Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ратавацца ад “мірнага” атаму?


Ці захавалася ў Беларусі сыстэма грамадзянскай абароны? Ці засвоіла беларускае кіраўніцтва ўрокі Чарнобылю, рыхтуючыся да будаўніцтва атамнай электрастанцыі?


У Беларусі цалкам захавалася сыстэма грамадзянскай абароны, ёсьць адпаведная заканадаўчая база. Дзейнічае Дзяржаўная сыстэма прадухіленьня і ліквідацыі надзвычайных сытуацый і грамадзянскай абароны — цяпер гэта называецца так. Рэгулярна праводзяцца плянавыя вучэньні — ад школаў, ВНУ да прадпрыемстваў, распавёў прэсавы сакратар Міністэрства надзвычайных сытуацый Віталь Навіцкі:

“Усе гэтыя мерапрыемствы засталіся. Што тычыцца школьнікаў, праводзяцца вучэньні па адпрацоўцы эвакуацыі пастаянна. Але якая розьніца: арганізоўваць эвакуацыю з-за магчымага вучэбнага пажару альбо эвакуацыю па лініі грамадзянскай абароны з-за набліжэньня нейкага воблака азоту, фосфару альбо хлёру? Мерапрыемствы ўсё адно адныя і тыя ж. Няма канкрэтнай прывязкі, што гэта называецца менавіта “грамадзянская абарона”.

Сёлета ў школах, да прыкладу, 1 сакавіка, у Дзень абароны дзяцей , праводзіліся такія вучэньні. Магу засьведчыць гэта, бо сама шыла свайму сыну-падлетку ватна-марлевую павязку, а потым слухала жартаўлівыя расповеды дзевяціклясьнікаў пра вучэбную трывогу. Прэсавы сакратар МНС Віталь Навіцкі пацьвярджае:

Ведаеце, дзе найбольш дысцыплінавана праходзіць эвакуацыя? У дзіцячых садках.
“Ведаеце, дзе найбольш дысцыплінавана праходзіць эвакуацыя? У дзіцячых садках. Там малеча найбольш адказна да гэтага ставіцца. У школе гэта весела, з жартамі, з хохмамі, а дзеткі ў садку найбольш адказныя”.

У Беларусі прынята канчатковае рашэньне будаваць атамную станцыю, таму, натуральна, пытаньні бясьпекі хвалююць усіх. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Міхалевіч кажа:

“Калі мы традыцыйна кажам „забесьпячэньне экалягічнай бясьпекі пры разьвіцьці атамнай энэргетыкі“, то цяпер у сьвеце пытаньне ставіцца па-іншаму: забесьпячэньне экалягічнай бясьпекі Зямлі з дапамогай атамнай энэргетыкі”.

Год таму, у лістападзе 2007 году, пры Міністэрстве надзвычайных сытуацый быў створаны адмысловы Дэпартамэнт па наглядзе за бясьпечным вядзеньнем прац у атамнай энэргетыцы — Дзяржатамнагляд. Віталь Навіцкі тлумачыць:

“Дзеля чаго спатрэбілася рабіць асобны Дэпартамэнт? Гэта адно з патрабаваньняў МАГАТЭ — павінен быць асобны орган, які будзе займацца гэтымі пытаньнямі, пачынаючы з праектаваньня, на стадыі будаўніцтва — менавіта наглядам за бясьпечным вядзеньнем працаў. Вельмі сур’ёзны кірунак. Канечне ж, заканадаўчая база, ацэнка бясьпекі працаў па праектаваньні, будаўніцтве — вось гэтую нарматыўна-прававую базу яны і распрацоўваюць”.

Акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандар Міхалевіч распавёў:

“У нас прыняты Закон аб выкарыстаньні атамнай энэргіі — гэта базавы закон. У разьвіцьцё гэтага закону распрацоўваецца зараз вялікі пакет нарматыўных дакумэнтаў, якія будуць рэглямэнтаваць і бясьпечную эксплюатацыю атамнай станцыі”.

Прафэсар, доктар тэхнічных навук Георгій Лепін у 1980-я гады быў ліквідатарам наступстваў аварыі на ЧАЭС, апынуўся ў самым цэнтры аварыі. Зараз ён сузаснавальнік руху “Навукоўцы — за бязьядзерную Беларусь”. На пытаньне, ці навучыліся беларусы пасьля Чарнобылю супрацьстаяць атамнай небясьпецы, адказаў так:

Кіраўніцтва ўвесь час шуміць, што народ „за будаўніцтва“ выступае. Гэта чыстай вады падман
“Мы-то навучыліся. Кіраўніцтва не навучылася. Яно з намі лічыцца ня хоча. Трэба, па-першае, інфармаваць людзей. Кіраўніцтва ўвесь час шуміць, што народ „за будаўніцтва“ выступае. Я ў гэта шчыра ня веру. Гэта чыстай вады падман”.

Акадэмік Аляксандар Міхалевіч распавёў, што нядаўна ў Бразыліі адбылася міжнародная канфэрэнцыя “Культура ядзернай бясьпекі”. І адзін з галоўных кірункаў гэтай культуры — інфармаваньне насельніцтва. Сыстэма працы з насельніцтвам прадугледжвае, на думку акадэміка Аляксандра Міхалевіча, па-першае — інфармацыю сыстэматычную, па-другое — дыфэрэнцыяваную:

“Інфармацыя павінна быць накіравана ўраду, выканаўчай уладзе. Інфармацыя павінна быць заканадаўчай уладзе. Інфармацыя павінна быць адмыслова для спэцыялістаў. Інфармацыя павінна быць хатнім гаспадыням. Інфармацыя павінна быць сыстэматычнай”.

Акадэмік Міхалевіч прывёў у прыклад яшчэ адну міжнародную канфэрэнцыю, якая адбылася нядаўна ў Празе — па інфармаваньні парлямэнтарыяў у галіне атамнай энэргетыкі. Дарэчы, у Чэхіі ёсьць дзьве атамныя электрастанцыі — у Тэмэліне і Дукаванах. На мінулым тыдні ў Дукаванах адбыліся комплексныя вучэньні, насельніцтва адпрацоўвала няштатную сытуацыю. Пра гэта шырока паведамлялася ў СМІ.

У жніўні начальнік Галоўнага ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта Ўсевалад Янчэўскі паабяцаў: у Беларусі самым бліжэйшым часам створаць інфармацыйны цэнтар, дзе грамадзяне змогуць атрымаць поўныя зьвесткі па будаўніцтве ў краіне АЭС. Але дагэтуль нічога такога няма, і нават журналістам атрымаць інфармацыю даволі складана — калі і дзе ўрэшце будзе абраная пляцоўка для будоўлі?

Грамадзкасьць працягвае зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва АЭС.
А грамадзкасьць працягвае зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва АЭС. 30 лістапада ў Чавусах актывісты горацкай ініцыятывы “Антыядзерная група” сабралі больш за 200 подпісаў. Сузаснавальнік руху “Навукоўцы — за безьядзерную Беларусь” прафэсар Георгі Лепін распавёў, як кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на стварэньне руху:

“Ён жа паўсюль казаў раней: вось гэтыя праціўнікі — непісьменныя людзі, якія самі ня ведаюць, чаго хочуць. І як толькі мы заявілі, што ствараем рух “Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь”, ён ужо ня мог сказаць, што мы непісьменныя. У бліжэйшым жа выступе ў Хойніках заявіў, што “гэта не навукоўцы — гэта бандыты ад навукі”.

Прафэсар Іван Нікітчанка, таксама ліквідатар, перакананы:

“Людзі абсалютна безабаронныя перад радыяцыяй. Пустазвонства, словаблудзьдзе… Стварыць дэпартамэнт — не праблема. У нас усё так робіцца — спачатку дэпартамэнт створаць, а потым справу заваляць. Але трэба абараняць людзей. Бо калі моладзь не прыкрыем, беларусаў паўмільёна да 2020 году ня будзе. Зараз няма ўжо 526 тысяч у параўнаньні з 1990 годам, ня будзе яшчэ паўмільёна”.

І яшчэ адна цікавая рэч: вядомы італьянскі сьпявак Адрыяна Чэлентана, вядомы змагар за чысьціню навакольнага асяродзьдзя, запісаў сюіту Sognando Cernobyl — “Бачачы ў сьне Чарнобыль”. І распавёў, што падставай для яе напісаньня стала безадказнае рашэньне ўраду будаваць новыя атамныя станцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG