Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прымальныя для Менску ўмовы замежных крэдытораў?


Наколькі прымальныя для беларускага боку патрабаваньні зьнешніх крэдытораў? Ці выканае афіцыйны Менск умову МВФ аб дэвальвацыі нацыянальнай валюты на 20 працэнтаў? Ці пойдзе на прапанову Масквы перайсьці на расейскі рубель? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць эканамісты Аляксандар Чубрык і Барыс Жаліба.


Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “На гэтым тыдні Беларусь атрымала першую частку расейскага крэдыту — 1 мільярд даляраў. Разам з тым зьявіліся паведамленьні, што МВФ патрабуе ад Менску пайсьці на 20-працэнтную дэвальвацыю беларускай валюты. Гэта нібыта выстаўляецца ўмовай для атрыманьня крэдыту ад МВФ. Наколькі эканамічна мэтазгоднае гэта патрабаваньне? Можа, слушна кажуць некаторыя беларускія чыноўнікі, што адмыслоўцы МФВ ня ўлічваюць беларускай спэцыфікі?”


“Дэвальваваць рубель даволі небясьпечна”

Барыс Жаліба
Жаліба: “Так, Беларусі вельмі неабходныя замежныя валютныя крэдыты. Апошнія дадзеныя пра рэзэрвы Нацбанку — 4,6 мільярда даляраў. Гэтага недастаткова. Новыя валютныя крэдыты патрэбныя для падтрымкі курсу беларускага рубля, для разьлікаў з замежнымі гандлёвымі партнэрамі і для вяртаньня ранейшых пазыкаў, якія Беларусь ужо набрала.

Што да нібыта патрабаваньня МФВ дэвальваваць беларускі рубель на 20 працэнтаў, то гэта, на маю думку, даволі небясьпечна. Нават калі ўзяць Расею, дзе валютная сытуацыя не такая напружаная. Але і там многія лічаць, што старшыня Цэнтрабанку зрабіў памылку, абвясьціўшы пра магчымую дэвальвацыю расейскага рубля, што яго курс да канца году будзе 30 рублёў за даляр (зараз 27).

Цыганкоў: “Але гэта ня выклікала, здаецца, ніякай панікі ані на біржах, ані каля абменных пунктаў”.

Жаліба: “Бо там сытуацыя з валютай не такая вострая, як у нас. У Расеі ёсьць рэзэрвы на 600 мільярдаў даляраў. Небясьпечна, калі карэнным чынам зьменяцца паводзіны нашых „рублёвых“ укладчыкаў, калі яны кінуцца ў банкі і пачнуць канвэртаваць рублі ў валюту. Чвэрць рублёвых рэсурсаў банкаў — гэта дэпазыты насельніцтва. І такая сытуацыя была б вельмі небясьпечнай”.

Цыганкоў: “Трэба адзначыць, што мы ня ведаем, у які тэрмін патрабуе дэвальваваць беларускі рубель МВФ. Можа, гэта ня рэзкая, а паступовая, плаўная дэвальвацыя. Наколькі беларускі ўрад на сёньня гатовы выканаць гэтыя ды іншыя прапановы МВФ?”


“20 працэнтаў дэвальвацыі яшчэ пададуцца Нацбанку прывабнай лічбай”

Аляксандар Чубрык
Чубрык: “Я б якраз сказаў, што МВФ вельмі добра разумее беларускую спэцыфіку. Менавіта таму адно з патрабаваньняў (ці, лепш сказаць, умоваў выдачы крэдыту) — дэвальвацыя. Зноў жа паўтаруся, што гэта пакуль інфармацыя неафіцыйная.

Чаму я кажу, што МВФ добра разумее беларускую спэцыфіку? Бо пад гэтым патрабаваньнем могуць падпісацца і ў беларускім Нацбанку. Нядаўна прадстаўнік Нацбанку агучыў лічбы, што на наступны год плянуецца плаўная дэвальвацыя на 5—10 працэнтаў. Такая дэвальвацыя эканамічна выключна абгрунтаваная. Але магчыма, што яшчэ больш мэтазгоднай і патрэбнай будзе дэвальвацыя на 20 працэнтаў.

Уявім сабе, што МВФ прапанаваў Нацбанку гэтыя 20 працэнтаў. Але ён прапаноўваў гэта, калі цана на нафту была 60 даляраў. А цяпер яна зваліліся да 50 даляраў. У такім выпадку крызіс і рэцэсія ў Расеі будуць глыбейшыя, наш экспарт туды зьменшыцца яшчэ болей. І можа атрымацца, што гэтыя 20 працэнтаў пададуцца Нацбанку яшчэ вельмі прывабнай лічбай. Так што калі такая ўмова
Нават чуткі пра дэвальвацыю могуць справакаваць рэзкі ўнутраны фінансавы крызіс
МВФ сапраўды існуе, то яна даволі важная, і ўладам трэба вельмі добра падумаць, як падаць гэтую інфармацыю насельніцтву”.

Цыганкоў: “То бок ці можна сказаць, што ўлады пазьбягаюць дэвальвацыі зь нейкіх палітычных і ідэалягічных прычын?”

Чубрык: “Не, тут таксама эканамічныя прычыны. Першая, фундамэнтальная, — дэфіцыт замежнага гандлю, і нам яго трэба нейкім чынам пакрываць. Калі мы ня можам яго прафінансаваць, то мы мусім ісьці на дэвальвацыю, бо проста нестае замежнай валюты, каб увесь попыт на яе забясьпечыць прапановай.

Другая прычына — псыхалягічная, але таксама эканамічная. Нават чуткі пра дэвальвацыю, а ня толькі рэзкае зьніжэньне курсу беларускай валюты, могуць справакаваць адток дэпазытаў з банкаўскай сыстэмы і выкіданьне гэтых грошай на валютны рынак. І гэта можа справакаваць рэзкі ўнутраны фінансавы крызіс. Таму Нацбанк вельмі правільна робіць, што асьцярожна падыходзіць да магчымай дэвальвацыі”.


“Маскве хацелася б падтрымаць легенду,
што расейскі рубель — гэта міжнародная валюта”

Цыганкоў: “Днямі віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў заявіў, што Малдова і Беларусь нібыта гатовыя разьмясьціць у расейскіх рублях свае золатавалютныя рэзэрвы. Малдова ўжо абвергла гэтыя паведамленьні — заявіла, што не зьбіраецца гэтага рабіць. Беларусь пакуль ніяк не адрэагавала. Ці ня ёсьць такая заява пэўным ціскам з боку Расеі?”

Жаліба: “Даляр у найбліжэйшай пэрспэктыве, безумоўна, застанецца сусьветнай рэзэрвовай валютай нумар адзін. Мы ня можам нашыя рэзэрвы пераводзіць у расейкі рубель. Гэта не сусьветная валюта, і, нягледзячы на ўсе амбіцыі Масквы, у бліжэйшы час гэтага ня будзе.

Да таго ж валютныя рэзэрвы любой дзяржавы захоўваюцца не ў адной валюце. Пераважна ў далярах, частка ў эўра. У Беларусі, улічваючы, што палова гандлю ідзе з Расеяй, Нацбанк вырашыў нядаўна залічваць расейскі рубель у склад рэзэрваў разам з далярамі і эўра. Але ўсе фінансавыя рэзэрвы трансфармаваць у расейскі рубель немагчыма — і ня варта гэтага рабіць”.

Цыганкоў: “Наколькі расейскі крэдыт, які Беларусь ужо пачала атрымліваць, прывязаны да палітычных і інтэграцыйных пытаньняў?”

Чубрык: “У пагадненьні наконт крэдыту, інфармацыя пра якое прайшла ў СМІ, напісана, што першую траншу, першы мільярд Беларусь атрымае адразу, а другі мільярд — пасьля таго, як падпіша плян пераходу на адзіную валюту. Калі гэтая інфармацыя праўдзівая, то Менск атрымае другі мільярд пасьля таго, як падпіша такі плян. Не пасьля таго як яго выканае — а пасьля таго як падпіша. То бок можна сказаць, што ўмовы ня самыя жорсткія.

Што да заявы расейскага віцэ-прэм’ера, то яна, відаць, была найперш для ўнутранага карыстаньня. На фоне дэвальвацыі расейскага рубля Маскве хацелася б падтрымаць легенду, што расейскі рубель — гэта міжнародная валюта, амаль такая ж, як даляр і эўра. Таму была прыдумана такая байка, нібыта Беларусь і Малдова пераводзяць свае рэзэрвы ў расейскія рублі.

У выпадку зь Беларусьсю гэтае выказваньне магло падтрымлівацца фактам атрыманьня Менскам расейскага крэдыту, плюс рознымі плянамі па пераходзе на расейскі рубель. У выпадку з Малдовай цяжка сказаць, чым гэта абгрунтоўвала Масква — зрэшты, Кішынёў ужо гэта адрынуў. Ну а Менск звыкла маўчыць, разумеючы, відаць, што гэта проста словы”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG