Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму застрэліўся сьледчы Папін?


Сьледчы ў справе “жывога шчыта” В. Папін вёў і палітычныя справы.


Пра гэта нагадаў былы палітвязень Аляксей Шыдлоўскі, які папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі і зараз знаходзіцца ў гэтай краіне. Паводле Аляксея Шыдлоўскага, сьледчы Васіль Папін у 1997 годзе вёў справу пра палітычныя графіці ў Стоўбцах, у выніку чаго былі асуджаныя моладзевыя актывісты Аляксей Шыдлоўскі і Вадзім Лабковіч.

Аляксей Шыдлоўскі
“Сьледчы Папін фактычна фабрыкаваў гэтую справу і пасьля гэтага пайшоў са Стоўбцаў на падвышэньне ў Менск. Ён падчас сьледзтва і не хаваў, што працуе на замову. Маральных прынцыпаў, па-мойму, ён ня меў ніякіх. Гэтак мяркуе шмат хто ў Стоўбцах, дзе я і ён нарадзіліся”, — згадвае Аляксей Шыдлоўскі.

28 кастрычніка стала вядома, што два месяцы таму сьледчы Васіль Папін застрэліўся ў сваім кабінэце з табэльнага пісталету. У Менскай абласной пракуратуры, дзе ён працаваў, прычын суіцыду не камэнтуюць. Між тым, паводле крыніц у міліцыі, самагубства сьледчага пракуратуры “нібыта зьвязана з грашыма”.

Адзін з пацярпелых у справе “жывога шчыта” Юры Пашкевіч згадвае пра Васіля Папіна: “Што да мяне, як сьледчы ён праявіў сябе зь лепшага боку. Добра арганізаваў сьледчы экспэрымэнт, быў вельмі адказным і ўважлівым да ўсіх дробязяў. Ужо пасьля суду званіў і цікавіўся, як ідуць справы, ці атрымалі мы кампэнсацыю. Мы сапраўды шкадуем. Мая жонка, калі даведалася пра ягоную сьмерць, не стрымала сьлёз”.

Нагадаем, за стварэньне “жывога шчыта” з прыватных аўтамабіляў Менскім раённым судом былі асуджаныя да ўмоўнага зьняволеньня былыя супрацоўнікі ДАІ Аляксей Ліхтаровіч і Генадзь Дарагакупец. Між тым, паводле пацярпелых, акрамя іх “жывы шчыт” стваралі яшчэ два міліцыянты, якія ў выніку аказаліся сьведкамі. Ня вызначыў суд і кіраўнікоў ДАІ, якія аддавалі падначаленым непрафэсійны загад спыніць парушальніка заслонай з прыватных аўто.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG