Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Астраўцы забараняюць пратэставаць супраць АЭС


Улады Астраўца забаранілі пікеты супраць будаўніцтва АЭС. У адмове, падпісанай намесьнікам старшыні райвыканкаму Віктарам Славінскім, гаворыцца, што мэта й спосаб правядзеньня пікетаваньня нібыта перавышаюць патрабаваньні, выкладзеныя ў законе.


Заяўку на правядзеньне пікетаў у Астраўцы, а таксама ў вёсках Варняны, Міхалішкі, Гервяты падавалі сябры стваранага аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы супраць будаўніцтва АЭС Іван Крук і Мікола Ўласевіч.

Мікола Ўласевіч, былы настаўнік геаграфіі, зьдзіўлены такім адказам з райвыканкаму і нагадвае, што будоўлю АЭС плянуецца весьці на тэрыторыі Нарачанска-Вілейскага запаведнага краю.

Ён лічыць, што гэтае месца можа ператварыцца ў яшчэ адну “чарнобыльскую дзірку” на мапе Эўропы.

Мікола Ўласевіч
Уласевіч:
“Безумоўна, пададзім скаргу ў суд і любым чынам будзем дамагацца, каб нам дазволілі правядзеньне пікетаў”.

Іван Крук дадае, што будаўніцтва АЭС у постчарнобыльскай Беларусі — ня проста памылка, а злачынны намер, які можа прывесьці да яшчэ большай бяды, чым тая, што ўжо спасьцігла нашую зямлю.

Ён перакананы, што ўлады баяцца, каб да людзей не даходзіла праўдзівая інфармацыя пра наступствы пабудовы АЭС, і таму забараняюць інфармаваць насельніцтва.

Іван Крук
Крук:
“Пакуль рашэньня няма, але калі яго абвесьцяць, то будзе позна. Паглядзіце, пра экалягічныя наступствы ніхто нічога ня кажа”.

Намесьнік кіраўніка ідэалягічнага аддзелу Астравецкага райвыканкаму Аляксандар Клімчэня кажа, што ў раёне ў сувязі з будаўніцтвам АЭС праводзяцца сустрэчы з насельніцтвам, ладзяцца круглыя сталы і шмат іншага.

Клімчэня: “І ў асноўным народ “за” будаўніцтва станцыі, паколькі гэта новыя працоўныя месцы, горад будзе расьці. Вось на гэта людзі глядзяць”.

Адмову на правядзеньне пікетаў я папрасіў пракамэнтаваць кіраўніка абласной арганізацыі АГП Юрыя Істоміна, юрыста па адукацыі. Вось, што ён мне сказаў.

Істомін: “Фактычна такі адказ — гэта юрыдычны нонсэнс. Ён не грунтуецца на законе, і наагул гэта адказ ні пра што. Такой нормы, якая прапісана ў гэтым адказе, няма ў формах адказу, якія існуюць і прапісаны ў законах Рэспублікі Беларусь”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG