Пра гэта БелаПАН паведаміў лідэр аб'яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў.
Ён сказаў, што часткова не працуюць дробныя гандляры на буйных рынках у Менску, Барысаве, Слуцку, Салігорску, Пінску, Віцебску і інш.
Папераджальны страйк у Рэчыцы
Сёньня ў Рэчыцы пераважная большасьць прадпрымальнікаў рынку “Славянскі” не прыступілі да працы.
Лідэр прадпрымальніцкага руху ў рэгіёне Алег Шабетнік так патлумачыў сытуацыю:
“Славянскі” рынак на 99 адсоткаў зачынены. Толькі асобныя гандляры, якія перарэгістраваліся ў прыватныя прадпрыемствы, адчынілі свае шапікі. Але й яны на пустым рынку гандляваць ня ў стане. Не працуе й міні-рынак у мікрараёне заводу “Рытм”.
На рынку “Юбілейным”, калі я паказаў улётку з патрабаваньнямі прадпрымальнікаў, адзін гандляр выклікаў міліцыю.
Дамовіліся з уладамі, і на тры гадзіны дня нам далі памяшканьне, каб сустрэцца з падаткоўцамі, мытнікамі, міліцыяй. Будуць распавядаць, як нам далей жыць. Пытаньняў больш, чым адказаў. Розныя нарматыўныя дакумэнты чыноўнікі па-рознаму тлумачаць. А ўвогуле працаваць немагчыма”.
Страйкавы настрой у асяроддзьдзі прадпрымальнікаў выкліканы тым, што з новага году на падставе ўказу № 760 адмяняецца фіксаваная стаўка падатку на ўвоз тавараў нават з Расеі, дзе беларускія гандляры да апошняга часу практыкавалі аптовыя закупы. На кожнае найменьне тавару патрэбны будзе дакумэнт з выплатай адпаведнага падатку. Гэта адразу спаралізуе працу тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў.
***
Полацак і Наваполацк: пакупнікоў папярэдзілі загадзя
Прадпрымальнікі Полацку і Наваполацку сёньня страйкуюць. Яны пратэстуюць супраць непрымальных, на іх думку, умоваў працы ў 2009 годзе.
Як паведаміў “Свабодзе” Валер Шаўчэнка – намесьнік кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі Незалежных прафсаюзаў, рынкі Полацку і Наваполацку сёньня практычна не працуюць. А ў шэрагу гандлёвых цэнтраў няма пакупнікоў, якіх своечасова папярэдзілі пра страйк.
***
Горадня: Зачыненыя рынкі "Цэнтральны" і "Паўднёвы"
Бальшыня індывідуальных прадпрымальнікаў у Горадні сёньня страйкуюць. Значная колькасьць працоўных месцаў на галоўных рынках “Цэнтральны” і “Паўднёвы” зачыненыя.
***
Магілёў: Дайце магчымасьць “нармальна працаваць”
Каля ўваходу ў Віленскі рынак у Магілёве сабралася каля 300 дробных гандляроў ня толькі зь Віленскага рынку, але і Грыбянёўскага рынку, гандлёвых цэнтраў “Магніт” і “Максімус”.
Індывідуальныя прадпрымальнікі патрабуюць, каб улады далі ім магчымасьць “нармальна працаваць”.
Учора іх зьбіралі ў аблвыканкаме і папярэджвалі пра недапушчальнасьць страйку, а таксама адмовілі ў дазволе сабрацца на плошчы Леніна ў Магілёве перад аблвыканкамам.
Удзельнікі страйку сабраліся каля ўваходу. За імі назіраюць двое міліцыянтаў адзін у званьні маёра.
***
У Бабруйску мітынг пратэсту
У Бабруйску распачаўся мітынг дробных гандляроў на мясцовым гарадзкім рынку.
Паводле індывідуальнай прадпрымальніцы Алены Мядзьведзевай, у акцыі бяруць удзел каля 50-ці чалавек. Яны пратэстуюць супраць новых правілаў вядзеньня гандлю, якія ўступаюць у сілу са студзеня новага году. Паводле ўдзельнікаў мітынгу, гэтыя правілы прывядуць да масавых банкруцтваў.
Паводле Алены Мядзьведзевай, у Бабруску сёньня не працуюць гандлёвыя цэнтры “Авангард” і “Беразіна”.