Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не паверыў у выпраўленьне Рамана Менцюка на волі


Раман Мянцюк
Раман Мянцюк
Менскі раёны суд прызнаў 28-гадовага Рамана Менцюка вінаватым і накіраваў у калёнію. Адвакат асуджанага кажа пра занадта суровае пакараньне, а сам Раман Мянцюк абвясьціў галадоўку.

5 гадоў калёніі агульнага рэжыму — такое пакараньне вызначыў судзьдзя Менскага раённага суду Сяргей Афонскі жыхару Маладэчна Раману Менцюку.

Нагадаю, Мянцюк быў тым кіроўцам, якога 2 сакавіка міліцыянты спынялі «жывым шчытом» з прыватных аўтамабіляў на ўезьдзе ў Менск з боку Слуцку. У чэрвені двух супрацоўнікаў ДАІ — Дарагакупца і Ліхтаровіча — суд прызнаў вінаватымі ў стварэньні «жывога шчыта» і пакараў умоўным зьняволеньнем.

Адвакатка Алена Майсеня
Менцюку за кіраваньне аўтамабілем у п’яным стане давядзецца адбываць рэальнае пакараньне — у тым выпадку, калі ягоную скаргу на прысуд не задаволіць Менскі абласны суд. Тое, што гэткая скарга будзе пададзеная, ужо вырашана, паведаміла адвакатка Менцюка Алена Майсеня.

Сам Мянцюк заявіў пра галадоўку і назваў суд «незаконным». Вось ягоныя камэнтары на прысуд з жалезнай клеткі: «Адмаўляюся ад ежы, бо лічу далейшае жыцьцё бессэнсоўным. Прысуд буду абскарджваць абавязкова».

У апошнім слове Раман Мянцюк прасіў не караць яго зьняволеньнем, а даць умоўны тэрмін, абяцаючы выправіцца і працай зарабляць грошы для кампэнсацыі стратаў. Таксама Мянцюк згадваў, што праз два месяцы ён стане бацькам.

Выступае пракурор Аляксандар Нікулін
Аднак пракурор Аляксандар Нікулін настойваў на 5 гадах калёніі для абвінавачанага. На думку пракурора, Мянцюк не раскаяўся, а спрабаваў расчуліць суд сваімі выбачэньнямі.

Потым для Радыё Свабода дзяржаўны абвінаваўца Нікулін выказаў вэрсію, што Мянцюк наўмысна накіраваў свой аўтамабіль на «жывы шчыт», каб гэтак скончыць з жыцьцём.

Судзьдзя Сяргей Афонскі зачытвае прысуд
«Па-першае, ён быў нецьвярозы, а па другое — зразумеў, што панясе адказнасьць, а жыцьцё для яго нічога ня значыла».

Тэма «жывога шчыта» прагучала і ў выступе ў судовых спрэчках адвакаткі Алены Майсені. Адвакатка даводзіла, што непасрэдна ў «жывым шчыце» вінаваты не Мянцюк, а супрацоўнікі ДАІ, якія ўжо пакараныя. Пасьля прысуду адвакатка казала, што ён занадта суровы, і ня выключыла помсты Менцюку з боку міліцыі.

«Пакараньне павінна было быць не зьвязанае з пазбаўленьнем волі, бо ня ён адзіны вінаваты ў тым, што здарылася пры ягоным затрыманьні. Я маю на ўвазе «жывы шчыт».



Пацярпелы ў аварыі Юры Пашкевіч гэтак пракамэнтаваў прысуд Раману Менцюку:

Жонка Рамана Менцюка Вольга праз два месяцы народзіць дзіця
«Мы, вядома, чакалі гады 3–4. Звычайна ў нас калі пракурор просіць 5, судзьдзя дае на год-два меней. Але, відаць, заслужыў чалавек. Сваімі паводзінамі, тым, што ён уцёк і хаваўся».

Жонка Рамана Менцюка Вольга адмовілася камэнтаваць прысуд мужу. Заўтра, 30 кастрычніка, яе саму будуць судзіць у Менскім раённым судзе. Яе абвінавачваюць у перадачы руля аўтамабіля нецьвярозаму, які да таго ж ня меў правоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG