Паводле лідэра стваранага руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, візыт быў вельмі эфэктыўным і плённым. На пытаньне, ці ўдалося сябрам дэлегацыі выказаць агульны падыход, спадар Мілінкевіч адзначыў, што ўсе выказаліся за неабходнасьць дыялёгу, які найперш патрэбны беларускаму народу.
“Што да тэмпаў дыялёгу, тэмпаў паслабленьняў, крокаў, хто мае першы рабіць, хто другі, даваць ці не даваць гэтую візу для Аляксандра Лукашэнкі ў Эўропу — тут ёсьць дыскусіі. Я не лічу іх прынцыповымі. Прынцыпова тое, што Беларусь вельмі зацікаўлена ў эканамічным, гандлёвым і таксама палітычным супрацоўніцтве з Эўропай. І тут розных думак няма. Я думаю, што Польшча застанецца і надалей вельмі актыўнай краінай. Польшчы вельмі важна, каб мы былі прадказальнай і, безумоўна, дэмакратычнай краінай”.
Паводле спадара Мілінкевіча, польскі бок будзе актыўна выступаць за зьмякчэньне візавага рэжыму для беларусаў і памяншэньне кошту візаў.
“І на гэты раз, я думаю, і краіны старой Эўропы гэта таксама падтрымаюць. Ёсьць добры шанец таго, што беларусы будуць мець лепшыя магчымасьці, каб прыяжджаць у Эўразьвяз”.
Спадар Мілінкевіч чакае перамоваў паміж Эўразьвязам і беларускім урадам, у якіх павінна браць удзел апазыцыя, кансалідуючыся з Эўразьвязам.
“Там павінны быць расьпісаны канкрэтныя крокі: хто што робіць. Беларускі ўрад мае найперш да канца давесьці першы пункт з 12 умоваў — па “справе 14-ці”, па справе 18-ці студэнтаў, якія ня могуць прыехаць дахаты, бо супраць іх крымінальныя справы і яшчэ ня скончаны палітычны перасьлед. Безумоўна, вольныя мэдыі — гэта вельмі важная справа. І эканамічнае супрацоўніцтва з боку ЭЗ, найперш удзел у праграмах добрасуседзтва. У гэтым годзе мы наўрад ці пасьпеем, але ў наступным годзе гэтыя праграмы павінны шырока разгарнуцца”.