Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Максімюк: Мая парада - не рабіць нічога


Даваць парады прэзыдэнтам нічога не каштуе і нічым не пагражае, калі ты не на штаце прэзыдэнцкага дарадніка. А таму і я выкажу адну агульную параду новаму амэрыканскаму прэзыдэнту, падпісваючыся пад ёю поўным прозьвішчам.

Як кажа спрадвечная беларуская мудрасьць, усё будзе добра, толькі нічога ня трэба рабіць. У дадзеным кантэксьце, я маю на ўвазе — для Беларусі ня трэба нічога адмыслова рабіць, ні ўсталёўваць там дэмакратыі супроць ахвоты большасьці, ні падтрымліваць аўтакратыі супроць густу меншасьці. А варта зрабіць нешта мімаходам, пры нагодзе, — такое, што рутынна робіцца для сябе і іншых.

Прыкладам, калі новы амэрыканскі прэзыдэнт будзе шукаць спосабу, каб ажывіць амэрыканскую эканоміку і засьцерагчы яе ад крызісу, ён мусіць памятаць, што фінансуючы з фэдэральнага бюджэту паездкі амэрыканскіх бізнэсмэнаў у Польшчу ці Ўкраіну, варта прафінансаваць і гандлёвую дэлегацыю ў Беларусь.

Калі беларусы стануць выконваць патрабаваньні бязьвізавай палітыкі ЗША (зьвязаныя з прапорцыяй паміж колькасьцю просьбаў аб візе і колькасьцю адмоваў у выдачы), дык адмяніць для іх візы, як гэта зрабілі для літоўцаў ці эстонцаў.

Як думаю, далей ня трэба тлумачыць сэнсу мае парады. Тэндэнцыя ясная.

Карацей — па-мойму, Беларусь ня трэба ніяк вылучаць сярод іншых – ні санкцыямі, ні ўзнагародамі, бо яна гэтага проста не заслугоўвае. Яна — глыбока няважная для амэрыканскай эканомікі і палітыкі краіна, значна менш важная, чым Фарэрскія астравы або Грэнляндыя.

Калі ўсе ў Вашынгтоне і Менску гэта зразумеюць, дык усё стане на сваё месца, і Беларусь зойме сваё пачэснае (неістотнае) месца сярод іншых пачэсных і неістотных краінаў сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG