Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Беленькі: Пункт адліку, зь якога рушылі да незалежнасьці


30 кастрычніка споўніцца 20 гадоў ад моманту першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў “Дзяды”, жорстка разагнанай праваахоўнымі органамі. Пра гэтую падзею ўзгадвае выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ на Беларусі, адзін з арганізатараў акцыі Юрась Беленькі:


“Я ў той час ужо быў у складзе “Талакі”, мы актыўна займаліся арганізацыяй “Дзядоў”. Мне было 28 гадоў, з пазыцыі сёньняшняга дня — яшчэ малады чалавек; сам асабіста распаўсюджваў улёткі, памятаю, адну прыклеіў нават на дзьвярах апорнага пункту міліцыі.


Сама падзея, канечне, мела выключнае значэньне ня толькі для мяне як для асобы — найперш у эмацыйным пляне, у пляне пераасэнсаваньня таго, што ёсьць, адбываецца ў грамадзтве. Яна была прынцыповай для ўсіх беларусаў, для народу беларускага і для наступнай гісторыі. Бо менавіта ў гэты дзень, як дакладна калісьці была зроблена ацэнка Зянонам Пазьняком, падчас гэтай падзеі адбылася трансфармацыя проста натоўпу ў народ. Я б сказаў, адбылася крышталізацыя нацыянальна-вызвольнага руху — Беларускага Народнага Фронту, і адбылося вылучэньне лідэрам Зянона Пазьняка.

Увогуле гэта быў комплекс падзеяў — ад моманту, калі ўзарваў нашае грамадзтва артыкул Зянона Пазьняка ў “ЛіМе” — “Курапаты. Дарога сьмерці”, абвяшчэньне аргкамітэту Фронту. Нарэшце, лягічнае завяршэньне гэтага працэсу адбылося тады, калі мы з Маскоўскіх могілак рушылі на Курапаты. Прычым гэта не было заплянавана. Перадгісторыя “Дзядоў”, зноў хачу паўтарыцца, — гэта апублікаваньне артыкула Зянона Пазьняка. І пэўным адказам уладаў на гэта была брутальна ўжытая сіла: вадамёты, каскі-сфэры, аўтаматчыкі, шчыты. Дагэтуль ніхто з нас гэтага ня бачыў, ад савецкага грамадзяніна гэта ўсё было схавана. І тут раптам такая канцэнтрацыя сілы, ужываньне газу! Як і іншыя, таксама ўпершыню адчуў “водар” так званай “чаромхі”.

Кульмінацыйным момантам, калі мы рушылі на Курапаты і там ужо нас дагналі і атачылі машыны, быў выступ Зянона Пазьняка. Ён стаў гаварыць, нас шчыльна акружылі міліцыянты. Нехта сказаў: “Сядайце, каб было ўсім бачна”. Хто прысеў на кукішкі, хто на калені; пайшоў буйны сьнег. Тады Зянон зьвярнуўся і да міліцыянтаў: “Вы ж таксама сыны Беларусі!” Гэта крыху зьняло напружанасьць.

І вось гэтая яскравая прамова Пазьняка, сама сытуацыя — буйны сьнег, атачэньне вакол нас, людзі слухаюць — гэта быў кульмінацыйны момант і стварэньня Фронту, і вылучэньня з глыбіняў нацыянальна-вызвольных настрояў, нацыянальна-вызвольных памкненьняў беларусаў свайго лідэра — Зянона Пазьняка. Такім лідэрам ён ёсьць і да гэтай пары.

30 кастрычніка 1988 году — гэта і момант нараджэньня Фронту, і пункт адліку, зь якога мы рушылі да нашай незалежнасьці. Гэта сапраўды быў момант, які зьмяніў нашае грамадзтва. Менавіта такія ў мяне адчуваньні”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG