Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Добрай волі на лібэраліза­цыю няма — ёсьць неабходнасьць”


Віталь Сіліцкі
Віталь Сіліцкі
У чацьвер Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў пытаньнях замежнай і ўнутранай палітыкі заявіў, што Беларусі трэба зрабіць значныя крокі па лібэралізацыі эканомікі і дэбюракратызацыі усёй сыстэмы. “Няпраўда, што свабодная эканоміка і рыначныя стасункі ў пляне канкурэнцыі, вызваленьня магчымасьцяў чалавека — гэта кепска”, — заявіў кіраўнік дзяржавы. Наколькі сур’ёзнымі ёсьць апошнія крокі беларускай улады па лібэралізацыі эканомікі? Што будуць рабіць улады, каб эканамічныя перамены не прывялі да палітычных зьменаў? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Віталь Сіліцкі.

Цыганкоў: Апошнія заявы і крокі ўладаў, зьвязаныя зь лібэралізацыяй эканомікі — ці выкліканыя яны складанасьцю сёньняшняй сытуацыі ці ўлада стратэгічна зразумела, што гэты эканамічны курс трэба прымаць надоўга?

Сіліцкі: “Заўважце, што размовы пра эканамічную лібэралізацыю заўжды пачынаюцца пасьля выбараў і тады, калі танная нафта. Калі да выбараў далёка і нафта дарагая — нікому ніякая лібэралізацыя не патрэбная. А зараз такі момант, калі пра гэта даводзіцца гаварыць.

Але ж ніякіх памкненьняў, добрай волі да рэфармаваньня няма — прста ёсьць неабходнасьць. Зьвязаная яна з тым, што трэба прыцягваць замежныя крэдыты, бо пачаліся хістаньні ў грамадзтве, пачалася скупка валюты. Трэба ўтрымаць фінансавую сытуацыю пад кантролем. Таму гэтая заява ў першую чаргу для вонкавага спажыўца, зь якім зараз ідуць перамовы”

Цыганкоў: “Магчыма, і ня так важна, якімі матывамі кіруецца ўлада — важна тое, што яна будзе рабіць. Цяперашнія эканамічныя крокі могуць стаць незваротнымі?”

Сіліцкі: “У прынцыпе, нічога незваротнага няма. Але доўгатэрміновы трэнд відавочны — Беларусь будзе ісьці да больш рынкавага стану. Але і хістаньні на гэтым шляху могуць быць істотнымі. Але накірунак, куды будзе паўзьці беларускі смоўж, вызначаны”.

Цыганкоў: “Калі ў гісторыі аўтарытарныя рэжымы праводзілі эканамічную мадэрнізацыю — ці заўсёды гэта
Усялякія рэформы пачынаюцца, каб палепшыць сыстэму, але часьцяком заканчваюцца тым, што сыстэма дэзарганізуецца
прыводзіла да зьменаў у грамадзтве?”

Сіліцкі: “Усялякія рэформы пачынаюцца, каб палепшыць сыстэму, але часьцяком заканчваюцца тым, што сыстэма дэзарганізуецца. Але ўжо назапашаны вялікі досьвед, і кожны аўтакрат будзе гэта ўлічваць. І будзе імкнуцца прадугледзець такія абмежаваньні, каб прадухіліць гэты выклік сваёй уладзе”

Цыганкоў: “Беларускі рэжым будзе імкнуцца ставіць такія абмежаваньні, каб эканамічныя зьмены не прывялі да палітычных?”

Сіліцкі: “Вядома ж. У той самы час, калі яны пачынаюць нейкія эканамічныя рэформы, яны забясьпечваюць абраньне цалкам стэрыльнага парлямэнту”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG