“Я разумеў важнасьць гэтай падзеі, бо перамены ўжо насьпявалі і гэта адчувалася. Усё вісела ў паветры.
Перад гэтым адбываліся вельмі важныя падзеі, зьвязаныя з адкрыцьцём і распаўсюджаньнем інфармацыі пра Курапаты. Трэба было і праз гэтыя падзеі паўплываць, каб урадавая камісія зрабіла адпаведнае заключэньне, абнародаванае. Я з сабой узяў магнітафон вялікіх памераў і вялікі фотаапарат “Зэніт”. Гэты адкрыты пратэст быў для нас сапраўдным подзьвігам. Калі мы падышлі да Ўсходніх могілак, я ўбачыў вялікую колькасьць людзей. Я ўбачыў, як некаторых пачалі з натоўпу выхопліваць і цягнулі ў нейкія машыны ці акружалі нейкія невядомыя людзі. Я бачыў, як хапалі людзей, якія спрабавалі нешта фатаграфаваць.
У памяць урэзалася, калі пачалі ціснуць людзей і труціць газам ля ўваходу на могілкі, я бачыў, як людзі акружылі Зянона, стараліся яму дапамагчы. Ён быў узрушаны, бледны. Яго вывелі з натоўпу.
Потым усё шэсьце рушыла ўздоўж дарогі, па кар’еру, на Курапаты. Спыніліся ў нейкім катлаване, калі зразумелі, што ў Курапаты не пусьцяць. Пачаўся мітынг і быў страшэнны холад, моцны халодны вецер, ішоў дробны сьнег. І калі пачалі акружаць людзей, людзі селі на зямлю, каб заслухаць адозвы аргкамітэту “Мартыралёгу”.
Калі людзі нібы згрувасьціліся ў гэтай яме, нехта падняў невялікі бел-чырвона-белы сьцяжок. І я пасьпеў сфатаграфаваць гэты момант. І пасьля гэтага рушылі вайскоўцы.
Калі ж гаварылі і Зянон, і Арлоў, я запісваў на магнітафон. У мяне захаваўся гэты запіс, можа, не зусім якасны, бо гэты запіс перарываўся людзьмі, якія ўвесь час вымушаныя былі рухацца ў бакі, бо з усіх бакоў вайскоўцы акружалі, ціснулі. І здымкаў я зрабіў недзе 5-ці 6. Я меркаваў, што цэлую стужку здыму, але на маіх вачах у людзей адбіралі фотаапараты і ганялі іх за гэта”.
УСПОМНІ ДЗЯДЫ-1988