ужо на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG