“У кантэксьце сучаснай мэмуарыстыкі гэтая кніга, як мне падаецца, надзвычайная. Спадар Пётра цытуе выказваньне Бальзака: “Мала быць чалавекам, трэба быць сыстэмай”. Гэтыя словы цалкам датычныя і шаноўнага мэмуарыста.
Сам аўтар вызначыў жанр як аўтабіяграфічныя арабэскі (а арабэскі — гэта ці фантастычны арнамэнт, ці невялікі музычны твор), аднак асабіста мне пасьля прачытаньня гэтае кнігі ўявілася, што жанравае яе вызначэньне магло б заняць асобную старонку. Часткай — гэта навукова-філязофскія нарысы, часткай — паэма ў прозе, часткай — лёсавая баляда, часткай — навуковае ці паліталягічнае апісаньне. Таму я хачу павіншаваць усіх беларускіх чытачоў з тым, што яны атрымаюць пад адной вокладкай шчырыя, пранікнёныя, прачулыя развагі і пра свой лёс, і пра мінулае, і пра сучаснае, а таксама па-мастацку зроблены тэкст.
Спадар Садоўскі ня толькі інтэлігентна выпісвае свой лёс, але і палемізуе зь іншымі мэмуарыстамі пра найважнейшыя падзеі палітычнага і грамадзкага жыцьця.
Чытаючы тэкст, мне ў некаторых выпадках здавалася, што спадар пісьменьнік, спадар Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Пётра Садоўскі ў акулярах недзе прыхаваў мініфотаапарат ці відэакамэру. Бо настолькі некаторыя эпізоды выпісаныя і з моўнага пляну вельмі сакавіта, і з фактурнага, зрокавага чытачу вельмі выразна выяўляюцца. Таму — гэта яшчэ, можа, і фотамэмуары, і відэамэмуары.
Можна толькі зьдзіўляцца насычанасьці і арабэскавасьці кнігі Пётры Садоўскага “Мой шыбалет”.