Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пакуль узровень сустрэч Сідорскага не адпавядае прэм’ерскаму”


Сяргей Сідорскі
Сяргей Сідорскі

18 лістапада ў Лёндане пачаў сваю працу беларускі інвэстыцыйны форум. У ім бярэ ўдзел прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі, які знаходзіцца ў Брытаніі з трохдзённым рабочым візытам.


Сідорскі ўжо наведаў Палату лордаў і правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з лордам-мэрам Лёнданскага сіці. Наколькі абгрунтаваныя спадзяваньні афіцыйнага Менску на прарыў у адносінах з Эўразьвязам? Чаму менавіта Брытанія сярод заходніх краінаў першай абмяркоўвае новыя падыходы да беларускага бізнэсу і інвэстыцыяў? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Ігар Лялькоў.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
“У інтэрвію агенцыі Reuters Сяргей Сідорскі заявіў, што афіцыйны Менск чакае ад форуму новага імпульсу для разьвіцьця эканамічнага супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Наколькі абгрунтаваныя і своечасовыя гэтыя спадзяваньні?”

Ігар Лялькоў

Лялькоў:
“Наконт своечасовасьці. Натуральна, Беларусі зараз вельмі патрэбныя інвэстыцыі. Стан эканомікі на сёньняшні дзень такі, што без маштабных замежных інвэстыцыяў эканоміка Беларусі проста ня можа далей разьвівацца. Так што пытаньне “своечасовасьці” відавочнае.

Што да абгрунтаванасьці гэтых намераў, то Менск за апошнія месяцы зрабіў некалькі крокаў, каб зрабіць Беларусь больш прывабнай для замежных інвэстараў. Плюс да гэтага дэкляруюцца пэўныя дзяржаўныя гарантыі для замежнага бізнэсу ў Беларусі.

Але гэта як крэдытная гісторыя ў банку. Яна напрацоўваецца не за некалькі месяцаў, а гадамі. І пакуль гэты інвэстыцыйны бэкграўнд Беларусі вельмі непрывабны. Дастаткова ўзгадаць спробы маштабных інвэстыцыяў, якія зрабілі “Ford”, “Балтыка”, ды іншыя, -- і якім правалам яны скончыліся.

Таму я думаю, што для сур’ёзнага заходняга бізнэсу Беларусь ёсьць той тэрыторыяй, якую ён будзе імкнуцца абыходзіць. Не выключаю, аднак, што сюды можа прыйсьці рызыкоўны бізнэс, якога хапае і на Захадзе”.

Цыганкоў: “Пасьля таго, як апошнія месяцы сталі мяняцца адносіны афіцыйнага Менску і Эўразьвязу, аналітыкі пачалі разважаць на тэму, якія краіна стане першапраходцам новага падыходу да Беларусі. Калі не браць суседзяў Беларусі, у якіх даўно ўжо сфармаваўся асаблівы падыход, чаму менавіта Брытанія сярод заходніх краінаў першай адкрываецца для беларускага бізнэсу і інвэстыцыяў?”

Лялькоў: “Гэта ня дзівіць, бо ў Брытаніі працуе платны агент беларускай улады – лорд Цімаці Бэл, які мае дастаткова добрыя кантакты ў асяродку брытанскіх парлямэнтароў, увогуле ў эліце. Таму – чалавек, які адпрацоўвае свае грошы, павінен неяк выводзіць беларускае кіраўніцтва на брытанскі істэблішмэнт, што ён і спрабуе рабіць.

Заўважу, аднак, што пакуль сустрэчы Сідорскага ў Лёндане не адпавядаюць прэм’ерскаму ўзроўню. Дзелавы сьнеданак у рэдакцыі часопіса, ці сустрэча з мэрам лёнданскага Сіці – гэта ня ўзровень кіраўніка ўраду.

Цыганкоў: “Давайце патлумачым чытачам: мэр лёнданскага Сіці – гэта кіраўнік аднаго з раёнаў гораду..”

Лялькоў: “Так, як кіраўнік раённай адміністрацыі ў Менску. На які ўзровень лорд Бэл здольны выводзіць сваіх кліентаў, на такі і выводзіць”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG