Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пятровіч: “Так пішацца гісторыя Беларусі”


Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч
Новая кніга выдавецкай сэрыі нашага радыё — мэмуары Пётры Садоўскага “Мой шыбалет” — будзе прэзэнтаваная 12 сьнежня а палове на сёмую вечара ў Менску ў сядзібе БНФ. Першыя сто гасьцей атрымаюць кнігу ў падарунак. У ліку тых, хто ўжо прачытаў “Мой шыбалет”, — галоўны рэдактар недзяржаўнага часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч. Ён дзеліцца сваімі ўражаньнямі.

“Даўно заўважыў, і ня толькі па сабе, што з узростам, з гадамі найбольш цікавай проста для чытаньня робіцца літаратура мэмуарная. Але кожны раз кожную новую кнігу альбо рукапіс адкрываю з насьцярогаю — наколькі аб’ектыўны будзе аўтар у творы, дзе галоўны герой — ён сам. І добра, калі аўтар паўстае не героем, а сьведкам часу, бо часоў, як і людзей, не бывае нецікавых.

Кніга Пётры Садоўскага чытаецца на адным дыханьні. Вельмі смачныя старонкі пра дзяцінства. Зробленыя яны па-мастацку ня проста таленавітым чалавекам, а адораным высокімі пісьменьніцкімі здольнасьцямі.

Заварожваюць і згадкі пра гады, якія я і сам памятаю і магу параўнаць са сваім стаўленьнем да іх. Маю на ўвазе савецкія 80-я, калі сярод моладзі нараджалася цікавасьць да гісторыі роднага краю, фальклёру. Памятаю тыя Купальлі і Каляды, сярод удзельнікаў якіх бачыў і Пятра Садоўскага.

У кнізе шмат імёнаў, шмат дзейных асобаў, Асобаў зь вялікай літары. У гэтай кнізе — гісторыя нашых перамог і нашых паражэньняў у такія блізкія яшчэ і ўжо такія далёкія 90-я гады.

Рады, што старэйшае пакаленьне беларусаў так актыўна ўзялося пісаць мэмуары, што яны вялі дзёньнікі і дзеляцца цяпер імі з намі. Так пішацца сапраўдная гісторыя Беларусі, а ня тая, што сёньня ў падручніках”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG