Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька. Ён сказаў таксама, што група ўжо фактычна сфармавана, а яе склад можа зьмяніцца толькі ў бок павялічэньня.
Наступны крок у гэтай справе — сход ініцыятыўнай групы, кажа Анатоль Лябедзька:
“Літаральна сёньня мы зьвернемся да „гарадзкога галавы“ Паўлава на прадмет сустрэчы. На ёй мы б хацелі абмеркаваць магчымасьць атрыманьня памяшканьня, каб правесьці сход ініцыятыўнай групы. У аб’яднаных дэмсілаў няма ніводнага памяшканьня, дзе мы маглі б сабраць такую колькасьць людзей”.
Праект зьменаў выбарчага заканадаўства сёньня перадаюць кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімеру Макею. Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік сказаў “Свабодзе”, што зьвяртацца да кіраўніка дзяржавы ў гэтай справе заканадаўства дазваляе:
“Зьмяненьні і дапаўненьні ў Выбарчы кодэкс можна ўнесьці праз прыняцьце адпаведнага закону. І гэтая працэдура кладзецца на заканадаўчую ўладу. Парлямэнт прымае адпаведны закон, а прэзыдэнт яго падпісвае. Другі варыянт — калі грамадзяне выступяць з заканадаўчай ініцыятывай. Гэта больш складана, паколькі тады ініцыятарамі зьмяненьняў выступаюць ужо не дэпутаты, а самі грамадзяне.
+І яшчэ адзін шлях такі — прэзыдэнт можа некаторыя нормы ўрэгуляваць сваім указам альбо часовым дэкрэтам. Але я думаю, што найбольш фундамэнтальны шлях, які дазваляе ўносіць кардынальныя зьмяненьні, — гэта праз парлямэнт”.
Рэфармаваньне выбарчага заканадаўства — адна з умоваў далучэньня Беларусі да Ўсходняга партнэрства. Пра гэта ўчора нагадаў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі і кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль:
“Што тычыцца выбарчага заканадаўства, то наша ідэя такая — павінна быць супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і БДІПЧ АБСЭ, каб прывесьці беларускае заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі выбарчымі стандартамі”.
Анатоль Лябедзька сказаў, што аб’яднаныя дэмсілы вітаюць такое супрацоўніцтва, пра што і напісана ў лісьце да спадара Макея. Больш за тое, у лісьце згадваецца, што яшчэ ў жніўні 1999 году Аляксандар Лукашэнка ўпаўнаважыў тагачаснага намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Міхаіла Сазонава і групу экспэртаў правесьці перамовы з прадстаўнікамі апазыцыі менавіта на прадмет паляпшэньня выбарчага заканадаўства. Цяпер апазыцыя прапануе вярнуцца да гэтага.