Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крызіс адкрывае перад Беларусьсю новыя магчымасьці”


Якія формы можа прыняць паляпшэньне адносінаў паміж Эўропай і афіцыйным Менскам? Чаму Злучаныя Штаты не зьнялі санкцыяў адносна Беларусі, як гэта зрабіў Эўразьвяз? Што азначае шэраг новых ініцыятываў у беларуска-расейскіх адносінах?


Над гэтымі тэмамі ў “Праскім акцэнце” разважаюць: экспэрт лёнданскай кампаніі Sovetnik Натальля Лешчанка, украінскі палітычны аналітык Віталь Портнікаў і аналітык нашага радыё Браян Уітмар. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Прапануем Вашай увазе адказы Натальлі Лешчанкі і Брайна Ўітмара.

Дракахруст: У мінулы панядзелак Эўразьвяз прыняў сэнсацыйнае рашэньне, прыпыніўшы на паўгода візавыя санкцыі , уведзеныя адносна беларускіх службовых асобаў, у тым ліку і адносна Аляксандра Лукашэнкі.

У панядзелак, выступаючы на мэмарыяле на месцы менскага гэта, кіраўнік Беларусі сказаў : “Я вельмі высока ацэньваю гэтыя крокі, яны ім няпроста даліся, улічваючы, што ў Эўразьвязе 27 краін. ...Эўропа зрабіла няхай і маленькі крок, паўкроку, але ён значны ...усялякія перашкоды для дыялёгу з ЭЗ зьнятыя”.

Ну, рашэньне Брусэлю па сутнасьці ўтрымлівае ня надта прыемныя для гонару афіцыйнага Менску моманты – візавыя санкцыі зьнятыя не з усіх, супраць каго яны ўводзіліся, з каго зьнятыя, дык зьнятыя толькі часова, захоўваюцца фінансавыя санкцыі адносна актываў тых беларускіх службовых асобаў, якіх на паўгода вырашылі пускаць у Эўропу. Тым ня менш Лукашэнка кажа пра высокую ацэнку? Чаму? Так патрэбная яму тая Эўропа? А што Эўропа можа прапанаваць Лукашэнку, акрамя дастаткова сымбалічнага прыпыненьня візавых санкцый?

Ідзе працэс аднаўленьня адносінаў, форум -- частка гэтага працэсу, выказваньні Лукашэнкі -- таксама
Лешчанка:
Я б ня стала тут праводзіць розьніцу -- альбо грошы, альбо сымбалі. Насамрэч гэта ўзаемазьвязаныя рэчы і калі мы гаворым пра інвэстыцыйны форум у Лёндане, то беларускі ўрад можна пахваліць за высілкі, але беларускія чыноўнікі павінны быць дастаткова рэалістычнымі ў чаканьні ад гэтага форуму вялікіх грошай і вялікіх угодаў. Ідзе працэс аднаўленьня адносінаў, форум -- частка гэтага працэсу, выказваньні Лукашэнкі -- таксама.

Вяртаючыся да Вашага першага пытаньня. Чакаць, каб Эўропа зьняла ўсе санкцыі, было б проста нерэалістычна. Гэтак жа, як Беларусі было б нерэалістычна чакаць шматмільярдных інвэстыцый на працягу бліжэйшых месяцаў. Размова ідзе аб паступовым збліжэньні. Мы ведаем, што беларускі прэзыдэнт шчодры на пахвалы, калі яму гэта выгадна. Ён відавочна бачыць выгады ад супрацоўніцтва з Эўропай. Відаць, нават ня мае сэнсу паўтараць агульнавядомы аргумэнт пра балянсаваньне паміж Захадам і Ўсходам. Але сапраўды зьяўляюцца магчымасьці, абодва бакі робяць асьцярожныя крокі. Чакаць большага было наіўна. Зараз галоўнае -- гэта не напалохаць працэс, каб абодва бакі захоўвалі халодную галаву і пакрысе рабілі сваю справу. Магчымасьці адкрываюцца.

гэта тыповыя, гістарычныя супярэчнасьці паміж Эўразьвязам і Злучанымі Штатамі
Дракахруст:
На гэтым жа тыдні намесьнік дзяржсакратара ЗША Дээвід Мэркэл паведаміў, што Вашынгтон не зьбіраецца сьледаваць за Эўразьвязам і скасоўваць санкцыі адносна Беларусі. Я нагадаю, што адносна Беларусі дзейнічаюць два віды амэрыканскіх санкцый: гэта візавыя і фінансавыя асабовыя санкцыі адносна вялікага кола беларускіх службовых асобаў – амэрыканскі “чорны сьпіс” значна даўжэйшы, чым эўрапейскі, а таксама эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў, што ўваходзяць у беларускі канцэрн “Белнафтахім”. Варта адзначыць, што яшчэ напярэдадні беларускіх выбараў амэрыканцы крыху зьнялі санкцыі адносна двух прадпрыемстваў “Белнафтахіму”. А пасьля выбараў амэрыканская лінія аказалася фактычна супрацьлеглай эўрапейскай. Чаму? Вось інтэрпрэтацыя , якую прапанаваў аналітык нашага радыё Браян Уітмар.

Уітмар
: Першае тлумачэньне -- гэта тыповыя, гістарычныя супярэчнасьці паміж Эўразьвязам і Злучанымі Штатамі. Амэрыканцы заўсёды больш агрэсіўныя і бескампрамісныя, а Эўропа -- больш гнуткая. Гэта паўтаралася шмат у якіх сытуацыях у гісторыі. Другое тлумачэньне -- гэта можа быць клясычнай гульняў і "добрага і кепскага" сьледчага. Вашынгтон проста хоча паглядзець, як Менск будзе паводзіць сябе пасьля ініцыятывы Брусэлю прыпыніць санкцыі. Калі паводзіны Менску палепшацца, Вашынгтон можа і скасаваць амэрыканскія санкцыі.

Я б чакаў, што адміністрацыя прэзыдэнта Маккэйна была б больш жорсткай адносна Беларусі, нават больш жорсткай, чым адміністрацыя Буша. А людзі з атачэньня Абамы, якія займаюцца зьнешняй палітыкай, належаць да "рэалістычнай" школы -- Зьбігнэў Бжэзінскі, Сьюзэн Райс, Майкл Макфол. Мэта была б той самай -- каб Беларусь стала дэмакратычнай дзяржавай і саюзьнікам Захаду. Але стратэгія была б іншай.

Натальля, а якія вашы адказы: чаму амэрыканцы не скасавалі санкцыі, як гэта зрабілі эўрапейцы, і пры якіх умовах магчымае скасаваньне амэрыканскіх санкцый у будучыні?

Лешчанка: Звычайна аналізуецца розьніца палітыкі ЗША і Эўропы адносна Беларусі. Але варта заўважыць, што і для Беларусі Эўропа і ЗША - гэта зусім розныя рэчы. Калі з Эўропай ёсьць і рэальная магчымасьць збліжэньня і пэрспэктыва рэальнай выгады ад яго, то Злучаныя Штаты ад Беларусі і далей і да таго ж гэта больш рызыкоўны партнэр з пункту гледжаньня напружаных адносінаў паміж ЗША і Расеяй. Так што калі для Беларусі гэта дастаткова розныя партнэры, то і стаўленьне іх да Беларусі цалкам лягічна рознае.

Тут трэба памятаць, што Злучаныя Штаты ў сваёй зьнешняй палітыцы адначасна і больш дагматычныя, і больш прагматычныя, у гэтым сэнсе іх можна параўноўваць з Расеяй. Існуе шэраг фактараў, паводле якіх з пункту гледжаньня ЗША зьняцьце санкцый было б немэтазгодным. Па-першае, патрэбная падстава. Калі Эўропу задаволіла вызваленьне палітвязьняў і некаторыя маленькія крокі ў заканадаўстве, то для ЗША патрэбныя больш дакладныя крокі, крокі, якія зараз Лукашэнка ня можа сабе дазволіць. Па-другое, перадвыбарчая сытуацыя ў ЗША, калі абодва кандыдата згодныя ў тым, што Расея будзе адной з важных праблемаў наступнай адміністрацыі, калі папросту кажучы Расея бачыцца як пагроза, зьняцьце санкцый адносна Беларусі, зьмякчэньне пазыцыі Вашынгтону не на карысьць ніводнаму з кандыдатаў. Так што няма ні падставы, ні неабходнасьці для зьняцьця санкцый. Ну а з беларускага боку няма належных крокаў.

Дракахруст:
На гэтым тыдні апазыцыя выпрацавала свае патрабаваньні да беларускай улады на тыя паўгода, пакуль будзе дзейнічаць, так бы мовіць, “выпрабавальны візавы дазвол” для беларускага кіраўніцтва. Гэтыя прапановы тычацца зьменаў у выбарчае заканадаўства, свабоды слова, рэгістрацыі партый і NGO, скасаваньня рэпрэсіўных артыкулаў крымінальнага кодэксу. На гэтым тыдні прадстаўнікі апазыцыі сустрэліся з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім, якому і выклалі свае прапановы. На Ваш погляд, якой будзе роля апазыцыі ў гэтым дыялёгу паміж Эўропай і афіцыйным Менскам, якой будзе яе роля ў межах гэтай новай палітыкі Брусэлю?

Для апазыцыі ўпершыню за 10 гадоў адкрываюцца рэальныя магчымасьці павялічыць сваю вагу ў грамадзтве
У маім мінулым “Акцэнце” кіраўнічка Віцебскай арганізацыі АГП Вольга Карач выказала такую ерэтычную думку: “Апазыцыі вельмі важна на гэтым этапе забыць пра Эўразьвяз, забыць пра Расею, забыць пра Амэрыку і павярнуцца тварам да свайго народу”.
А можа і сапраўды так? А можа наадварот – патрэбныя яшчэ большыя, чым раней, высілкі на “дыпляматычнай” ніве, каб захаваць свой уплыў на Эўропу, якая , на думку значнай часткі апазыцыі , ёй здрадзіла?

Лешчанка: Для апазыцыі ўпершыню за 10 гадоў адкрываюцца рэальныя магчымасьці павялічыць сваю вагу ў грамадзтве. Страчваць такія магчымасьці было б вельмі глупа. Аднак сытуацыя патрабуе ад апазыцыі нашмат больш сур’ёзных дзеяньняў, чым тое, чым яны займаліся многія гады. З 1996 году апазыцыя проста тлумачыла Захаду, чаму яна ня можа працаваць. Зараз нарэшце яны могуць пры дапамозе Эўразьвязу гэтае паляпшэньне асяродзьдзя атрымаць. Але за гэтыя гады яны маглі забыць, навошта яны ўсё гэта робяць.

Зараз ім вельмі важна ад размоваў пра тое, што ўсё кепска, што няма чым дыхаць , перайсьці да справы, да таго, пра што, відаць, казала ўдзельніца Вашай папярэдняй перадачы. Такіх добрых умоваў, як зараз, для апазыцыі не было яшчэ ніколі. Але ім зараз нашмат цяжэй, бо трэба прыгадаць, навошта яны ўсё гэта робяць, і прапанаваць народу рэальную праграму і здолець загаварыць з народам, іншымі словамі, апраўдаць сябе як апазыцыю, як палітычную сілу. Гэта складана, але ў рэшце гэта менавіта тое, дзеля чаго гэтыя людзі калісьці ўступілі на шлях гэтай дзейнасьці.

Дракахруст: Натальля, часам гаворыцца пра хуткі крах беларускай эканамічнай мадэлі, асабліва ў сувязі з усясьветным крызысам. Сапраўды, невядома , чым гэты крызыс скончыцца і ці не прыхлопне ён усю гэтую прыгажосьць беларускай эканамічнай мадэлі. Зь іншага боку, можа прыгадаць шмат упэўненых прагнозаў, якія гучалі на працягу ўсіх апошніх 14 гадоў, што гэтаму рэжыму і гэтай эканамічнай мадэлі засталіся апошнія гады, што ён вось-вось лясьне. Але 14 гадоў прайшлі, а "ляск" дагэтуль не адбыўся.

Днямі МВФ выдаў агляд эканамічнай сытуацыі ў эўрапейскіх краінах. Дык вось паводле Фонду і сёлета і ў наступным годзе рост валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі будзе самым высокім у Эўропе. Можа і ня самы важны паказчык, але вось так атрымліваецца. Дык як наконт краху, Натальля?

Лешчанка: Зараз модна казаць пра крызыс, як пра нешта жахлівае. Аднак крызыс можна разглядаць як час новых магчымасьцяў. У тым ліку для беларускага ўраду, і для людзей, якія хочуць рабіць грошы ў Беларусі. Старыя інстытуты, эканамічныя аўтарытэты размываюцца, фінансавыя прадукты губляюць сваю каштоўнасьць, увага ізноў вяртаецца ў рэальны сэктар эканомікі, да нейкіх простых стабільных рэчаў, якія можна памацаць рукамі. Зьяўляюцца добрыя магчымасьці для зьяўленьня новых эканамічных цэнтраў. У Расеі некаторыя рэгіёны вельмі шчыльна займаюцца гэтым, напрыклад, Татарстан.

Сутнасьць у тым, што крызыс адчыняе перад Беларусьсю "вакно магчымасьцяў" паспрабаваць разьвіць сваю эканоміку за кошт таго, што многія ўрады і карпарацыі на Захадзе разгубленыя, ёсьць грошы , але невядома куды іх укладаць
Вяртаючыся да лёнданскага інвэстыцыйнага форуму, я хачу нагадаць ягоныя лёзунгі -- Беларусь -- новыя магчымасьці ў Эўропе, новы цэнтар, калі заўгодна, для інвэстыцый і разьвіцьця. Казаць , што Беларусь можа прапанаваць сьвету новую мадэль эканамічнага разьвіцьця было б глупа. Сьветам усё ж такі кіруе капіталізм і будзе працягваць кіраваць, хаця дзяржаўнае рэгуляваньне ў эканоміцы ўзмацніцца. Сутнасьць у тым, што крызыс адчыняе перад Беларусьсю "вакно магчымасьцяў" паспрабаваць разьвіць сваю эканоміку за кошт таго, што многія ўрады і карпарацыі на Захадзе разгубленыя, ёсьць грошы , але невядома куды іх укладаць. Можна скарыстацца гэтым і наладзіць сувязі з Захадам, а не канцэнтравацца на пытаньні, якая там мадэль і як яна працуе.

Дракахруст: На мінулым тыдні цэлы шэраг важных падзеяў адбыўся і на “ўсходнім фронце” беларускай палітыкі. Лукашэнка на Радзе бясьпекі выступіў з рэзкімі антызаходнімі заявамі і пацьвердзіў, што Беларусь згодная ўтварыць з Расеяй адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны. У мінулую пятніцу зьявілася паведамленьне пра тое, што праект канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, які ўзгаднялі 9 гадоў, нарэшце ўзгаднілі, і разгледзяць на наступнай беларуска-расейскай сустрэчы на вышэйшым узроўні. Ну і ўжо на гэтым тыдні расейскі міністар фінансаў Аляксей Кудрын паведаміў, што Расея нарэшце вырашыла даць Беларусі крэдыт у 2 мільярды даляраў. Крызыс, фінансавыя рынкі ў Расеі валяцца, а тут – такі шчодры жэст. Нагадаю, што размовы пра гэты крэдыт пачаліся ў мінулым сьнежні, падчас візыту ў Менск яшчэ тады прэзыдэнта Расеі Пуціна. Ну вось і патрыярх Алексій ІІ ў гэты чацьвер, упершыню за апошнія 6 гадоў, прыехаў з пастырскім візытам у Беларусь. Гэтая ажыўленьне ўсходняй палітыкі Менску, ці можа правільней сказаць, новыя ініцыятывы Масквы адносна Беларусі – што яны азначаюць? І як гэтыя крокі зьвязана з новай палітыкай Эўразьвязу адносна Беларусі?

Лешчанка: Не будзем паўтараць звыклыя аргумэнты пра саперніцтва Расеі і Эўропы. Я прапаную паглядзець на сытуацыю крыху інакш. Мы хутка будзем мець сытуацыю "чыстай дошкі" ня толькі адносна ўсясьветнай фінансавай сыстэмы, але і сыстэмы міжнародных адносінаў. Ужо стала зразумела, што пасьляваенная сыстэма перабудоўваецца і ўзьнікае нешта новае. Расея зараз вельмі актывізуе сваю прысутнасьць на міжнароднай арэне, гэта бачна ня толькі адносна Беларусі. У іх ёсьць ўпэўненасьць, інтарэс і ўсьведамленьне неабходнасьці. Таму нават калі некаторыя рэчы не працавалі ў мінулыя 10 гадоў, яны могуць спрацаваць зараз. Я б ня стала тлумачыць гэтыя крокі заігрываньнем беларускага ўраду з Эўропай , а больш рашучасьцю Крамля і Расеі.


Поўны тэкст "Праскага акцэнту" пазьней на нашым
сайце
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG