Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьвесьце беларусаў уступяць у NATO


У межах праграмы NATO для ўдзелу ў міратворных апэрацыях у Беларусі падрыхтаваная адна мотастралковая рота — гэта 20 вайскоўцаў. Таксама рыхтуюцца афіцэры, перакладчыкі, лекары — усяго ў праграме задзейнічана блізу 200 чалавек.

У Літоўскай амбасадзе адбылася канфэрэнцыя прадстаўнікоў паўночна-атлянтычнага альянсу, ураду Літвы і Беларусі. Сярод меркаваньняў прагучалі і заявы пра тое, што Беларусі не абысьціся без NATO.

З 1997 году Беларусь супрацоўнічае з NATO ў межах праграмы аб партнэрстве. Але краінаў-партнэраў NATO амаль 50 — у тым ліку далёкія Японія і Аўстралія. А як супрацоўнічае з NATO Беларусь, якая мяжуе з трыма краінамі альянсу — Польшчай, Літвой і Латвіяй. Пасол Літвы ў Беларусі спадар Эдмінас Багдонас на правах кіраўніка амбасады, якая два гады выконвала ролю кантактнай амбасады NATO, гэтак ацаніў супрацоўніцтва:

“Паколькі я аптыміст паводле характару, то буду ацэньваць з разьлікам на будучыню. Мяркую, пасьля сёньняшняй сустрэчы мы знойдзем больш кропак для супрацоўніцтва. Можна зрабіць больш”.

На кэнфэрэнцыі прадстаўнікі альянсу згадвалі, як ў першыя гады Беларусь супрацоўнічала зь імі з аглядкай на Расею, паводле прынцыпу “ня болей і ня меней”. Сёлета адносіны Расеяй і NATO пагоршыліся, асабліва прыкметна пасьля падзеяў на Каўказе. Нават быў адкліканы ў Маскву прадстаўнік Расеі ў NATO. А ці паўплывала гэта на пазыцыю Беларусі адносна партнэрства? Кіраўнік ўправы Міністэрства замежных спраў Уладзімер Герасімовіч заявіў, што “нельга дапусьціць вяртаньня да былой канфрантацыі” , патрэбныя “палітычны дыялёг і практычнае супрацоўніцтва”:

“Паводле нашага меркаваньня, NATO адыгрывае вялікую ролю у сыстэме эўрапейскай бясьпекі і тут Беларусь гатовая да далейшага супрацоўніцтва. Мы перакананы, што сумесны адказ сучасным праблемам і выклікам ёсьць падмуркам супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і NATO”

Робэрт Сыманс
У канфэрэнцыі ўзяў удзел высокапастаўлены чыноўнік NATO спадар Робэрт Сыманс. Ён займае пасаду дарадцы намесьніка Генэральнага сакратара NATO. У госьця з Брусэлю карэспандэнт радыё Свабода спытаў, што будзе з праграмай партнэрства, калі Беларусь прызнае незалежнасьць рэгіёнаў Грузіі Южнай Асэтыі і Абхазіі?

“Вы ведаеце, калі Расея прызнала незалежнасьць гэтых двух рэгіёнаў Грузіі, NATO заявіла, што гэта не адпавядае прынцыпу тэрытарыяльнай цэльнасьці і жорстка асудзіла гэты крок з боку Расеі. І калі Беларусь зробіць тое самае, прызнае незалежнасьць, гэта будзе ўплываць на нашы адносіны. Мы лічым гэта не карысным. На маю думку, усе краіны, уключна зь Беларусьсю, імкнуцца знайсьці рашэньні гэтых канфліктаў на Каўказе, а такія прэвэнтыўныя дзеяньні, якія зрабіла Расея, прызнаўшы незалежнасьць рэгіёнаў, не прывядуць да мірнага рашэньня канфлікту”.

Робэрт Сыманс пра прызнаньне Паўднёвай Асэтыі й Абхазіі,
выступ па-ангельску

Незалежны беларускі экспэрт Вячаслаў Пазьняк мяркуе, што NATO значна зьмянілася ў апошні час. Акрамя калектыўнай абароны, альянс цяпер змагаецца з распаўсюдам тэрарызму, наркотыкаў, нелегалаў, а гэтыя праблемы стаяць і перад Беларусьсю. Транзытнае месца Беларусі ў Эўропе дыктуе ёй партнэрства з NATO і наадварот, лічыць экспэрт:

“Зараз мы жывем у прынцыпова новай сытуацыі, якая ўжо не разьядноўвае, а больш будзе аб’ядноўваць Беларусь і паўночна-атлянтычны альянс. Бо зь сёньняшнімі рызыкамі немагчыма суладаць безь міжнароднага супрацоўніцтва”.

Прадстаўнік міністэрства абароны Андрэй Царык распавёў, што цягам некалькіх гадоў Беларусь бярэ удзел ў міратворчых манэўрах, якія праводзіць NATO ў розных краінах. Апошні раз — ў Катары. Што да ўдзелу ў пэўных міратворчых апэрацыях, у тым ліку пад эгідай NATO, Беларусь ад іх устрымліваецца. Таксама на тэрыторыі краіны не праходзяць манэўры міжнародных міратворцаў — афіцыйна з прычыны адсутнасьці адпаведнага закону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG