Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пацякуць у Беларусь замежныя інвэстыцыі?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 18 лістапада.


У Лёндане адкрыўся Беларускі інвэстыцыйны форум. Ці спрыяльны цяпер час для прыцягненьня замежных інвэстыцый? Чаму яны не ідуць у Беларусь? Што можа прапанаваць беларускі бок заходнім бізнэсоўцам?

Удзельнікі: экспэрт лёнданскай кампаніі “Sovetnik” Натальля Лешчанка зь Лёндану і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык зь Менску.


Ці спрыяльны цяпер час для прыцягненьня інвэстыцый?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Мабыць, упершыню ў сваёй гісторыі Беларусь ладзіць такое маштабнае мерапрыемства дзеля прыцягненьня замежных інвэстыцый, такую значную прэзэнтацыю сваёй эканомікі ў Эўропе. Беларускі ўрад ускладае на інвэстыцыйны форум у Лёндане вялікія надзеі. Беларускае тэлебачаньне сьцьвярджае, што прадстаўленыя на ім эканамічныя праекты дасягаюць сумы 9 мільярдаў даляраў.

Аднак форум адбываецца падчас сусьветнага эканамічнага крызісу. Ці спрыяльны гэта час для прыцягненьня інвэстыцый?”

Натальля Лешчанка
Натальля Лешчанка: “На першы погляд, сапраўды, здаецца, што крызіс трэба перачакаць. Бо колькасьць вольных грошай у эканоміцы скарацілася.

Але я лічу, што правядзеньне гэтага форуму — правільнае рашэньне. Бо Беларусі цяпер трэба заявіць пра сябе, ісьці паперадзе хвалі, каб выкарыстаць той момант, калі крызіс скончыцца. Трэба паказаць, што Беларусь — краіна новых магчымасьцяў”.

Аляксандр Чубрык: “Калі гэты форум плянаваўся, то час быў іншы, у Беларусь прыяжджала нямала прадстаўнікоў замежных банкаў. А цяпер у інвэстараў бракуе грошай. Але Беларусі цяпер вельмі патрэбныя інвэстыцыі”.


Ці прывабіць інвэстараў беларуская стабільнасьць?

Карбалевіч: “Ёсьць і такі пункт гледжаньня. І падчас крызісу грошы трэба неяк захаваць. Трымаць у банку — не найлепшы варыянт. А Беларусь — амаль што аазіс стабільнасьці. Маштаб крызісных зьяў тут значна меншы ў параўнаньні з суседнімі краінамі. Дык чаму б заходнім бізнэсоўцам не ўкласьці свае грошы ў беларускую эканоміку?”

Лешчанка: “Заходнім інвэстарам важна ўкладаць грошы ў разьвіцьцё. Беларускія ўлады павінны даць гарантыі для гэтых інвэстыцый, палепшыць заканадаўства, падатковую сыстэму, каб пераадолець нэгатыўны імідж краіны.

Замежныя інвэстыцыі, калі і прыйдуць, то ня хутка і не ў такіх аб’ёмах, на якія разьлічваюць беларускія ўлады. Але важна заваяваць давер, пачаць дыялёг. У гэтым сэнс Лёнданскага форуму”.

Чубрык: “Крызіс прыйдзе ў Беларусь трохі пазьней. І інвэстары гэта добра разумеюць”.


Чаму інвэстыцыі не ідуць у Беларусь?

Карбалевіч: “Што перашкаджае прыцягненьню замежных інвэстыцый у Беларусь? Чаму яны такія маленькія?”

Лешчанка: “Я цяпер знаходжуся на гэтым інвэстыцыйным форуме. І ў кулюарах замежныя бізнэсоўцы кажуць, што могуць інвэставаць у Беларусь, калі будуць гарантыі. Гэта праблема для любой краіны”.

Карбалевіч: “Дык Аляксандар Лукашэнка абяцае асабістыя гарантыі ўсім замежным інвэстарам.
Склаўся імідж Беларусі як краіны непрадказальнай, дзе закон можа мець зваротную сілу.
Або слова кіраўніка дзяржавы — гэта недастатковая гарантыя для бізнэсоўцаў?”

Лешчанка: “Не. Для інвэстараў павінны быць заканадаўчыя гарантыі. На Захадзе прызвычаіліся паважаць закон, а ня словы прэзыдэнта. Бізнэсоўцаў адмысловыя ўмовы нават не заахвочваюць. Яны хочуць мець гарантаваныя аднолькавыя ўмовы для ўсіх”.

Аляксандар Чубрык
Чубрык: “Я згодзен з гэтым. Інвэстараў нават менш цікаваць тое, якая рынкавая эканоміка, ці ёсьць дэмакратыя ў краіне, ці вялікія там падаткі. Іх больш цікавіць выкананьне ўсімі бакамі кантракту і аднолькавыя для ўсіх умовы. Бо вядома, што замежныя інвэстары мелі ў Беларусі прэфэрэнцыі, а потым іх гэтых прэфэрэнцый пазбавілі. Склаўся імідж Беларусі як краіны непрадказальнай, дзе закон можа мець зваротную сілу. Таму, каб зьмяніць такі імідж, патрэбныя радыкальныя крокі, заканадаўчыя гарантыі”.


Патрэбен замежны піяр

Лешчанка: “Каб зьмяніць імідж, трэба працаваць з замежнай публікай, пісаць артыкулы ў замежнай прэсе. Каб у людзей тут зьявілася цікавасьць проста да краіны”.

Чубрык: “Даводзіцца часта бываць за мяжой. Там я расказваю, што Беларусь стаіць на ганку глябальных пераменаў, рэформаў. А прыяжджаеш дадому — і бачыш, што ўлады прымаюць такія рашэньні, якія рэзка разыходзяцца з дэклярацыямі пра рынкавыя рэформы.

Зразумела, патрэбныя пісьменныя піяр-акцыі. Бо на Захадзе створаны вельмі нэгатыўны імідж Беларусі: там думаюць,
Парадаксальна, што прадстаўнікі Сусьветнага банку, іншых міжнародных структураў выглядалі менш цікава за Сідорскага і Кабякова
што тут людзі галадаюць, за кожным крокам сочыць КДБ. І калі яны прыяжджаюць, то бачаць, што рэальная сытуацыя лепшая, чым яе малююць мэдыі.

Але каб не атрымалася так, што з дапамогаю піяр-акцый будзе створаны станоўчы імідж Беларусі, а ў рэальнасьці бізнэсоўцы ўбачаць горшую сытуацыю”.

Карбалевіч: “Спн. Лешчанка, вы прысутнічаеце на форуме. На ваш погляд, ці ўдалася гэтая піяр-акцыя?”

Лешчанка: “Форум толькі пачаў сваю працу. Можна адзначыць, што выступы прэм’ера Сідорскага і віцэ-прэм’ера Кабякова былі ўдалымі, з слайдамі, прэзэнтацыямі, абодва выглядалі энэргічнымі, упэўненымі. Парадаксальна, што прадстаўнікі Сусьветнага банку, іншых міжнародных структураў выглядалі менш цікава”.


Навошта Беларусі замежныя інвэстыцыі?

Карбалевіч: “Зусім нядаўна стаўленьне беларускіх уладаў да замежных інвэстыцый было зусім іншае. Маўляў, няхай яны падавяцца сваімі грашыма, мы хоць бедныя, але гордыя. Што зьмянілася? Навошта Беларусі замежныя інвэстыцыі?”

Чубрык: “Усё зьмянілася. Краіне патрэбен ня толькі замежны капітал, патрэбна прынцыпова новая стратэгія эканамічнага разьвіцьця, радыкальныя рэформы. Апошнія выступы Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што разуменьне такой патрэбы ёсьць.

Беларусь мае дэфіцыт бягучага рахунку, замежнага гандлю. Каб іх фінансаваць, патрабуюцца замежныя грошы. А ва ўмовах фінансавага крызісу знайсьці кароткатэрміновыя пазыкі амаль немагчыма. Таму вельмі актуальнымі робяцца замежныя інвэстыцыі. Але замежныя інвэстыцыі патрэбныя і для доўгатэрміновага разьвіцьця эканомікі, для выхаду на новыя рынкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG