Мітынг 30 кастрычніка 1988 году быў гвалтоўна разагнаны. Палітык Вінцук Вячорка быў адным з арганізатараў акцыі ў складзе аргкамітэту для стварэньня Беларускага народнага фронту, а таксама як актывіст моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Талака”. Сёньня ён згадвае Дзяды-1988:
“Што мяне ўразіла менавіта падчас самой акцыі, то гэта дзьве рэчы. Па-першае, панічны страх уладаў, якія перакрылі даезд на мэтро, якія перахоплівалі людзей па дарозе да месца збору пры ўваходзе Ўсходніх могілак.
Мяне, да прыкладу, схапілі, калі я пераходзіў вуліцу Каліноўскага — цывільныя людзі павалаклі ў непрыкметныя жыгулі. І толькі дзякуючы паэту Алесю Емяльянаву, які ўжо нябожчык, а таксама іншым людзям мяне ўдалося адбіць. Мяне вывалаклі адтуль, і я “агародамі”, абходнымі шляхамі вакол могілак далучыўся да рэшты народу.
Што мяне яшчэ ўразіла і зьдзівіла — наколькі людзі, якія сабраліся там, былі начытанымі, інфармацыйна падрыхтаванымі да выказваньня сваіх думак. Да прыкладу, скандаваць “Вандэя” на адрас узброеных газам міліцыянтаў маглі толькі людзі, якія ўважліва чыталі Алеся Адамовіча, ягоную бліскучую публіцыстыку.
Ну і, вядома, неверагодная самадысцыпліна людзей. Прагучаў заклік — сядаем — і ўсе паселі. Гэта было на гары, справа ад Курапацкага лесу. Не было ніякіх ні нецьвярозых, ні нейкіх непатрэбных воклічаў, усё было надзвычай годна і зьяднана.
Так паўставала адроджаная беларуская нацыя. Тыя “Дзяды” былі ня толькі актам ушанаваньня ахвяраў у Курапатах. Гэта была сапраўды масавая падзея, якая набыла агульнанацыянальны розгалас. І дзякуючы якой, у вялікай ступені, і паўстаў Беларускі народны фронт як агульнанацыянальная зьява, якая стварыла ўмовы для аднаўленьня нашай незалежнасьці”.