Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці спыняцца беларускія гіганты машынабудаваньня?


Беларускія прамысловыя гіганты амаль на 80% залежаць ад расейскіх спажыўцоў. Аднак сусьветны фінансавы крызіс істотна ўскладніў экспартную палітыку заводаў, якія сутыкнуліся з рэзкім зьмяншэньнем попыту на сваю прадукцыю на Ўсходзе. У такой сытуацыі адміністрацыі прадпрыемстваў мусяць рабіць непапулярныя захады, у тым ліку зьмяншаць працоўны тыдзень і скарачаць другасны пэрсанал, не задзейнічаны ў вытворчым працэсе.

Кіраўнікі буйных заводаў ня йдуць на кантакт з прэсай, бо, як тлумачаць у прэсавых службах прадпрыемстваў, не жадаюць залішняга ажыятажу вакол неакрэсьленасьці эканамічных пэрспэктываў ва ўмовах фінансавага крызісу. Аднак у кулюарах усё часьцей чуваць панічныя настроі. Адзін з супрацоўнікаў Менскага аўтазаводу на ўмовах ананімнасьці расказаў, што асноўныя цэхі аўтагіганта працуюць пакуль у ранейшым рэжыме, аднак практычна ўся прадукцыя ідзе на склад. У такім тэмпе доўга вытрымаць немагчыма — пляцоўкі ўжо запоўненыя машынамі, якія невядома колькі будуць чакаць свайго пакупніка:

“Канечне, вытворчасьць прыпыніцца. Я сам чуў у адміністрацыі, што будуць стаяць заводы, ня будзе куды рэалізоўваць прадукцыю і, адпаведна, ня будзе чым плаціць людзям. Дарэчы, у Расеі такая сытуацыя ўжо рэальнасьць, бо там няма нейкіх патаемных фондаў, зь якіх падсілкоўваюць заводы. Там уладальнік — суб’ект гаспадараньня. Не атрымаў грошай за прадукцыю — не атрымалі людзі заробак, і ўсё. І ў нас тое самае будзе, я чуў прагнозы: у бліжэйшыя 3—4 месяцы на 15—20% патаньнеюць новыя аўтамабілі, бо няма попыту ў сувязі са згортваньнем мэханізму выдачы крэдытаў”.

Найбольш адчувальна фінансавы крызіс ударыў па прадпрыемствах, якія вырабляюць дарагую прадукцыю машынабудаваньня
Найбольш адчувальна фінансавы крызіс ударыў па прадпрыемствах, якія вырабляюць дарагую прадукцыю машынабудаваньня. Кошт МАЗаў, БелАЗаў, менскіх трактараў вагаецца ад некалькіх дзясяткаў да сотняў тысячаў даляраў. На 90% такія зьдзелкі ажыцьцяўляюцца ў крэдыт. Са згортваньнем банкавага крэдытаваньня ў Расеі, ва Ўкраіне, іншых краінах-пакупніках беларускай прадукцыі экспарт самазвалаў і трактараў ужо зьнізіўся напалову. Цяпер сур’ёзна абмяркоўваецца пытаньне скарачэньня працоўнага тыдня на стратэгічных прадпрыемствах, бо няма патрэбы нават у той невялікай у параўнаньні з савецкімі часамі колькасьці тэхнікі, якая сыходзіць з канвэераў. Гаворыць дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан:

“У першую чаргу машынабудаваньне адчувае крызіс на сваіх спажыўцах. Дапусьцім, па грузавой тэхніцы лізінгавыя кампаніі і банкі ўзьнялі працэнтныя стаўкі да 20% гадавых, а то і болей. Пры такіх стаўках па крэдыце на набыцьцё тэхнікі ці па лізінгу гэта нерэнтабэльна. Таму нават заяўкі, якія рабілі заказчыкі, некаторыя прадпрыемствы ўжо адклікаюць, бо ня могуць крэдыт у банку ўзяць пад прымальныя ўмовы. Прыкладам, 25-тонны мазаўскі самазвал каштуе дзесьці 80 тысяч даляраў, цягач можа каштаваць тую ж суму, але ў эўра. Гэта вялікія грошы, і перавозчыкі намагаюцца браць іх у крэдыт ці ў лізінг (я кажу нават не пра замежных пакупнікоў, а пра беларускіх). Калі дзейнічаць па аналёгіі зь іншымі краінамі, у прыватнасьці, з Расеяй, то трэба рабіць захады, каб гэты лізінг і крэдыт для рэальнага сэктару дзяржава падтрымала нейкім чынам. Пакуль у гэтым сэнсе нічога не чуваць. Эканамісты ўсе ў разгубленасьці, нават ня могуць растлумачыць, што адбываецца, ня тое што прагнозы рабіць. Толькі гавораць пра нейкі крызіс ліквіднасьці, а такіх словаў ніводзін эканаміст, фінансіст на прадпрыемствах ня ведае, ім гэтая тэорыя не патрэбная. У іх проста не хапае грошай у абароце”.

Аднак, як лічыць дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў, дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Сяргей Маркаў, Беларусь усё ж застаецца ў лепшым становішчы, чым шмат якія расейскія вытворцы. На думку аналітыка, пасьля крызісу беларуская эканоміка, якая сур’ёзна падтрымліваецца дзяржавай, можа акрыяць нашмат хутчэй, чым кінутая на гасразьлік эканоміка Расеі:

“З аплатай сапраўды ёсьць складанасьці, бо плацяжы ажыцьцяўляюцца праз банкі, вельмі часта яны зьвязаныя з крэдытаваньнем і перакрэдытаваньнем. Тым ня меней я думаю, што будзе дзяржаўная дапамога; яна якраз палягае ў тым, каб даць магчымасьць выкруціцца з сытуацыі, ня даць магчымасьці спыніцца. Перакананы, што і ў
У Беларусі нават ёсьць магчымасьць выйграць ад крызісу.
Расеі, і ў Беларусі цудоўна ўсьведамляюць значэньне такіх гігантаў, як МТЗ і МАЗ, і не дазволяць гэтым сыстэмаўтваральным прадпрыемствам Беларусі стаць. А запатрабаванасьць у прадукцыі ёсьць. У Беларусі нават ёсьць магчымасьць выйграць ад крызісу. Справа ў тым, што ў беларусаў ёсьць канкурэнты, іншыя заводы, якія вырабляюць такога кшталту машыны, трактары. І якраз у іх праблемы значна большыя. У працэсе крызісу ўсе адчуваюць цяжкасьці, але рознай сілы. Адны ў выніку прайграюць і нават банкрутуюць, а іншыя, калі крызіс ужо міне, зоймуць больш выгадныя пазыцыі. І ў Беларусі ёсьць вельмі нядрэнныя шанцы, каб па выніках крызісу апынуцца хутчэй у выйгрышы”.

Крызіс ужо ўнёс карэктывы ў амбітныя пляны найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў — менскіх трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Дагэтуль на ўзроўні ўраду разглядаліся інвэстыцыйныя праекты стварэньня холдынгу на базе МАЗу з удзелам групы расейскіх кампаній. Прадэкляравана павелічэньне выпуску аўтамабіляў з 25 да 50 тысяч адзінак штогод. Гэтаксама на парадку дня стаяў значны скачок у аб’ёмах вырабу трактараў — ад 70 да 100 тысяч адзінак тэхнікі. Аднак цяпер галаўны боль — ня тое, дзе адшукаць рынкі пад амбітныя задумы, а тое, як прадаць ужо вырабленае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG